70 год ААН: У суботу галоўныя сусветныя славутасці будуць падсвечаны блакітным «аанаўскім» колерам
У адзначэнне 70-й гадавіны ААН больш за 200 знакамітых манументаў - будынкі, музеі, масты і іншыя архітэктурныя помнікі - будуць падсвечаны блакітным святлом у Дзень Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 24 кастрычніка. Акцыя пройдзе ў амаль 60 краінах свету ў рамках сусветнай кампаніі святкавання Дня ААН і сямідзесяцігоддзя Арганізацыі. Нагадаем, блакітны колер - афіцыйны колер Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Сусветна вядомыя славутасці, такія як Дзяржаўны Эрмітаж і Петрапаўлаўская крэпасць у Санкт-Пецярбургу (Расія), Вялікія Піраміды ў Гізе (Егіпет), хмарачос Эмпайр-стэйт-білдынг ў Нью-Ёрку (ЗША) і Пізанская вежа (Італія), будуць падсвечаны блакітным святлом. Удзельнікамі акцыі таксама стануць Эдынбургскі замак і Вэстмінстэр-хол (Вялікабрытанія), старажытны горад Пятра (Іарданія), статуя Хрыста-Збавіцеля ў Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія), Сіднэйскі оперны тэатр (Аўстралія), Тэлевізійная вежа Токіо (Японія), палац Альгамбра (Іспанія) і многія іншыя гістарычныя аб'екты.
Акцыя будзе шырока асветленая ў сацыяльных сетках Instagram, Facebook, Twitter, Weibo, Flickr і інш. Фатаграфіі і відэа падсвечаных блакітным святлом славутасцяў з усяго свету будуць даступныя на мультымедыйных рэсурсах ААН. Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у святкаванні юбілею сусветнай арганізацыі - фатаграфаваць падсветленыя славутасці і дзяліцца малюнкамі на сваіх старонках у сацыяльных сетках, выкарыстоўваючы хэштэг #UNBlue і # UN70.
Больш падрабязную інфармацыю пра акцыю «Пафарбуй свет у блакітны колер ААН» і пра іншыя мерапрыемствы ў межах святкавання сямідзесяцігоддзя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый можна знайсці па спасылцы.
Паводле un.org