Былы кандыдат паскардзіўся на выбарчае заканадаўства дэпутату
Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч 16 красавіка пабываў на прыёме дэпутата Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Віктара Пінчука.
Падчас сустрэчы з дэпутатам Валерый Каранкевіч падняў шэраг пытанняў аб неабходнасці ўдасканалення выбарчага заканадаўства ў нашай краіне, а таксама закрануў іншыя хвалюючыя жыхароў Хоцімска пытанні.
“Мне распавялі, што дэпутат Савета Рэспублікі ад нашага рэгіёна Віктар Пінчук праводзіць 16 красавіка выязны прыём грамадзян у Хоцімску, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Я вырашыў з ім сустрэцца, каб падняць пытанні недасканаласці выбарчага заканадаўства ў нашай краіне. Неабходна адзначыць, што мне без праблем удалося патрапіць на прыём да Віктара Пінчука, бо я знаёмы з ім асасабіста, напрыканцы 80-х мы разам працавалі ў Магілёўскім раёне – ён у райаграпраме, а я дырэктарам мясцовай гаспадаркі.
Гутарка з дэпутатам Савета Рэспублікі атрымалася канструктыўнай, я распавёў яму пра свае прыгоды падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы, а таксама выказаў яму свае меркаванні аб неабходнасці ўнясення зменаў у выбарчае заканадаўства. У прыватнасці, адзначыў, што пасля ўнясення апошніх зменаў у Выбарчы кодэкс замест палёгкі атрымалася ўскладненне – кандыдату ў дэпутаты патрэбна падаваць у камісію процьму разнастайных паперак невядома для чаго. Даходзіць да ідыятызму – за праўладных кандыдатаў у дэпутаты гэтыя дакументы збіраюць райвыканкамаўскія чыноўнікі.
Таксама я агучыў Віктару Пінчуку прапанову аб тым, каб прадстаўнікі зарэгістраванага кандыдата ў дэпутаты абавязкова ўключаліся ў склад выбарчых камісій і маглі ўдзельнічаць у іх працы.
Ну і, нарэшце, падняў пытанне аб неабходнасці перагляду выбарчага заканадаўства па пытаннях абскарджвання вынікаў галасавання, прапанаваў ініцыяваць павелічэнне тэрмінаў абскарджвання выбараў да месяца пасля дня галасавання”.
Па словах спадара Каранкевіча, дэпутат Савета Рэспублікі ўважліва выслухаў гэтыя яго прапановы і паабяцаў, хоць гэта і не зусім яго кампетэнцыя, разабрацца, што магчыма зрабіць для іх вырашэння.
“Адзіная прапанова, якую Пінчук не захацеў нават нейкім чынам абмяркоўваць, - гэта пытанне аб неабходнасці арганізацыі прамых выбараў старшынь выканаўчых камітэтаў мясцовых Саветаў”, - кажа Валерый Каранкевіч.
Грамадскі актывіст адзначае, што зараз ён падрыхтоўвае свае пісьмовыя прапановы аб неабходнасці ўдасканалення выбарчага заканадаўства, а пасля накіруе іх непасрэдна старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”