viasna on patreon

Amnesty International настойвае на падаўжэнні мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі

2016 2016-06-18T21:13:11+0300 2016-06-18T21:14:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/amnesty_international-banner.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вызваленне некалькіх асуджаных у палітычна матываваных працэсах у 2015 годзе і пасрэдніцтва Беларусі ў перамовах па канфлікце на ўсходзе Украіны не павінны засланяць жахлівую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне, а асноўныя грамадзянскія правы рэзка абмежаваныя заканадаўствам, заяўляе ўплывовая праваабарончая арганізацыя.

Поўны тэкст заявы Amnesty International у перакладзе ПЦ “Вясна”:

17 чэрвеня 2016 г.

БЕЛАРУСЬ: Савет па правах чалавека ААН мусіць падоўжыць мандат спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі ў Беларусі

Amnesty International заклікае сябраў Савета па правах чалавека ААН падтрымаць падаўжэнне мандата спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб сітуацыі ў Беларусі.

Вызваленне некалькіх зняволеных, асуджаных у выніку палітычна матываваных судовых працэсаў, якое адбылося ў 2015 годзе, і роля Беларусі ў правядзенні пасрэдніцкіх перамоваў па канфлікце на ўсходзе Украіны прывялі да паляпшэння адносінаў паміж Беларуссю і міжнароднай супольнасцю. Сярод такіх захадаў было прыпыненне шматгадовых санкцыі ЕС супраць высокапастаўленых службовыя асобаў Беларусі, за выключэннем чатырох супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія, як мяркуецца, звязаныя з гвалтоўнымі знікненнямі палітычных актывістаў у 1999 і 2000 гадах.

Такое развіццё падзей не павінна засланіць жахлівую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, дзе па-ранейшаму захоўваецца смяротнае пакаранне і смяротныя прысуды прыводзяцца ў выкананне. Правы на свабоду мірных сходаў, асацыяцыі і выказвання меркавання жорстка абмежаваныя на заканадаўчым узроўні, што перашкаджае нават мінімальнаму ажыццяўленню гэтых асноўных правоў. Кантроль над грамадствам з боку дзяржавы з'яўляецца ключавым элементам у намаганнях уладаў пераследваць і запалохваць грамадзянскую супольнасць і незалежныя сродкі масавай інфармацыі, і выкарыстоўваецца дзеля стварэння перашкодаў у ажыццяўленні імі сваёй законнай дзейнасці. Прадстаўнікі ЛГБТІ-меншасцяў сутыкаюцца з штодзённай дыскрымінацыяй.

У 2016 годзе ў Беларусі да вышэйшай меры пакарання былі асуджаныя тры чалавекі; яшчэ адзін, Сяргей Іваноў, быў расстраляны ў ноч на 18 траўня. Сяргей Іваноў быў расстраляны нягледзячы на той факт, што Камітэт па правах чалавека ААН звярнуўся з просьбай аб адтэрміноўцы выканання пакарання на час разгляду яго справы, што з’яўляецца парушэннем абавязальніцтваў Беларусі ў рамках Першага факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Гэта ўжо восьмы выпадак пачынаючы з 2010 года, калі ў Беларусі расстрэльваюць чалавека, чыя справа знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН.

У Беларусі прысуджаных да смяротнага пакарання расстрэльваюць стрэлам у патыліцу. Сем'ям не паведамляюць загадзя пра дату пакарання і не дазваляюць апошняе спатканне. Цела расстралянага не выдаецца сям'і для пахавання і месца пахавання не разгалошваецца. У 2012 годзе Камітэт па правах чалавека ААН пастанавіў, што сакрэтнасць, якая існуе вакол смяротнага пакарання ў Беларусі, уяўляе сабой бесчалавечнае абыходжанне ў дачыненні да сем'яў і парушае артыкул 7 МПГПП, які забараняе катаванні і жорсткае, бесчалавечнае або прыніжаючае годнасць абыходжанне ці пакаранне.

Беларускія ўлады пастаянна парушаюць правы на свабоду мірных сходаў, асацыяцыі і выказвання меркавання; ахвярамі гэтых парушэнняў з’яўляюцца, у прыватнасці, актывісты грамадзянскай супольнасці, праваабаронцы, незалежныя СМІ, журналісты і інтэрнэт-актывісты. Закон аб масавых мерапрыемствах, у адпаведнасці з якім любы сход або публічны пратэст лічыцца незаконным, калі яго арганізатары не атрымалі спецыяльнага дазволу ад уладаў, прымяняецца на пастаяннай аснове, моцна звужаючы ажыццяўленне права на свабоду мірных сходаў. Акрамя таго, пашырылася само вызначэнне тэрміна "масавыя мерапрыемствы”, была ўведзеная крымінальная адказнасць за арганізацыю такіх мерапрыемстваў, з’явіліся дадатковыя абмежаванні у дачыненні да прымальнасці месцаў правядзення акцый, а таксама забарона на распаўсюд інфармацыі аб публічных сходах да атрымання афіцыйнага дазволу.

Аналагічным чынам, артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, які забараняе дзейнасць незарэгістраваных арганізацый, тармозіць развіццё грамадзянскай супольнасці. Сістэма рэгістрацыі застаецца у значнай ступені абструктыўнай, непразрыстай і непаслядоўнай. Яна прымяняецца адвольна і служыць для падаўлення законнай працы незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці, якім неаднаразова адмаўлялі ў рэгістрацыі на нязначных ці неабгрунтаваных падставах. Звязаная з гэтым пагроза або фактычная крыміналізацыя іх дзейнасці застаецца адной з самых сур'ёзных перашкодаў на шляху свабоды асацыяцыі ў Беларусі.

Сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі застаюцца пад жорсткім кантролем дзяржавы. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі, журналісты і інтэрнэт-актывісты рэгулярна сутыкаюцца з перашкодамі і пераследам у выглядзе адвольных арыштаў, папярэджанняў, адміністрацыйных пераследаў і крымінальных працэсаў.

Журналісты-фрылансеры, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, мусяць атрымаць акрэдытацыю ад уладаў, адсутнасць якой караецца штрафамі. Расплывіста сфармуляваныя папраўкі да Закона аб сродках масавай інфармацыі дазваляе ўраду абавязаць інтэрнэт-правайдэраў блакаваць доступ да пэўных інтэрнэт-рэсурсаў без рашэння суда. Некалькі вэб-сайтаў ужо былі заблакаваныя ў адпаведнасці з гэтым палажэннем.

Таемнае сачэнне ў Беларусі рэгулюецца нарматыўна-прававой базай, якая не адпавядае міжнародным стандартам і характарызуецца празмернымі захадамі бяспекі. У выніку гэтага цалкам магчыма, што практычна любы чалавек можа быць аб’ектам сачэння, аднак пра гэта немагчыма даведацца. Гэтая нявызначанасць аказвае стрымліваючае ўздзеянне на праваабаронцаў, апазіцыйных палітыкаў, адвакатаў, эколагаў, журналістаў і разнастайных актывістаў, а таксама абмяжоўвае іх здольнасць ажыццяўляць свае правы, у тым ліку права на свабоду асацыяцыі, мірных сходаў і выказвання меркавання.

Стаўленне грамадства да ЛГБТІ-супольнасці збольшага вельмі негатыўнае. Прадстаўнікі меншасцяў сутыкаюцца з дыскрымінацыяй і пераследам, калі яны адкрыта заяўляюць аб сваёй сэксуальнай арыентацыі або гендарнай ідэнтычнасці. Праявамі такога пераследу з’яўляюцца выпадкі прымянення гвалту з боку праваахоўных органаў. У Беларусі адсутнічае фундаментальнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, а палажэнні, якія абараняюць ад дыскрымінацыі ў Канстытуцыі і Працоўным кодэксе, канкрэтна не згадваюць сэксуальную арыентацыю і гендарную ідэнтычнасць у якасці падставаў для абароны. Крымінальны кодэкс не ўключае аніякіх спасылак на гамафобію ці трансфобію ў якасці абцяжваючых падставаў пры расследаванні або крымінальным пераследзе за злачынствы на глебе нянавісці ў дачыненні да ЛГБТІ-меншасці. Тыя нешматлікія справы, звязаныя з злачынствамі на глебе нянавісці, якія ўсё-ткі даходзяць да суда, кваліфікуюцца як “хуліганства”.

У святле вышэй сказанага і нягледзячы на палітычныя змены з боку міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Беларусі, фактам застаецца тое, што асноўныя правы чалавека і асноўныя свабоды сістэматычна парушаюцца з боку беларускіх уладаў. Праваабарончая супольнасць павінна прыкласці усе свае намаганні, каб абараніць правы беларускага народа. Роля спецыяльнага дакладчыка ў сувязі з гэтым мае вырашальнае значэнне для забеспячэння строгага кантролю i справаздачнасцi па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, што мае важнае значэнне для забеспячэння гарантыяў адказнасці за парушэнні правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства