Магілёўскі журналіст накіраваў скаргу ў Камітэт па Правах Чалавека ААН
- 28 чэрвеня, я адправіў сваю скаргу разам з дадаткамі - усяго больш за 30 лістоў. Падрыхтаваць яе мне дапамаглі праваабаронцы Барыс Бухель і Леанід Судаленка, за гэта ім вялікі дзякуй, - расказаў Алесь Буракоў журналісту «Магілёўскай Вясны».
У скарзе журналіст просіць КПЧ прызнаць скаргу прымальнай, устанавіўшы факт парушэння з боку Рэспублікі Беларусь праў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Буракова Аляксандра Уладзіміравіча, гарантаваных артыкулам 19 у сукупнасці з п.2 і п.3 артыкула 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама Буракоў звяртаецца да КПЧ з просьбай, каб Камітэт рэкамендаваў Ураду Рэспублікі Беларусь прывесці нормы нацыянальнага Закона “Аб сродках масавай інфармацыі” і практыку яго прымянення ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязкамі, а менавіта ў адпаведнасць з артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- Да тэксту самой скаргі мы прыклалі адказы беларускіх судовых інстанцыяў. Мы спрабавалі абскарджваць пастанову суда Ленінскага раёна ў абласным судзе, у тым ліку і праз старшыню. Потым была скарга ў Вярхоўны Суд, але нідзе яе так і не задаволілі. Я спадзяюся, што Камітэт па Правах Чалавека ААН разгледзіць маю скаргу і прызнае, што я маю рацыю. Мне важна, што згодна Міжнароднаму Пакту аб Грамадзянскіх і Палітычных правах, я ўсё рабіў у рамках закона. Іншая справа, што ў нас гэтыя законы, чамусьці, не працуюць, - адзначыў журналіст. - Вельмі важна звяртацца ў КПЧ ААН, бо выглядае на тое, міліцыянты і суддзі лічаць мяне правапарушальнікам. Але калі адмыслоўцы з розных краінаў ААН стануць на мой бок, гэта будзе сведчыць пра тое, што нешта ня так менавіта ў гэтых міліцыянтаў і суддзяў.
8 кастрычніка 2014 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў Алеся Буракова вінаватым па адміністратыўным артыкуле за незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта матэрыялу "Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?", які быў размешчаны 25 жніўня 2014 года на сайце нямецкага радыё “Deutsche Welle”. За гэта яго аштрафавалі на 6 мільёнаў рублёў.
20 лістапада суддзя Магілёўскага абласнога суда Міхаіл Мельнікаў прыняў рашэнне пакінуць пастанову суда Ленінскага раёна горада Магілёва без зменаў.
У сярэдзіне сакавіка Аляксандр Буракоў атрымаў ліст № 4-А-27 ад 10.03.2015 г. ад старшыні Магілёўскага абласнога суда Ігара Прошкі, у якім паведамлялася, што наглядная скарга журналіста задавальненню не падлягае, бо яго “вінаватасць у незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, суддзёй устаноўлена і пацверджана сукупнасцю даследаваных абставін, якім дадзена належная адзнака”.
18 траўня журналіст атрымаў адказ з Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь на сваю наглядную скаргу. Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Р. Г. Аніскевіч паведаміў журналісту, што довады Буракова аб адсутнасці ў яго дзеяннях складу інкрымінуемага адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама аб парушэнні яго права на распаўсюд інфармацыі з’яўляюцца непераканаўчымі. Аніскевіч таксама адзначыў, што “у адпаведнасці з палажэннямі ПВКаАП праведзены агляд вашага жылля, а таксама складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, у якім дакладна прыведзена парушаная вамі дыспазіцыя ч.2 арт.22.9 КаАП. Парушэнняў норм працэсуальнага права, якія цягнуць адмену судовых пастаноў, не дапушчана. Аснаванняў для адмены пастаноў не маецца”.
Аляксандр Буракоў вымушаны быў звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН пасля таго, як усе яго спробы аспрэчыць несправядлівае, на яго думку, пакаранне за журналісцкую дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь скончыліся безвынікова.