viasna on patreon

МАП: Беларусі неабходна прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з канвенцыяй №29

2016 2016-06-08T13:28:14+0300 2016-12-01T19:57:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mot_2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з афіцыйнага сайта МАП

Фота з афіцыйнага сайта МАП

Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) звярнуў увагу беларускіх уладаў на неабходнасць прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з патрабаваннямі канвенцыі № 29 МАП, якая абвяшчае забарону на прымусовую працу.

Такое заключэнне прыняў Камітэт па выніках разгляду беларускага пытання на 105 сесіі Міжнароднай арганізацыі працы, якая прайшла 6 чэрвеня ў Жэневе.

2 чэрвеня афіцыйная ўрадавая дэлегацыя Беларусі прадставіла Камітэту краінавы даклад, у якім аспрэчыла абвінавачванне ў тым, што ў краіне практыкуецца прымусовая праца.

Аднак, ў заключэнні Камітэта па нормах і стандартах МАП адзначаецца, што ён «з цікавасцю адзначыў тлумачэнне ўрада аб прынятых мерах па адмене Дэкрэта Прэзідэнта № 9 «Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці» ад 7 снежня 2012 года Указам Прэзідэнта № 182. Тым не менш, Камітэт з глыбокай заклапочанасцю адзначыў магчымае выкарыстанне прымусовай працы, у тым ліку сысканнем збораў з беспрацоўных, у ходзе дзеяння іншых законаў і дэкрэтаў Прэзiдэнта».

Сярод іншага, Камітэт настойліва заклікаў урад Беларусі «гарантаваць, каб наступныя Дэкрэты і нацыянальнае заканадаўства знаходзіліся ў поўнай адпаведнасці з Канвенцыяй № 29, у тым ліку:

  • Дэкрэт Прэзідэнта № 3 ад 2 красавіка 2015 года “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”;
  • Закон № 104-3 ад 4 студзеня 2010 года “Аб працэдуры і парадку накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і аб умовах знаходжання ў іх”;
  • Дэкрэт Прэзідэнта № 5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”;
  • Дэкрэт Прэзідэнта № 18 ад 24 лістапада 2006 года “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у “праблемных сем'ях”.

У сваю чаргу важна адзначыць, што на рашэнне МАП у некаторай меры паўплывалі праваабаронцы з FIDH і Праваабарончага цэнтра "Вясна", якія прадставілі свой сумесны даклад «Паўсюднае парушэнне працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі» ў Камітэт па нормах і стандартах.

Акрамя таго, гэты ж даклад быў прадстаўлены і ў Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, які ў сваю чаргу яшчэ ў лістападзе 2013 года, шмат у чым абапіраючыся на высновы праваабаронцаў, рэкамендаваў Беларусі адмовіцца ад выкарыстання прымусовай працы і забяспечыць належную абарону правоў працоўных.

---

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) - спецыялізаванае агенцтва сістэмы ААН, якое ставіць мэтай прасоўванне прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці, міжнародна прызнаных правоў чалавека і правоў у сферы працы. Створаная ў 1919 годзе, МАП распрацоўвае міжнародныя працоўныя нормы ў форме канвенцый і рэкамендацый, усталёўваючы мінімальныя стандарты ў галіне асноватворных працоўных правоў. Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам МАП з 1954 года і ратыфікавала 49 яе канвенцый, у тым ліку 8 асноватворных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства