Міклаш Харасці: “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не мела прыкметаў паляпшэння на працягу справаздачнага перыяду” (відэа)
23 чэрвеня ў межах 29 сэсіі Cавета па правах чалавека ААН адбылося паседжанне, падчас якога значная ўвага была нададзена дакладу спецыяльнага дакладчыка па Беларусі Міклаша Харасці і працягненню яго мандату.
У сваім ўступным слове спадар Хараcці заявіў, што сітуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі не мела аніякіх прыкметаў паляпшэння, паколькі беларускія ўлады не выправілі ніводнае з глыбокіх і сістэмных парушэнняў, а таксама не стварылі ўмовы для правядзення свабодных і справядлівых выбараў. У прыватнасці, пад пагрозай былі права на свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый, правы на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы для працы, і свабоду выбару месца працы.
“Беларусь зрабіла важныя намаганні, каб зменшыць напружанасць у рэгіёне праз механізмы пасярэдніцтва. Саміт Усходняга партнёрства ў Рызе вітаў прыкметы надзеі ў стасунках паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю, у той час як краіна абяцала разгледзець пытанне аднаўлення дыялогу па правах чалавека паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. У той жа час, урад па-ранейшаму адмаўляўся прызнаваць мандат Савета па правах чалавека, што стала істотным крокам назад у яго ўзаемадзеянні з міжнароднай супольнасцю. Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не мела аніякіх прыкметаў паляпшэння на працягу справаздачнага перыяду. Грамадзянам сістэматычна адмаўлялі ў шматлікіх асноўных правах праз наўмысную камбінацыю абмежавальных законаў і злачыннай практыкі. Сітуацыя ўяўляецца ўсё больш трывожнай у святле прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца восенню 2015 года”, — сказаў Міклаш Харасці.
Міклаш Харасці адзначыў што ў параўнанні з папярэднімі гадамі, мелі месца некаторыя пазітыўныя зрухі, напрыклад, меншая колькасць вязняў, якія былі прысуджаныя да працяглых тэрмінаў зняволення ў якасці адплаты за іх палітычную дзейнасць, а таксама “вызваленне лідэра буйной праваабарончай арганізацыі”. Тым не менш, Спецыяльны дакладчык заклікаў беларускія ўлады не толькі вызваліць, але і ў поўнай меры рэабілітаваць усіх палітычных апанентаў рэжыму, якія апынуліся за кратамі. Яшчэ адной замацаванай практыкай, якая была працягнутая і нават пашыраная ў справаздачны перыяд, сталі адвольныя кароткатэрміновыя затрыманні актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў. Нягледзячы на некаторыя крокі па спрашчэнні прававой сістэмы, незалежнасць судовай улады застаецца мінімальнай праз паўнамоцтвы прэзідэнта прызначаць і звальняць усіх суддзяў і пракурораў. Права на справядлівае судовае разбіральніцтва было абмежаванае ў закрытых пасяджэннях і ў выніку судовых рашэнняў, якія былі ў значнай ступені заснаваныя на сведчаннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у той час як сведчанні абароны ігнараваліся.
Закон аб сродках масавай інфармацыі знішчыў апошнія рэшткі свабоды слова. Улады блакавалі незалежныя вэб-сайты, а выкарыстанне Інтэрнэту ўсё часцей інтэрпрэтавалася як “несанкцыянаванае масавае мерапрыемства” і каралася санкцыямі. Дыскрымінацыя па-ранейшаму прысутнічала ў розных галінах, ад сэксуальных меншасцяў да працоўных правоў. У краіне, дзе ад 70 да 80 адсоткаў працоўных месцаў знаходзяцца ў дзяржаўных сектарах уласнасці, пачынаючы з мінулага года пагоршыліся няўстойлівыя ўмовы працаўладкавання. Кароткатэрміновыя кантракты сталі хутчэй правілам, чым выключэннем. Нядаўняй пастановай ўводзяцца падаткі на ўсіх не занятых працаздольных грамадзян, а таксама карныя захады супраць тых, хто не працуе. Спецыяльны дакладчык заклікаў Беларусь прыняць усе рэкамендацыі, зробленыя ў ходзе універсальнага перыядычнага агляду і заняцца вырашэннем усіх правоў: грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных, у адпаведнасці з прынцыпам ўзаемазалежнасці і непадзельнасці ўсіх правоў чалавека.
У адказ на гэта афіцыйны прадстаўнік Беларусі Міхаіл Хвастоў заявіў, што “мандат спецдакладчыка павінен быць скасаваны”:
“Спецдакладчык па Беларусі – гэта дыскрэдытацыя ідэй дэмакратыі і правоў чалавека. Гэта палітычны праект накіраваны на раскол нашай краіны. Гэты праект церпіць паразу. Паміж дакладам і рэальнай сітуацыяў у Беларусі палягае прорва. Даклад мы прымаем як псеўдапраўдзівы, а таму няслушны”.
Еўрапейскія краіны ў сваіх дзьвюхвілінны выступах падтрымалі меркаванні Міклаша Харасці і запэўнілі Савет па правах чалавека ААН ў неабходнасці працягнуць яго мандат як краінавага спецдакладчыка для Беларусі. У ходзе інтэрактыўнага дыялогу выступоўцы выказалі заклапочанасць з нагоды працягу пагаршэння сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку сістэматычных рэпрэсій супраць журналістаў, праваабаронцаў і палітычных апанентаў улады, цэнзуры СМІ, несвабодных і несправядлівых выбараў і прымянення смяротнага пакарання. Выступоўцы выказалі расчараванне з нагоды таго, што ўлады Беларусі па-ранейшаму адмаўляюцца супрацоўнічаць са Спецыяльным дакладчыкам.
Еўрапейскі саюз выказаў заклапочанасць у сувязі з пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі на прыкладзе неаднаразовых парушэнняў свабоды сходаў, наступу на мірныя пратэсты, пераследу праваабаронцаў і актывістаў у галіне правоў чалавека, а таксама абмежаванняў на свабоду Інтэрнэту. Прадстаўнік ЕС рашуча асудзіў прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі і спытаў Спецыяльнага дакладчыка, якія аспекты працэсу напярэдадні выбараў павінны быць прыярытэтнымі.
Постсавецкія краіны (Расія, Азербайджан,Таджыкістан і інш.) наадварот заявілі, што сітуацыя ў Беларусі не апраўдвае прызначэння мандата і выступілі з крытыкай селектыўнасці і палітызацыі Савета па правах чалавека.
Удзел у абмеркаванні бралі прадстаўнікі Еўрапейскага Саюза, Расійскай Федэрацыі (у тым ліку ад імя групы дзяржаў-аднадумцаў), Сірыі, Албаніі, Грэцыі, Ірландыі, Чэхіі, Францыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Таджыкістана, Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Эстоніі, Іспаніі, Літвы, Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Польшчы, Узбекістана, Венесуэлы, Канады, Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Люксембурга, Зімбабвэ, Кубы, Швейцарыі, Латвіі, Аўстрыі, Кыргызстана, Азербайджана, Казахстана, В’етнама, Нікарагуа, Славакіі, Кітая, Ірана, М'янмы, Туркменістана, Бельгіі і Аўстраліі.
У сваіх заключных заўвагах Міклаш Харасці заявіў:
“На працягу двух дзесяцігоддзяў Беларусь не мае апазіцыі ў парламенце, што паказвае сапраўдны твар беларускай парламенцкай сістэмы. Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе не існуе прыватнага тэлевяшчання. На існуючых дзяржаўных каналах мусяць быць прыкметы плюралізму. Незарэгістраваныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці мусяць быць зарэгістраваныя, што было б імгненным паляпшэннем”.
Спадар Харасці падкрэсліў, што Беларусь не ў поўнай меры супрацоўнічае з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі:
“Яшчэ адным рэальным і непасрэдным паляпшэннем было б выкананне рэкамендацыяў ад дамоўных органаў. Беларусь не рэагуе на неаднаразовыя просьбы ад уладальнікаў мандата. Беларусь не прыняла рэкамендацыі Універсальнага перыядычнага агляду ў тых галінах, якія выклікаюць найбольшую занепакоенасць. Многія з гэтых рэкамендацый былі паўтораныя яшчэ раз у 2015 годзе”.
Ён таксама адзначыў, што “практычны мараторый на смяротнае пакаранне можа быць першым крокам” у вырашэнні гэтага пытання ў Беларусі.
На прыканцы паседжання беларускі прадстаўнік не вытрымаў і ўзяў яшчэ хвіліну, каб зрабіць заўвагу Старшыню:
“Спадар Старшыня, я прасіў у вас слова па парадку вядзення не для таго, каб прыпыніць выступ спецдакладчыка, але для таго, каб мы, хто сядзіць у залі разумелі, колькі часу вы даеце спецдакладчыку. І я прасіў бы вас у далейшым звяртаць на гэта ўвагу. Вы павінны правільна адміністраваць нашае паседжанне”, - сказаў М. Хвастоў.
Нагадаем, Мандат спецдакладчыка па Беларусі быў заснаваны Радай па правах чалавека ААН 5 ліпеня 2012 года, а ў верасні на гэтую пасаду быў прызначаны прадстаўнік Вугоршчыны Міклаш Харасці. Па выніках сваёй дзейнасці ён прадставіў справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Радзе ААН па правах чалавека і Генеральнай Асамблеі ААН. Аднак беларускія ўлады адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам. Сп. Харашці так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь, каб вывучыць сітуацыю на месцы і ў тым ліку сустрэцца з афіцыйнымі асобамі дзяржавы: беларускія ўлады адмовілі яму ў візе.
Поўны запіс відэатрансляцыі з паседжання.
Тэкст дакладу па-англійску спецдакладчыка Міклаша Харасці.