viasna on patreon

Камітэт ААН зарэгістраваў скаргу гомельскай журналісткі

2016 2016-11-22T08:17:02+0300 2016-11-22T08:22:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shchyrakova-7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ларыса Шчыракова. Фота: svaboda.org

Ларыса Шчыракова. Фота: svaboda.org

Камітэт ААН па правах чалавека прыступіў да разгляду скаргі намесніцы старшыні гомельскага аддзялення Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай, якая паскардзілася ў міжнародную інстанцыю аб парушэнні правоў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі (выказванне меркавання), а таксама на абарону ў судзе (справядлівы суд).

“Гомельская Вясна” нагадвае, 12 сакавіка 2015 года суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок прысудзіў Ларысе Шчыраковай буйны штраф за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам "Белсат", дзе быў паказаны зняты ёю на цэнтральным гомельскім рынку рэпартаж аб праблемах прадпрымальнікаў.

"У Беларусі я прайшла ўсе ступені судовай абароны і ўсё безвынікова. А калі я звярнулася з нагляднай скаргай у пракуратуру, аказалася, што да гэтага часу скончыўся 6-ці месячны тэрмін, які дзяржава адвяла для абскарджання адміністрацыйных пастаноў. Атрымліваецца, па "белсатаўскіх справах" абароны ў краіне няма, таму я выкарыстала адзіна магчымы міжнародны механізм абароны сваіх правоў", - заявіла журналістка.

Юрыст "Беларускай асацыяцыі журналістаў" Леанід Судаленка, які прадстаўляе інтарэсы журналісткі ў ААН, заяўляе, што справа Ларысы Шчыраковай выявіла шэраг супярэчнасцяў нацыянальнага заканадаўства міжнародным дамовам нашай краіны.

"Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму свабоду на збор і распаўсюд інфармацыі, наш жа нацыянальны Закон аб СМІ празмерна абмяжоўвае саму сутнасць гэтага права. Кожны мае права свабодна выбіраць сабе абаронцу ў судзе, наш заканадавец абмежаваў гэта права выключна паслугамі адваката. Я ўпэўнены, што ў гэтай справе будуць устаноўлены пералічаныя парушэнні правоў журналісткі", - падкрэсліў БАЖаўскі юрыст.

І хоць беларускія ўлады пакуль не рэагуюць на рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека, гомельская журналістка-фрылансер лічыць, што пытанне выканання рашэнняў, якія прымаюцца ў Жэневе пытанне будучыні, на якую сёння трэба працаваць.

"Акрамя ўстанаўлення непасрэдных парушэнняў маіх правоў, у скарзе таксама пастаўлена пытанне аб абавязку ўрада Беларусі змяніць нацыянальнае заканадаўства такім чынам, што б практыка яго прымянення не прыводзіла ў далейшым да апісаных мною парушэнняў", - дапоўніла Ларыса Шчыракова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства