Спецдакладчык ААН па праваабаронцах прадставіў новы тэматычны сайт
Сайт распавядае пра розныя віды пераследу праваабаронцаў і іх арганізацый, мандат і дзейнасць спецдакладчыка, дакументы ААН і знешнія рэсурсы, датычныя абароны праваабаронцаў, а таксама апошнія навіны ў гэтай галіне.
Паводле тэматычнага падзелу вылучаны наступныя рубрыкі: барацьба з карупцыяй і беспакаранасцю, праца ў гарачых кропках, праваабаронцы-жанчыны, абарона правоў ЛГБТ, абарона зямельных, экалагічных правоў, карпаратыўная адказнасць. У межах абазначаных тэмаў падаюцца гісторыі праваабаронцаў з розных краінаў і кантынентаў, якія спазналі пераслед за сваю прафесійную дзейнасць.
У гэтым рэчышчы прадстаўлены і беларускі кейс – партрэт Алеся Бяляцкага, кіраўніка ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнта FIDH, пад рубрыкай “Барацьба з карупцыяй і беспакаранасцю”.
Пра запуск новага сайта Алесю Бяляцкаму паведаміў дарадчык Спецдакладчыка ААН па становішчы праваабаронцаў, які адзначыў, што стваральнікі інтэрнет-рэсурса гатовыя прымаць парады па яго ўдасканаленні з тым, каб сайт стаў карысным інструментам для праваабаронцаў.
Cпецдакладчыкам ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў у чэрвені 2014 года быў прызначаны Мішэль Форст, вядучы французскі адвакат, які спецыялізаваўся ў галіне правоў чалавека і на момант прызначэння з’яўляўся генсакратаром Нацыянальнай кансультатыўнай камісіі па правах чалавека Французскай Рэспублікі. Таксама ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, раней працаваў у секцыі па правах чалавека ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы, быў гендырэктарам Amnesty International-Францыя і генсакратаром Парыжскага саміту праваабаронцаў 1998 года.
Нагадаем, на пасадзе спецдакладчыка Мішэль Форст змяніў Маргарэт Секагію (2008-2014), якая, у сваю чаргу, замяніла Хіну Джылані на пасадзе Спецыяльнага прадстаўніка Генеральнага сакратара ААН па пытанні аб праваабаронцах (2000-2008 гг.). Мандат па пытанні аб становішчы праваабаронцаў (як спецыяльную працэдуру) Камісія па правах чалавека заснавала ў 2000 годзе, каб падтрымаць выкананне Дэкларацыі аб праваабаронцах 1998 года.