Павел Сапелка: Прычыны, па якіх мне адмовілі ў наведванні месцаў прымусовага ўтрымання, відавочна, выкладзены ў маім звароце ў МУС
Юрыст Павел Сапелка атрымаў адказ з Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС на свой зварот, у якім прасіў дазволу на наведванне месцаў прымусовага ўтрымання з мэтаю іх маніторынгу. Такое права замацаванае ў арт.22 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь: “Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і іншыя асобы маюць права наведваць установы, якiя выконваюць пакаранне, па дазволе адміністрацыі гэтых устаноў або адпаведных вышэйстаячых органаў кіравання ўстановамі, якiя выконваюць пакаранне”.
Адказ начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў С. Дарошкі, атрыманы юрыстам сёння, здзіўляе адсутнасцю любой матывацыі пры адмове яму ў гэтым праве.
“Паведамляю, што Ваш электронны зварот, накіраваны на афіцыйны сайт Міністэрства ўнутраных спраў, разгледжаны ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь.
Наведванне спецыялізаваных устаноў органаў унутраных спраў у цяперашні час немэтазгодна.
У выпадку нязгоды з гэтым адказам Вы маеце права яго абскардзіць у парадку, устаноўленым артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 № 300-З «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў".
Павел Сапелка, каментуючы гэтую фармальную “адпіску”, адзначае наступнае: “прычыны, па якіх мне адмовілі ў наведванні месцаў прымусовага ўтрымання, відавочна, выкладзены ў самім маім звароце, (прыводзіцца ніжэй). Адказ Дэпартамента выканання пакарання нематываваны і сёння ж будзе мной абскарджаны ў МУС».