viasna on patreon

Алесь Бяляцкі чакае ўжо чатыры месяцы. Уладзімір Макей маўчыць

2016 2016-05-02T11:33:43+0300 2016-05-02T11:35:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ales_bialiackismall.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Напрыканцы мінулага года Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) накіравала міністру замежных спраў Уладзіміру Макею зварот з заклікам выканаць патрабаванні Камітэта па правах чалавека ААН па справе Алеся Бяляцкага. Адказу на зварот міністр не даў дагэтуль.

У звароце, накіраваным у МЗС ад імя Алеся Бяляцкага, старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнта FIDH, і Антуана Бернара, гендырэктара FIDH, праваабаронцы нагадваюць пра сутнасць рашэння Камітэта па правах чалавека ААН. Камітэт расцаніў крымінальны пераслед Алеся Бяляцкага як парушэнне права на свабоду асацыяцыі, паколькі, на думку экспертаў Камітэта, менавіта адмовамі ў рэгістрацыі ПЦ «Вясна» ўлады стварылі ўмовы для прыцягнення кіраўніка арганізацыі да крымінальнай адказнасці.

У сваім рашэнні Камітэт запатрабаваў ад беларускай дзяржавы прыняць цягам 180 дзён з даты прыняцця Меркаванняў меры, якія прывялі б да эфектыўнага і дзейснага сродку прававой абароны ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, “уключаючы (а) перагляд хадайніцтва аб рэгістрацыі узначаленага ім аб'яднання "Вясна" ў адпаведнасці з крытэрамі, адпаведнымі патрабаванням артыкула 22 Пакта; (b) ануляванне судзімасці; і (с) належную кампенсацыю, уключаючы пакрыццё панесеных судовых выдаткаў. Дзяржава-удзельніца таксама абавязаная прадухіляць падобныя парушэнні ў будучыні. У сувязі з гэтым, дзяржава-удзельніца павінна перагледзець нацыянальнае заканадаўства, каб забяспечыць яго адпаведнасць патрабаванням артыкула 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Каментуючы адсутнасць рэакцыі на зварот FIDH з боку Міністэрства замежных справаў, Алесь Бяляцкі адзначае, што “ігнараванне МЗС Беларусі аўтарытэтнай міжнароднай праваабарончай арганізацыі не спрыяе паляпшэнню стасункаў паміж Беларуссю і ЕС, а наадварот ставіць пытанне пра шчырасць намераў беларускіх уладаў, якія на словах гавораць адное, а на справе робяць зусім іншае”.

Нагадаем, згодна з Палажэннем аб Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, кантроль за выкананнем міжнародных дамоваў дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і аказанне садзейнічання ў іх выкананні з'яўляецца адной з задачаў міністэрства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства