viasna on patreon

Уладам нагадалі пра невыкананне рашэння КПЧ ААН па справе Алеся Бяляцкага

2016 2016-01-04T11:36:12+0300 2016-10-21T18:43:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/makej-un.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Макей у ААН. Фота: un.org

Уладзімір Макей у ААН. Фота: un.org

Напярэдадні новага года Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) накіравала міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею зварот, у якім праваабаронцы заклікаюць улады Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы ў межах структуры ААН і прыняць меры па выкананні асноўных патрабаванняў Камітэта па правах чалавека па справе Алеся Бяляцкага, сярод якіх - рэгістрацыя ўзначаленага ім ПЦ "Вясна" і ануляванне судзімасці праваабаронцы.

Меркаванні па Паведамленні № 2165/2012 Камітэт па правах чалавека ААН прыняў 24 кастрычніка 2014 года.

У звароце, падпісаным Алесем Бяляцкім, старшынёй ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнтам FIDH, і Антуанам Бернарам, генеральным дырэктарам FIDH, праваабаронцы нагадваюць міністру замежных спраў Уладзіміру Макею пра сутнасць Меркаванняў КПЧ:

На думку Камітэта, менавіта адмовы ў рэгістрацыі праваабарончай асацыяцыі «Вясна», якую ўзначальвае Бяляцкі, перашкодзілі рэалізацыі яе сябрамі сваіх правоў. Прысуд Бяляцкага да 4,5 гадоў пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя з атрыманнем і расходаваннем сродкаў на фінансаванне арганізацыі, быў прамым следствам парушэння свабоды асацыяцыі. Пры разглядзе справы беларускія суды адхілілі доказы таго, што гэтыя сродкі прызначаліся і выкарыстоўваліся менавіта на названыя мэты, не з'яўляліся асабістым прыбыткам А. Бяляцкага, і не разглядалі справу з пункту гледжання гарантый права на свабоду асацыяцыі. У гэтых умовах прыцягненне А. Бяляцкага да крымінальнай адказнасці Камітэт расцаніў як парушэнне гэтага права.

Камітэт па правах чалавека таксама заключыў, што ўтрыманне пад вартай А. Бяляцкага ў перыяд папярэдняга расследавання мела адвольны характар, паколькі рашэнне аб арышце прымалася пракурорам, а не судом, і грунтавалася толькі на цяжары прад'яўленага абвінавачання, а не на фактах, якія сведчаць аб неабходнасці і мэтазгоднасці дадзенай меры.

Камітэт прызнаў, што ў працэсе крымінальнага пераследу А. Бяляцкага была парушаная прэзумпцыя невінаватасці, што выявілася ў інфармацыі дзяржаўных СМІ і выказваннях Прэзідэнта, якія да ўступлення ў законную сілу прысуду суда сцвярджалі аб вінаватасці А. Бяляцкага, а таксама ў тым, што падчас судовых пасяджэнняў яго ўтрымлівалі ў клетцы і дастаўлялі ў суд у кайданках.

Камітэт указаў на парушэнні арт. 9 (адвольнае затрыманне), арт. 14 (2) (прэзумпцыя невінаватасці), арт. 22 (1) (свабода асацыяцый) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Як указваюць праваабаронцы ў звароце,

Камітэт запатрабаваў ад дзяржавы-ўдзельніцы Беларусі прыняць на працягу 180 дзён з даты прыняцця Меркаванняў меры, якія прывялі б да эфектыўнага і дзейснага сродку прававой абароны ў дачыненні да А. Бяляцкага, уключаючы (а) перагляд хадайніцтва аб рэгістрацыі узначаленага ім аб'яднання "Вясна" ў адпаведнасці з крытэрамі, адпаведнымі патрабаванням артыкула 22 Пакта; (b) ануляванне судзімасці; і (с) належную кампенсацыю, уключаючы пакрыццё панесеных судовых выдаткаў. Дзяржава-удзельніца таксама абавязаная прадухіляць падобныя парушэнні ў будучыні. У сувязі з гэтым, дзяржава-удзельніца павінна перагледзець нацыянальнае заканадаўства, каб забяспечыць яго адпаведнасць патрабаванням артыкула 22 Пакта.

Дадзеныя патрабаванні Камітэта былі цалкам праігнараваныя беларускімі ўладамі.

У сувязі з гэтым, FIDH заклікала беларускі МЗС «прыняць усе неабходныя меры для выпраўлення учыненых супраць А. Бяляцкага парушэнняў і выканаць свае абавязацельствы ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах: выконваць права на свабоду асацыяцыяў, права на справядлівае судовае разбіральніцтва і права на свабоду і асабістую недатыкальнасць».

Таксама праваабаронцы настойліва рэкамендуюць уладам «распрацаваць канкрэтны план дзеянняў, які б прывёў нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з абавязальніцтвамі ў рамках Пакта, паклаў канец адвольным адмовам у рэгістрацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку "Вясны", і спыніў пераслед і ціск на сяброў аб'яднанняў, якія абараняюць правы чалавека».

Нагадаем, што згодна з Палажэннем аб Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, кантроль за выкананнем міжнародных дамоваў дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і аказанне садзейнічання ў іх выкананні з'яўляецца адной з задачаў дадзенага міністэрства.

Поўны тэкст звароту FIDH у МЗС Беларусі чытайце ў дадатку.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства