Спецдакладчык ААН па Беларусі: “Ніякіх зменаў у змрочнай сітуацыі з правамі чалавека з часу прэзідэнцкіх выбараў”
9 лютага спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці заявіў, што лідары апазіцыі, праваабаронцы, журналісты і іншыя грамадзяне падвяргаліся адміністрацыйнаму пераследу і штрафам пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў кастрычніку.
“На працягу апошніх чатырох месяцаў у Беларусі не адбылося аніякіх зменаў, накіраваных на змену рэпрэсіўных законаў і практыкі, у той час як з’явіліся шматлікія выпадкі новых парушэнняў асноўных правоў”, — сказаў сп. Міклаш Харасці ў апублікаванай сёння заяве.
У сваёй заяве праваабаронца нагадвае, што прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў кастрычніку, як і ўсе папярэднія выбары пачынаючы з 1990-х гадоў, “не адпавядалі дэмакратычным стандартам, у той час як пераабранне дзейнага кіраўніка краіны заснаванае на яўцы, якая не падлягае кантролю, і непразрыстым падліку галасоў”.
“Тым не менш, — адзначыў сп. Харасці, - разам з міжурадавымі і нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі я вітаў вызваленне палітычных зняволеных напярэдадні выбараў. Добрым знакам было тое, што, у адрозненне ад выбараў 2010 года, улады ўстрымаліся ад ужывання гвалту ў дачыненні да палітычных апанентаў і не арыштоўвалі альтэрнатыўных кандыдатаў”.
“На жаль, змрочны стан правоў чалавека ў краіне застаецца нязменным”, — падкрэсліў спецыяльны дакладчык ААН.
“Улады не спынілі сістэматычны пераслед тых, хто спрабуе ажыццяўляць свае індывідуальныя, грамадзянскія, палітычныя, і іншыя правы, нягледзячы на частковае прыпыненне санкцый з боку ЕС і ЗША, якое было ўжытае ў чаканні далейшага паляпшэння правоў чалавека”, — сказаў ён. “Яны таксама не прадэманстравалі аніякага жадання рэфармаваць закаранелую і надзвычай дэспатычную прававую сістэму”.
Незалежны эксперт адзначыў, што ўрад не аднавіў грамадзянскія і палітычныя правы вызваленых палітвязняў, і падкрэсліў, што “не былі спыненыя палітычна матываваныя крымінальныя справы супраць кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча і журналіста Аляксандра Алесіна, як і турэмнае зняволенне актывіста Міхаіла Жамчужнага”.
“Застаецца ў сіле забарона на ўезд у краіну ў дачыненні да беларускай праваабаронцы Алены Танкачовай, а тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну праз палітычны пераслед, не было прадастаўлена гарантый бяспечнага вяртання”, — сказаў сп. Харасці, дадаўшы, што праваабарончым арганізацыям “За сумленныя выбары”, ПЦ “Вясна” і іншым “неаднаразова адмаўлялі ў рэгістрацыі па надуманых адміністрацыйных прычынах”.
“Спыненне ўсіх гэтых формаў адвольнага пераследу патрабуе ўсяго толькі палітычнай волі ў гэтай высока цэнтралізаванай сістэме”, — сказаў ён. “Тым не менш, неабходныя змены не павінны абмяжоўвацца мяккім падыходам да існуючых рэпрэсіўных правілаў. Урад Беларусі павінен распачаць шырокія рэформы па прывядзенню заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі ў галіне правоў чалавека”.
Спецыяльны дакладчык падкрэсліў, што Беларусь ужо дваццаць гадоў застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе няма апазіцыі ў парламенце. Тым не менш, сказаў ён, “парламенцкія выбары, якія маюць адбыцца ў 2016 годзе, будуць яшчэ адной магчымасцю для ўладаў, каб засведчыць сваю прыхільнасць да рэформаў”.
“Я гатовы супрацоўнічаць з уладамі, каб гарантаваць, што ў выніку свабодных і справядлівых парламенцкіх выбараў будзе створаны моцны плюралістычны заканадаўчы орган. Такія крокі будуць сведчыць аб гатоўнасці ўладаў паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне і працаваць у напрамку захавання міжнародных стандартаў”, — сказаў на заканчэнне сп. Харасці.