Прадказальны характар рашэння па рэгістрацыі "Вясны" не дае падставаў для звароту ў Мінюст
Актуальнасць дадзенага пытання звязана з падрыхтоўкай кааліцыяй праваабарончых арганізацый альтэрнатыўнага дакладу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Эксперты КПЧ уключылі просьбу аб тлумачэнні сітуацыі з адмовай у рэгістрацыі ПЦ "Вясна" ў пералік пытанняў, якія падлягаюць разгляду ў рамках справаздачнасці Беларусі перад гэтым дамоўным органам.
На сённяшні дзень КПЧ выкарыстоўвае спрошчаную працэдуру справаздачнасці, накіроўваючы дзяржаве-ўдзельніцы Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) пытанні адносна захавання тых ці іншых правоў, адказы на якія і з'яўляюцца афіцыйным дакладам. На дадзеным этапе беларускія ўлады ўжо накіравалі свае адказы Камітэту. Праваабаронцы рыхтуюць альтэрнатыўны даклад, каб данесці да экспертаў ААН пазіцыю грамадзянскай супольнасці краіны па пастаўленых пытаннях.
У групе адрасаваных беларускай дзяржаве пытанняў, якія тычацца свабоды выказвання меркаванняў, мірных сходаў, свабоды асацыяцыяў і права на ўдзел у дзяржаўных справах, КПЧ, з улікам сваіх папярэдніх заключных заўваг, просіць прадаставіць інфармацыю пра меры, якія прымаюцца для вырашэння такіх праблем, як распаўсюджаныя адмовы ў рэгістрацыі па палітычных матывах або на дыскрымінуючых падставах, уключаючы адмову ў рэгістрацыі Праваабарончаму цэнтру "Вясна", і абвяшчэнне супрацьзаконным удзелу ў дзейнасці незарэгістраваных асацыяцый.
Адказваючы на пытанне наконт нерэгістрацыі "Вясны", беларускія ўлады паведамілі Камітэту:
«Заснавальнікамі грамадскай арганізацыі "Вясна" не рабілася спробаў зарэгістраваць арганізацыю ўжо на працягу амаль васьмі гадоў (з траўня 2009 года). Дакументы аб дзяржаўнай рэгістрацыі гэтай арганізацыі, якія паступалі раней, не адпавядалі патрабаванням заканадаўства, у сувязі з чым рэгіструючым органам прымаліся рашэнні аб адмове ў яе рэгістрацыі. Прымаючы пад увагу, што названая арганізацыя ў якасці грамадскага аб'яднання, палітычнай партыі або юрыдычнай асобы іншай арганізацыйна-прававой формы ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь не была зарэгістраваная, а ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў звестак аб дзяржаўнай рэгістрацыі дадзенай арганізацыі таксама не ўтрымлівалася, Бяляцкаму А.В., які пазіцыянаваў сябе ў якасці кіраўніка арганізацыі "Вясна", у лютым 2011 года Генеральнай пракуратурай вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння дзеючага заканадаўства».
У сувязі з гэтым бачыцца неабходнасць нагадаць пра пазіцыю па гэтым пытанні заснавальнікаў ПЦ "Вясна", пазбаўленага рэгістрацыі ў кастрычніку 2003 года па прычыне ўдзелу сябраў арганізацыі ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года.
На сённяшні дзень ёсць два рашэнні КПЧ ААН адносна нерэгістрацыі арганізацыі. У першым рашэнні, прынятым у 2007 годзе, КПЧ даў ацэнку справе, прызнаўшы, што ліквідацыяй ПЦ "Вясна" беларускія ўлады парушылі права на асацыяцыю ў дачыненні да заснавальнікаў арганізацыі (пункт 1 артыкула 22 МПГПП), і рэкамендаваў ураду Беларусі правесці перарэгістрацыю арганізацыі і прыняць меры па недапушчэнні падобных парушэнняў у будучыні. У другім рашэнні, прынятым ў 2014 годзе па справе Алеся Бяляцкага, КПЧ даў ацэнку тром адмовам у рэгістрацыі "Вясны" ў 2007 і 2009 гадах і папярэджанню Генпракуратуры на адрас Алеся Бяляцкага за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, расцаніўшы прыцягненне кіраўніка "Вясны" да крымінальнай адказнасці як парушэнне свабоды асацыяцыі, і зноў у якасці сродку прававой абароны рэкамендаваў уладам Беларусі перагледзець заяву аб рэгістрацыі аб'яднання "Вясна" ў адпаведнасці з крытэрамі, якія адпавядаюць патрабаванням артыкула 22 МПГПП). Таксама ў 2012 годзе Рабочая група па адвольных затрыманнях Савета па правах чалавека ААН прызнала, што пазбаўленне волі Алеся Бяляцкага з’яўляецца адвольным і ўяўляе сабой форму парушэння артыкула 22 МПГПП і прасіла ўрад Беларусі прыняць неабходныя меры для выпраўлення становішча - і меры прынялі: заявілі аб адмове ад супрацоўніцтва з Рабочай групай. У тым жа духу ўлады павялі сябе і ў сувязі з двума рашэннямі КПЧ, якія на аснове міжнароднага права прызнаюць легітымнасьць дзейнасці ПЦ "Вясна": афіцыйны Мінск гэтыя рашэнні праігнараваў, выказаўшы меркаванне, што яны маюць рэкамендацыйны характар. У 2015 годзе Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) накіроўвала ў МЗС Беларусі зварот, у якім заклікала ўлады выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы ў рамках структуры ААН і прыняць меры па выкананні асноўных патрабаванняў КПЧ па справе Алеся Бяляцкага, якія тычацца анулявання судзімасці праваабаронцы і рэгістрацыі ўзначаленага ім ПЦ "Вясна". Ніякага адказу на зварот праваабаронцаў ад улад не было.
Паколькі ў апошнія гады ніякія змены ў закон "Аб грамадскіх аб'яднаннях" не ўносіліся, а яго палпжэнні сфармуляваныя такім чынам, што спрыяюць селектыўнаму падыходу да рэгістрацыі аб'яднанняў, то, з улікам папярэдняга досведу і таго факту, што практыка рэгістрацыі няўрадавых арганізацый застаецца ранейшай, для заснавальнікаў "Вясны" пытанне рэгістрацыі носіць даволі прадказальны характар і чарговы зварот у Мінюст з гэтай нагоды бачыцца бессэнсоўным.
Сябры ПЦ "Вясна" неаднаразова заяўлялі, што лічаць сваю праваабарончую дзейнасць абсалютна законнай, паколькі ажыццяўляюць яе ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і палажэннямі Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Дэкларацыі аб праваабаронцах), прынятай рэзалюцыяй 53/144 Генеральнай Асамблеяй ААН 9 снежня 1998 года.
Пры гэтым пазіцыя адносна артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць у незарэгістраванай арганізацыі, якая можа быць прыменена да членаў ПЦ "Вясна", міжнароднай супольнасцю сфармуляваная адназначна: забарона такой дзейнасці і адказнасць за яе супярэчыць як Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, так і ратыфікаваным ёю міжнародным актам, у прыватнасці - МПГПП. Прымяненне артыкула 193-1 КК з'яўляецца сведчаннем найгрубейшага парушэння Рэспублікай Беларусь свабоды асацыяцый і застаецца нязменным аб'ектам крытыкі з боку ўплывовых міжнародных арганізацый, у тым ліку АБСЕ і ААН.
Тут дарэчы нагадаць пра заключэнне Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія), якая з'яўляецца кансультатыўным органам пры Савеце Еўропы, з нагоды сумяшчальнасці артыкула 193-1 КК з універсальнымі стандартамі правоў чалавека:
"Прызнанне аб'яднання ў якасці юрыдычнай асобы з'яўляецца неад'емным элементам рэалізацыі права на свабоду асацыяцыяў, адмова ж ад рэгістрацыі арганізацыі павінна адпавядаць патрабаванням артыкулаў 22 МПГПП і 11 ЕКПЧ. Гэта азначае, на думку Венецыянскай камісіі, што сам факт адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыі не можа быць падставай для пакарання за дзеянні, звязаныя з дзейнасцю такой арганізацыі. Гэта зрабіла б немагчымай дзейнасць незарэгістраваных арганізацый і, такім чынам, абмежавала б саму сутнасць права на свабоду аб'яднанняў.
Акрамя таго, дастаткова сур'ёзнай акалічнасцю з'яўляецца тое, што артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса дае досыць шырокую фармулёўку крымінальнага пакарання, асабліва ў частцы санкцыі, якая не з'яўляецца неабходнай для абароны любога з грамадскіх інтарэсаў або правоў іншых асобаў, згаданых у артыкулах 22 МПГПП і 11 ЕКПЧ у дачыненні да «абароны грамадскіх інтарэсаў», не кажучы ўжо пра тое, што падобнае агульнае пакаранне павінна быць суразмерна з іншымі інтарэсамі і правамі".
Пры адказе на пытанне КПЧ адносна крыміналізацыі дзейнасці незарэгістраваных арганізацый беларускія ўлады паведамляюць, што з 2011 па 2016 гады асобаў, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці па артыкуле 193-1 КК, не было. Пры гэтым, як у выпадку з Алесем Бяляцкім, афіцыйныя папярэджанні аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці на падставе артыкула 193-1 выносяцца органамі пракуратуры і КДБ і выкарыстоўваюцца як сродак запалохвання.
Нягледзячы на тое, што ў ходзе першага раўнда Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) у Савеце па правах чалавека ААН, які Беларусь праходзіла ў 2010 годзе, у адрас дзяржавы былі вынесеныя шматлікія рэкамендацыі аб адмене артыкула 193-1 КК і ў той час заявы аб неабходнасці скасавання гэтага артыкула гучалі з вуснаў некаторых высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў, у прыватнасці, намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч, ён па-ранейшаму застаецца ў крымінальным заканадаўстве.
Пры падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу ў КПЧ ААН праваабарончыя арганізацыі Беларусі працягваюць настойваць на неабходнасці прывядзення заканадаўства і практыкі яго прымянення ў галіне свабоды асацыяцыяў і прававога рэгулявання арганізацый грамадзянскай супольнасці ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, у тым ліку на адмене крымінальнай адказнасці за арганізацыю і ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных арганізацый, а таксама адмене забароны на дзейнасць незарэгістраваных аб'яднанняў.