viasna on patreon

КПЧ ААН прыняў да разгляду скаргу Юрася Беленькага

2017 2017-01-03T14:08:34+0300 2017-01-03T14:23:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bielienki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Скарга намесніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага ў Камітэт па правах чалавека ААН звязаная з яго пераследам за мемарыяльныя акцыі ў Курапатах і Лошыцкім яры ў 2014 годзе. У віну яму ставілася тое, што ён не ўзгадніў з міліцыяй меры па забеспячэнні грамадскага парадку падчас правядзеня масавых мерапрыемстваў - пры тым што акцыі прайшлі ў поўнай адпаведнасці з дазволам Мінгарвыканкама і не суправаджаліся парушэннямі грамадскага парадку.

Юрась Беленькі. Фота: svaboda.org

Сутнасць прэтэнзіяў Юрася Беленькага заключаецца ў тым, што, па-першае, у межах трох адміністратыўных справаў ён быў аштрафаваны па абвінавачанні ў парушэнні парадку арганізацыі шэсцяў у Курапаты і Лошыцкі яр (паводле ч.2. арт 23.34 КаАП РБ), хоць заяўніком і арганізатарам акцыяў з’яўлялася партыя; па-другое, ён прынцыпова не пагаджаецца з неабходнасцю аплаты паслугаў па ахове бяспекі і медыцынскай дапамозе, паколькі, паводле міжнародных стандартаў, забеспячэнне правядзення мірных сходаў з’яўляецца пазітыўным абавязальніцтвам самой дзяржавы. На гэтай пазіцыі спадар Беленькі настойваў пры абскарджанні штрафаў у беларускіх судах рознага ўзроўню, яе даводзіць і ў звароце ў Камітэт па правах чалавека ААН, падрыхтаваным праваабаронцамі “Вясны”.

Прыцягненне Юрася Беленькага да адміністратыўнай адказнасці ў акрэсленых выпадках праваабаронцы разглядаюць як пераслед за рэалізацыю ім свайго права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў (то бок, парушэнне артыкулаў 21 і 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах) і разам з тым падкрэсліваюць, што забеспячэнне грамадскага парадку падчас правядзення мірных сходаў і саміх дэманстрантаў з’яўляецца прэрагатывай органаў міліцыі.

Індывідуальны зварот спадара Беленькага, накіраваны ў Камітэт 5 лютага 2016 года, зарэгістраваны пад нумарам 2860/2016 і ў далейшым будзе разгледжаны экспертамі КПЧ ААН. На цяперашнім этапе, як паведаміў Камітэт заяўніку, копія звароту накіравана беларускай дзяржаве, якая на працягу шасці месяцаў павінна даць Камітэту свой адказ па дадзеным пытанні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства