Аляксей Паўлоўскі дабіваецца адказнасці для хуліганаў, якія пабілі яго падчас выбараў
Экс-кандыдат у дэпутаты мясцовых Саветаў кажа, што міліцыя спрабуе замяць гэты інцыдэнт усімі магчымымі спосабамі.
У сакавіку бягучага года Аляксей Паўлоўскі распаўсюджваў свае агітацыйныя улёткі. У адным з магілёўскіх дамоў па вуліцы Грышына на яго напаў мужчына, які пачаў яго збіваць і заломваць рукі. Калі сутычка скончылася, кандыдат у дэпутаты выклікаў міліцыю, які сфатаграфаваў на свой мабільны тэлефон асоб, якія яго збівалі, і даў прозвішчы і кантакты сведак, якія бачылі, як адбываўся канфлікт. Затым Паўлоўскі ў цэнтры судмедэкспертызы зняў пабоі.
Тым часам міліцыянты не здолелі выявіць, што дадзены інцыдэнт меў месца і адміністрацыйная справа, заведзеная прыехаўшымі на месца здарэння міліцыянтамі, была спынена.
“Я абскардзіў гэтае рашэнне ў вышэйстаячай інстанцыі, аднак у адказе, які мне прыйшоў, было адзначана, што я прапусціў тэрміны на абскарджанне. Але гэта няпраўда. Калі разгляд скаргі на збіўшых мяне хуліганаў быў спынены, то я адразу ж напісаў скаргу ва ўпраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама. Як аказалася, скаргу трэба было пісаць на імя начальніка Ленінскага РАУСа. У адказе з РАУСа было дакладна прапісана – абскарджваць у вышэйстаячую інстанцыю, аднак, што гэтай інстанцыяй з’яўляецца начальнік РАУСа, я не ведаў”, - кажа Паўлоўскі.
У сувязі з неканкрэтна пазначанай у адказе з Ленінскага РАУСа “вышэйстаячай інастнацыяй”, неабгрунтаваным спыненнем адміністрацыйнай справы з нагоды збіцця экс-кандыдата ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, а таксама неабходнасцю аднавіць прапушчаныя тэрміны на абскарджанне спынення міліцыяй адміністрацыйнай справы Паўлоўскі падрыхтаваў скаргу ў Магілёўскую абласную пракуратуру.