viasna on patreon

Міжнародныя НДА прапануюць праваабаронцам садзейнічанне ў працы з механізмамі ААН

2016 2016-11-04T15:06:58+0300 2016-11-04T15:11:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/renate_bloem_i_maina_kiai.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік CIVICUS Рэната Блюм і тэматычны спецдакладчык ААН Майна Кіаі. Ілюстрацыйнае фота з акаўнта ў Flickr Майны Кіаі

Кіраўнік CIVICUS Рэната Блюм і тэматычны спецдакладчык ААН Майна Кіаі. Ілюстрацыйнае фота з акаўнта ў Flickr Майны Кіаі

Міжнародныя няўрадавыя арганізацыі, якія працуюць пры ААН, адкрытыя да супрацы і гатовыя да інфармацыйнага садзейнічання арганізацыям грамадзянскай супольнасці Беларусі, якія ўзаемадзейнічаюць з праваабарончымі механізмамі ААН.

Запэўніванні ў падтрымцы беларускія праваабаронцы атрымалі падчас візіту ў Жэневу на мінулым тыдні ад прадстаўнікоў такіх міжнародных арганізацый, як ISHR, CIVICUS, HURIDOCS, UPR-Info, ILGA.

У прыватнасці, кіраўнік CIVICUS Рэната Блюм прадставіла новы праект сваёй арганізацыі Civic Space Monitor - інструмент адсочвання парушэнняў у дачыненні да грамадзянскай супольнасці ва ўсім свеце. Па словах спн. Блюм, ідэя гэтага маніторынгу ўзнікла ў звязку з тым, што ў 2014 такія парушэнні былі зафіксаваныя CIVICUS у 96 краінах. Яна адзначыла, што важнасць новага інструмента заключаецца ў тым, што ён быў распрацаваны ў супрацы з больш чым 20 экспертамі, якія прадстаўляюць менавіта арганізацыі грамадзянскай супольнасці з усяго свету.

«Сімвалічна, што Civic Space Monitor быў запушчаны ў Дзень ААН, 24 кастрычніка. Гэты механізм, створаны самой грамадзянскай супольнасцю, закліканы стаць яго голасам у структурах ААН. Гэта рупар грамадзянскай супольнасці для трансляцыі інфармацыі пра парушэнні правоў чалавека ў вашай краіне. Ён служыць таму, каб прадстаўнікі дзяржавы не маглі, прыехаўшы ў ААН, безапеляцыйна заяўляць, што ў іх усё добра. Бо часта ж інфармацыя ў розныя структуры ААН прадастаўляецца толькі з нацыянальных статыстычных агенцтваў, а галасы няўрадавых арганізацый у краіне заглушаюцца. Нашая мэта - сабраць як мага больш альтэрнатыўнай інфармацыі ў адным месцы і тым самым зрабіць гучнейшым голас грамадзянскай супольнасці», - сказала Рэната Блюм.

Суразмоўца паведаміла, што ў прынцыпе любая арганізацыя, якая ажыццяўляе маніторынг правоў чалавека ўнутры краіны, можа прадастаўляць сваю інфармацыю для публікацыі на сайце Civic Space Monitor. Але пры гэтым яна падкрэсліла важнасць кааліцыйнага фармату працы праваабаронцаў унутры краіны:

«Узаемадзеянне заўсёды нашмат больш эфектыўнае, калі нацыянальныя арганізацыі могуць скааперавацца ў краіне і прадставіць нам агульную пазіцыю, а не паасобку. І мы чакаем менавіта такога падыходу да супрацоўніцтва».

Прадстаўнікі арганізацый HURIDOCS і UPR-Info распавялі гасцям з Беларусі, што ўвесь час вядуць працу з тым, каб палегчыць пошук неабходнай інфармацыі па асобнай краіне ў даволі складанай сістэме інфармацыйных рэсурсаў ААН. HURIDOCS, якая аказвае падтрымку праваабарончым арганізацыям па аптымізацыі інфармацыйных сістэмаў, распрацавала сайт для Савета па правах чалавека RightDocs, дзе можна знайсці важныя рэзалюцыі ААН па Беларусі. На сайце UPR-Info сабраныя дакументы, якія тычацца праходжання Беларуссю працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека. Прадстаўнікі абедзвюх арганізацый выказалі надзею, што іх рэсурсы будуць карысныя беларускім праваабаронцам у працы з адпаведнымі механізмамі ААН, а таксама пацвердзілі сваю гатоўнасць да садзейнічання ў гэтым накірунку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства