viasna on patreon

Міклаш Харасці: “Беларусь: праваабаронца Алесь Бяляцкі вызвалены, але іншыя палітычныя зняволеныя застаюцца ў турме”

2014 2014-06-25T18:55:00+0300 2014-06-25T17:04:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/miklash_harashci.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міклаш Харасці, спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

Міклаш Харасці, спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

Жэнева, 24 чэрвеня 2014 года

Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці вітае вызваленне з турмы праваабаронцы Алеся Бяляцкага, але заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і іх поўнай рэабілітацыі.

Бяляцкі, заснавальнік Праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэат розных прэмій у галіне правоў чалавека і намінант на Нобелеўскую прэмію міру, быў прысуджаны ў лістападзе 2011 года за ўхіленне ад выплаты падаткаў да чатырох з паловай гадоў турэмнага зняволення і канфіскацыі маёмасці.

“На самой справе, сфабрыкаваныя абвінавачванні супраць Бяляцкага былі наўпрост звязаныя з тым, што дзейнасць НДА ў значнай ступені абмежаваная праз перашкоды ў доступе да фінансавання”, — сказаў незалежны эксперт.

“Вясна”, якая аказвала юрыдычную дапамогу беларусам, затрыманым або зняволеным у выніку рэпрэсій супраць актывістаў і журналістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, неаднаразова спрабавала перарэгістравацца пасля ліквідацыі рашэннем Вярхоўнага суда ў 2003 годзе. У выніку, “Вясне” не было дазволена мець рахунак у банку ў Беларусі, і Бяляцкі быў вымушаны трымаць рахункі за мяжой. Менавіта гэта было выкарыстана ўладамі, каб абвінаваціць яго ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Спецыяльны дакладчык звярнуў увагу на сістэмныя парушэнні права на свабоду аб’яднанняў, у прыватнасці, абмежавальныя законы, якія датычацца рэгістрацыі і дзейнасці няўрадавых арганізацый (НДА) і крымінальнае пакаранне за сяброўства ў незарэгістраваных НДА.

“Беларусь павінна выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы ў дачыненні да свабоды аб’яднанняў і стварыць умовы, каб гарантаваць праваабаронцам магчымасць выконваць сваю працу ў спакойнай і бяспечнай абстаноўцы”, — сказаў Харасці, выказваючы занепакоенасць тым, што “Вясне”, адной з найбуйнейшых няўрадавых арганізацый у краіне, паслядоўна адмаўлялі ў рэгістрацыі.

Беларускае заканадаўства ў сферы НДА прадугледжвае працяглую і складаную працэдуру рэгістрацыі, забараняе дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў і прадугледжвае крымінальную адказнасць за сяброўства ў такіх арганізацыях.

“Сістэматычныя абмежавальныя законы Беларусі, звязаныя з рэгістрацыяй і дзейнасцю арганізацый грамадзянскай супольнасці, павінны быць неадкладна перагледжаныя”, — сказаў Спецыяльны дакладчык.

Ён таксама звярнуў увагу на становішча тых, хто застаецца ў зняволенні. “Як і шэраг іншых апанентаў рэжыму і актывістаў, прысуды якім, як аказалася, былі палітычна матываванымі, Бяляцкі зазнаў псіхалагічны і фізічны ціск, знаходзячыся ў зняволенні, і некалькі разоў стаў ахваряй адвольных дысцыплінарных пакаранняў за нібыта парушэнне правілаў рэжыму папраўчай калоніі”, — сказаў Спецыяльны дакладчык.

“Сярод гэтых пакаранняў былі абмежаванні на спатканні з роднымі, адвакатам, на перапіску і сувязь, і яны могуць разглядацца як жорсткае абыходжанне або нават катаванне”, — падкрэсліў Харасці.

На дадзены момант некалькі палітычных зняволеных застаюцца ў зняволенні ў Беларусі, у тым ліку кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, які адбывае пакаранне тэрмінам у шэсць гадоў у турме па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, “гвалце над асобай” і супраціве прадстаўнікам улады.

Спецыяльны дакладчык адзначыў, што беларускі ўрад атрымаў і прыняў рэкамендацыі іншых дзяржаў-сяброў ААН па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і выкананні сваіх абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека ў межах Універсальнага перыядычнага агляду (УПА). Тым не менш, ён падкрэсліў, што Беларусь да гэтага часу не выканала рэкамендацыю зрабіць неабходныя захады для забеспячэння свабоды выказвання меркаванняў і свабоды асацыяцый і, у прыватнасці, спрасціць працэдуру рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку НДА, палітычных партый і прафсаюзаў, скасаваць забарону на любую дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў, а таксама адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за ажыццяўленне дзейнасці ў межах такой незарэгістраванай арганізацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства