Другі раўнд UPR: улады vs праваабаронцы (відэа)
Каб зразумець, што ўлады Беларусі ў чарговы раз паспрабавалі адмахнуцца ад дыялогу па сутнасці, дастаткова суаднесці некаторыя тэзісы выступу афіцыйнай дэлегацыі падчас Універсальнага перыядычнага агляду (UPR) ў Савеце па правах чалавека ААН з адпаведнымі пунктамі альтэрнатыўнага дакладу праваабарончых арганізацый.
Намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў, прадстаўляючы афіцыйную справаздачу, адзначыў:
"На сённяшні момант у Беларусі дзейнічае сістэма дзяржаўна-грамадскіх інстытутаў па абароне і заахвочванні розных катэгорый правоў чалавека. На нашу думку, наяўнасць інстытутаў, дзейнасць якіх сфакусаваная на асобных правах, дазваляе дзяржаве і грамадству больш выразна пазначаць і рэалізоўваць прыярытэты ў галіне правоў чалавека, забяспечваць натуральнае развіццё розных катэгорый правоў у адпаведнасці з патрэбамі грамадства. Механізм дзяржаўна-грамадскага ўзаемадзеяння, яки дзейничае ў Беларусі, магчыма, і не ідэальны, аднак у цэлым эфектыўны і апраўдвае сваё прызначэнне..."
З альтэрнатыўнага дакладу праваабаронцаў:
У краіне няма органаў і структураў, адказных за выпрацоўку і прасоўванне палітыкі ў галіне правоў чалавека, не прымаюцца перыядычныя комплексныя планы ў гэтай сферы. Дзейнасць парламенцкай камісіі, у кампетэнцыю якой, сярод іншага, уваходзяць пытанні правоў чалавека, за справаздачны перыяд практычна невядомая.
У мэтах выканання рэкамендацый УПА на некалькіх міжнародных канферэнцыях, арганізаваных МЗС сумесна са структурамі ААН з запрашэннем зарэгістраваных НДА, абмяркоўваўся вопыт функцыянавання інстытута амбудсмэна. Аднак стварэнне Нацыянальнай установы па правах чалавека ў Беларусі ў публічных планах ўрада не фігуруе.
Назваўшы права на жыццё першым у ліку асноўных напрамкаў дзяржпалітыкі ў сферы заахвочвання і абароны правоў чалавека, у пытанні смяротнага пакарання прадстаўнік МЗС вярнуўся да старога і ўсім звыклага:
"Пытанне прымянення смяротнага пакарання знаходзіцца ў пастаянным полі зроку дзяржавы. З 2012 года аднавіла сваю працу парламенцкая група па вывучэнні дадзенага пытання. Пры гэтым вялікае значэнне надаецца пытанню фармавання грамадскай думкі на карысць паступовага ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне".
Праваабаронцы ж рэкамендуюць дзяржаве канкрэтныя крокі:
- далучыцца да Другога факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і адмяніць смяротнае пакаранне;
- у якасці прамежкавай меры да далучэння да Другога Факультатыўнага пратакола ў бліжэйшы час увесці мараторый на выкананне смяротных прысудаў.
Таксама ў альтэрнатыўным дакладзе ўказваюцца абставіны, якія ўлады замоўчваюць:
У падсправаздачны перыяд працягвалася практыка вынясення смяротных прысудаў Вярхоўным Судом у якасці суда першай інстанцыі (у прыватнасці, у дачыненні да Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава), што пазбаўляе асуджаных права на касацыйнае абскарджанне. У дачыненні да згаданых асобаў смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне ўжо праз два месяцы пасля вынясення.
У адпаведнасці з заканадаўствам, смяротнае пакаранне ў Беларусі выконваецца непублічна шляхам расстрэлу, пра дату і месца пакарання не паведамляецца, целы пакараных сваякам не выдаюцца, пра месца пахавання не паведамляецца. КПЧ ААН неаднаразова прызнаваў дадзеныя працэдуры жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем у дачыненні да сваякоў пакараных смерцю.
Аб забеспячэнні грамадскага кантролю за выкананнем правоў грамадзян у месцах пазбаўлення волі, услед за Рыбаковым, казаў і прадстаўнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Уладзіслаў Мандрык:
"У мэтах ажыццяўлення грамадскага кантролю за дзейнасцю крымінальна-выканаўчай сістэмы прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў могуць удзельнічаць у складзе грамадскіх назіральных камісій ... сябры назіральных камісій могуць наведваць папраўчыя ўстановы, гутарыць з асуджанымі, а таксама вывучаць асобныя дакументы па выкананні пакарання. Наведванне папраўчых устаноў можа быць дазволена і прадстаўнікам грамадскіх і рэлігійных арганізацый, якія не ўваходзяць у склад назіральных камісій..."
Праваабаронцы канстатуюць:
У Беларусі існуюць грамадскія назіральныя камісіі, закліканыя ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю органаў, якiя выконваюць пакаранне, але яны цалкам залежаць ад Міністэрства юстыцыі і эфектыўнага маніторынгу не праводзяць. Наведванне камісіяй пенітэнцыярнай установы магчыма толькі з папярэдняга дазволу Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Разам з тым у заканадаўства ўнесены змены, якія прадугледжваюць права сябраў камісіі сустракацца са зняволенымі сам-насам, без прысутнасці адміністрацыі, аднак на практыцы гэтае права нярэдка парушаецца.
Грамадскі кантроль за іншымі закрытымі ўстановамі (следчыя ізалятары, месцы ўтрымання адміністратыўна арыштаваных, ізалятары часовага ўтрымання і аддзяленні міліцыі, псіхіятрычныя бальніцы) заканадаўствам не прадугледжаны.
У гэтай сувязі праваабаронцы рэкамендуюць дзяржаве забяспечыць перавод пенітэнцыярнай сістэмы з падпарадкавання Міністэрства ўнутраных спраў у падпарадкаванне Міністэрства юстыцыі, зрабіўшы яе органам выканання пакаранняў і рэсацыялізацыі асуджаных і вызваліўшы ад задачаў раскрыцця злачынстваў.
Саветнік Генеральнага пракурора Аляксандр Драніца - пра расследаванне фактаў катаванняў:
"Пракуратурай забяспечаны аператыўны разгляд усіх скаргаў асобаў, пазбаўленых волі, на негуманнае абыходжанне, у тым ліку катаванні. У выпадку выяўлення ... фактаў атрымання доказаў з ужываннем недазволеных метадаў расследавання пракуратурай у абавязковым парадку праводзяцца адпаведныя праверкі, па выніках якіх прымаюцца працэсуальныя рашэнні аб узбуджэнні крымінальных спраў у дачыненні да вінаватых службовых асобаў. Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь разглядае забеспячэнне сродкамі пракурорскага нагляду правоў чалавека як найважнейшую задачу ў ажыццяўленні канстытуцыйных паўнамоцтваў па наглядзе за строгім і дакладным выкананнем закона ў краіне".
Тым часам, афіцыйная ж статыстыка сведчыць пра неэфектыўнасць пракурорскага нагляду як механізму абароны правоў чалавека, роўна як і судовага механізму. Лічбы, прадстаўленыя ў нацыянальным дакладзе, у каментарах не маюць патрэбы:
Органамі пракуратуры ў 2011 - 2014 гадах разгледжана 158 скаргаў на меры ўздзеяння ў дачыненні да асуджаных, а таксама асобаў, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай (67 у 2011 годзе, 35 - 2012, 37 - 2013, 19 - 2014). Скаргі не задаволеныя. Судамі ў 2012 - 2014 гадах разгледжана 15 спраў па скаргах асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, на прымяненне да іх мераў спагнання і па скаргах адміністратыўна арыштаваных на прымяненне да іх відаў дысцыплінарных спагнанняў. Скаргі прызнаныя неабгрунтаванымі.
Праваабаронцы:
Захоўваецца практыка нядопуску адвакатаў да зняволеных або арыштаваных. У краіне не створаны эфектыўны механізм разіральніцтва па скаргах на катаванні або неналежнае абыходжанне ў дзяржаўныя органы. Службовыя асобы, у дачыненні да якіх праводзіцца праверка па заяве пра факты катаванняў, не адхіляюцца ад выканання сваіх службовых паўнамоцтваў на час праверкі. Медыцынская служба ўваходзіць у сістэму МУС, праблематычна зафіксаваць цялесныя пашкоджанні зняволеных, якія знаходзяцца ў закрытых установах.
Прадстаўнік МЗС Беларусі Ірына Вялічка прызнала, што з механізмамі ААН Беларусь супрацоўнічае выбарачна, па прынцыпе "падабаецца - не падабаецца":
"Беларусь не падтрымлівае тэматычныя мандаты тых спецпрацэдураў, якія сваёй дзейнасцю парушаюць палажэнні рэзалюцыі ААН па правах чалавека аб інстытуцыянальным будаўніцтве, дзе сказана, што спецдакладчыкі павінны ўмацоўваць канструктыўны дыялог з дзяржавай і працаваць на прынцыпах добрасумленнасці і незалежнасці. Як паказвае практыка, у сілу палітычнай ангажаванасці некаторыя спецмандатарыі не ў стане наладзіць з дзяржавай узаемапаважлівы дыялог. Зыходзячы з гэтых меркаванняў і наяўнага негатыўнага папярэдняга вопыту ўзаемадзеяння з імі, мы не накіроўвалі адкрытага запрашэння такім дакладчыкам".
У сувязі з гэтым праваабаронцы рэкамендуюць Беларусі добрасумленна супрацоўнічаць з міжнароднымі механізмамі па абароне правоў чалавека, у тым ліку:
- своечасова прадастаўляць перыядычныя даклады ў адпаведныя дагаворныя органы;
- прыняць усе меры, неабходныя для эфектыўнага і дзейснага выканання меркаванняў Камітэта ААН па правах чалавека і іншых дагаворных органаў, прынятых у дачыненні да Беларусі;
- эфектыўна супрацоўнічаць з адмысловымі працэдурамі ААН.
* Універсальны перыядычны агляд (UPR) - гэта дастаткова новы (дзейнічае з 2006 года) механізм Савета па правах чалавека, што ацэньвае ступень, у якой кожная з 192 дзяржаў-сябраў ААН выконвае свае міжнародныя абавязацельствы па правах чалавека.