Большасць жыхароў Украіны - за датэрміновыя парламенцкія выбары
Пераважная большасць грамадзянаў - 72% - выказваюцца за правядзенне датэрміновых выбараў у Вярхоўную Раду Украіны.
Як паведамляе УНІАН, пра гэта распавёў сацыёлаг кампаніі Research&Branding Group Яўген Капацько, спасылаючыся на вынікі даследавання, праведзенага з 28 ліпеня па 7 жніўня.
Паводле апытання, не лічаць неабходным праводзіць такія выбары 19%, не змаглі адказаць на пытанне 9% рэспандэнтаў.
На пытанне, па якой сістэме павінны праводзіцца парламенцкія выбары, 41% апытаных паказалі, што па прапарцыйнай сістэме і адкрытых партыйных спісах. 20% рэспандэнтаў выказаліся за змешаную сістэму, а 13% - за мажарытарную сістэму. 26% не змаглі адказаць на пытанне.
Каментуючы такія дадзеныя апытання, Капацько заўважыў, што ў выніку правядзення гэтых выбараў украінцы могуць атрымаць вельмі сур'ёзнае перафарматаванне парламента. "Але мы атрымаем парламент не прагматыкаў, а рэвалюцыянераў", - лічыць Капацько. Па словах эксперта, склалася сітуацыя, калі "ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнай Украіны ў цяперашняй улады абсалютна няма апазіцыі". "Усе адносіны, якія зараз складваюцца ў палітычнай прасторы Украіны, - гэта вырашаецца паміж прадстаўнікамі кіруючай палітычнай эліты, якая будзе мець уплыў на той ці іншы інстытут улады, - прэзідэнцкі, Кабінет міністраў, Вярхоўную Раду. За Вярхоўную Раду ідзе асаблівая барацьба ... ", - заўважыў сацыёлаг. Як сказаў Капацько, у гэтых умовах падчас выбарчай кампаніі, якая да таго ж будзе вельмі кароткай, не будзе барацьбы ідэяў, канцэпцыяў. "Вы атрымаеце барацьбу папулізму ваеннага, палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага. І вынік мы атрымаем - парламент рэвалюцыянераў", - адзначыў Капацько. Да таго ж, дадаў ён, у час кароткай кампаніі цяжка атрымаць "якія-небудзь абдуманыя рэчы".
У ходзе сацыялагічнага даследавання былі апытаныя 1 тысяча 498 рэспандэнтаў у розных рэгіёнах Украіны за выключэннем Крыма, Севастопаля, Данецкай і Луганскай абласцей. Сярэдняя хібнасць выбаркі - 3%.