Беларусь спрабавала заблакаваць рэзалюцыю па Крыме на Генасамблеі ААН
15 лістапада за некалькі гадзін да галасавання ў трэцім камітэце Генасамблеі ААН па праекце рэзалюцыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме, ініцыяванай Украінай, Беларусь паспрабавала блакаваць разгляд пытання, карыстаючыся працэдурай «no action motion». Супраць ініцыятывы Беларусі выступіла 101 краіна, 37 - устрымаліся, падтрымалі такую прапанову 32 краіны.
Як паведаміў сайт ЛІГА.net, першая намесніца міністра інфармацыйнай палітыкі Украіны Эмінэ Джэпар апублікавала спіс краін, якія падтрымалі спробу Беларусі заблакаваць рэзалюцыю па Крыме:
- Алжыр
- Ангола
- Бангладэш
- Беларусь
- Балівія
- Бруней
- Бурундзі
- Кітай
- Каморскія выспы
- Куба
- КНДР
- Егіпет
- Індыя
- Інданезія
- Іран
- Кенія
- Кыргызстан
- Лаоская НДР
- М'янма
- Нікарагуа
- Расія
- Сінгапур
- Судан
- Сірыя
- Таджыкістан
- Узбекістан
- Венесуэла
- В'етнам
- Зімбабвэ
- Ірак
- Гамбія
- Эрытрэя.
Падаю пералік краін, якія падтрымалі спробы Беларусі блакаваць разгляд парадку дня. «Спіс сябраў». Ад кожнага з іх можна чакаць галасавання супраць рэзалюцыі па Крыме.
Мэтай рэзалюцыі «Сітуацыя з правамі чалавека ў АРК Крым і Севастопаль» з'яўляецца абарона канстытуцыйных правоў украінцаў на тэрыторыі акупаванага паўвострава. У дакуменце таксама агучаны заклік да РФ прадаставіць міжнародным праваабаронцам механізм бесперашкоднага доступу ў Крым для маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека.
Расія акупавала Аўтаномную рэспубліку Крым ў 2014-м годзе. Вярхоўная Рада Украіны афіцыйна абвясціла 20 лютага 2014 года пачаткам часовай акупацыі Крыма і Севастопаля Расіяй. Ключавыя міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Генеральная асамблея ААН, асудзілі дзеянні Расіі і назвалі анэксію і акупацыю Крыма незаконнай. Супраць РФ былі ўведзеныя эканамічныя санкцыі. За правядзенне Масквой так званых выбараў з удзелам Крыма ў 2016-м годзе парламент Украіны прызнаў Дзярждуму РФ нелегітымнай. У сакавіку 2014 года Генеральная Асамблея ААН пацвердзіла незаконнасць сепаратысцкага рэферэндуму ў Крыме, які адбыўся 16 сакавіка, і заклікала не парушаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.