Крычаўская раёнка піша, што старшыняў мясцовых Саветаў не выбіраюць, а прызначаюць
Крычаўская раённая газета “Крычаўская жыццё” у нумары ад 16 красавіка на першай старонцы ў рубыцы “У райвыканкаме” змясціла інфармацыйны матэрыял “Два прызначэнні”, у якім распавяла пра прызначэнні старшынь мясцовых Саветаў.
У прыватнасці, газета паведаміла: “Два прызначэнні адбыліся на мінулым тыдні. Аб гэтым паведаміў старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Сысоеў на пачатку апаратнай нарады: старшынёй раённага Савета дэпататаў – Таццяна Марачкава, старшынёй Лабковіцкага сельскага Савета – Сяргей Таўпыга”.
Як вядома, згодна дзеючага заканадаўства нашай краіны, старшыні мясцовых Саветаў не прызначаюцца, а абіраюцца шляхам галасавання дэпутатаў адпаведнага Савета. Павінна ведаць гэта і рэдакцыя “Крычаўскага жыцця”, бо ў папярэднім нумары газеты ад 12 красавіка ў матэрыяле “Дэпутацкі корпус пачаў сваю працу” рэдактар газеты Т. Іўкіна пісала пра тое, што “патаемным галасаваннем старшынёй Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў аднагалосна абрана Таццяна Марачкова”.
Аднак ужо ў наступным нумары газета зрабіла важкае прызнанне – старшыняў Саветаў у Крычаўскім раёне не абіраюць, а прызначаюць.
І не так важна, хто зрабіў гэтую своеасаблівую “агаворку па Фрэйду” – старшыня Крычаўскага райвыканкама Васіль Сысоеў альбо журналістка Т. Пятрова, чыім прозвішчам падпісаны матэрыял у газеце. Галоўнае, што ён утрымлівае праўдзівую інфармацыю – старшыні мясцовых Саветаў у нашай краіне не абіраюцца, а прызначаюцца органамі выканаўчай улады.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”