Брэсцкі абласны суд разгледзіць скаргу Мікалая Чарнавуса
Экс-кандыдат ў дэпутаты Мікалай Чарнавус 23 красавіка атрымаў з суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы паведамленне за подпісам намесніка старшыні суда Святланы Снежка і суддзі Жанны Капачэўскай аб тым, што матэрыялы па яго прыватнай скарзе накіроўваюцца ў Брэсцкі абласны суд. У гэтым жа лісце паведамлецца, што пасяджэнне Брэскага абласнога суда адбудзецца 5 мая аб 11-ай гадзіне па адрасе: г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 41.
– Я звярнуўся са скаргай ў гарадскі суд на незаконныя дзеянні старшыні Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 21 Ларысы Антонавай, якая зрабіла ўсё, каб не дапусціць мой выступ на баранавіцкім радыё. Аднак суддзя Жанна Капачэўская адмовілася разглядаць маю скаргу на дзеянні старшыні выбарчай камісіі ў сувязі з яе непадлегласцю суду. Таму я звярнуўся ў Брэсцкі абласны суд і буду яго прасіць прыцягнуць да адказнасці былую старшыню камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 21 Ларысу Антонаву за парушэнне выбарчага заканадаўства, – пракаментаваў Мікалай Чарнавус.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”