Эксперт ААН заклікае захаваць міжнародны кантроль за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Відэа
14 чэрвеня Міклаш Харасці прадставіў пяты даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на 35 сэсіі Савета па правах чалавека ААН.
Спецыяльны дакладчык Арганізацыя Аб'яднаных Нацый апісаў жорсткі разгон мірных дэманстрацый у лютым-сакавіку гэтага года як сведчанне цыклічнага характару прыгнёту правоў чалавека ў Беларусі. Ён таксама папярэдзіў, што судовыя працэсы, якія маюць адбыцца ў бліжэйшы час, патэнцыйна могуць прывесці да з’яўлення новых палітычных зняволеных.
“Усяго праз некалькі месяцаў пасля таго, як беларускія ўлады, як здавалася, аслабілі наступ на іншадумства, новая хваля гвалтоўных агульнанацыянальных рэпрэсій закранула тысячы людзей, якія мірна пратэставалі супраць непрадуманых сацыяльных захадаў”, — сказаў Харасці, прадстаўляючы свой новы даклад Савету па правах чалавека.
“Больш за тысячу чалавек былі адвольна затрыманыя, што сведчыць пра вяртанне Беларусі да практыкі замоўчвання тых, хто ажыццяўляе свае асноўныя грамадзянскія правы”, — адзначыў ён.
Сп. Харасці сказаў, што вельмі важна захаваць міжнародны кантроль, паколькі жорсткі разгон мірных дэманстрацый, а таксама адсутнасць намаганняў па рэфармаванні законаў і палітыкі, якая ляжыць у аснове няспынных рэпрэсій, выкрылі “цыклічны” характар парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
“Сакавіцкія падзеі прадэманстравалі перыядычнасць у палітыцы ўладаў у галіне правоў чалавека”, — сказаў ён. — “Іх рэакцыя была, на вялікі жаль, вельмі падобная на адказ уладаў на акцыю пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, што і прымусіла Савет па правах чалавека стварыць гэты мандат”.
Спецыяльны дакладчык адзначыў некалькі пазітыўных падзей у галіне правоў чалавека ў Беларусі з чэрвеня мінулага года, у тым ліку абранне дзвюх прадстаўніц апазіцыі ў парламент на выбарах у верасні 2016 года, а таксама рэгістрацыю руху «Гавары праўду» у мінулым месяцы, хоць і не ў якасці палітычнай арганізацыі.
“Улады абвясцілі аб распрацоўцы плана па ажыццяўленню асобных рэкамендацый у галіне правоў чалавека”, — сказаў ён. “На жаль, нават калі ўвесь спіс з 100 захадаў будзе цалкам рэалізаваны, рэальнасць правоў чалавека на месцах не зменіцца, паколькі арганізацыі грамадзянскай супольнасці не спрычыніліся да распрацоўкі гэтага плана, а таксама таму, што план не ўлічвае сістэмныя і даўно вядомыя праблемы правоў чалавека Беларусі”.
Спецыяльны дакладчык нагадаў аб працягу прымянення “дазваляльнай сістэмы” рэгістрацыі НДА.
“Краевугольным каменем сістэмнага прыгнёту правоў чалавека з'яўляецца артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за любую не санкцыянаваную ўладамі грамадскую дзейнасць. Сёння ўсе грамадзяне Беларусі, якія вырашылі ажыццяўляць свае грамадзянскія правы, дэ-юрэ здзяйсняюць злачынства, і менавіта ад адвольных рашэнняў уладаў залежыць, калі яны стануць дэ-факта злачынцамі, ахвярамі гвалту з боку праваахоўных органаў і капрызаў судовай сістэмы без належнага судовага працэсу і роўнасці перад законам,” — падкрэсліў сп. Харасці.
“Цыклічны падыход Беларусі да правоў чалавека знаходзіць яшчэ адзін доказ ва ўжыванні смяротнага пакарання”, — дадаў эксперт.
Ён сказаў:
“У 2016 годзе ў Беларусі пакараны смерцю чатыры чалавекі, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам з 2008 года. Пасля публікацыі майго даклада яшчэ адзін чалавек быў расстраляны ў красавіку. Умовы, пры якіх праводзяцца расстрэлы, прыроўненыя да жорсткага абыходжання, гэтак жа, як і судовая сістэма, якая працягвае адмаўляць права на справядлівае судовае разбіральніцтва”.
Сп. Харасці таксама падкрэсліў патэнцыял для з’яўлення новых палітычных зняволеных, што з’яўляецца яшчэ адной цыклічнай праблемай у Беларусі.
“Па стане на сённяшні дзень, больш за дзесяць чалавек арыштаваныя і абвінавачаныя ў змове супраць дзяржавы або падрыхтоўцы беспарадкаў. Ёсць дакладныя паведамленні аб катавання, якія ўжываюцца, каб прымусіць іх прызнацца ў палітычна матываваных абвінавачваннях”, — адзначыў ён.
“Гэтая працэдура адбываецца без аніякай сувязі з грамадскасцю, і гэта павышае небяспеку з’яўлення новых палітычных зняволеных пасля таго, як апошнія палітычныя зняволеныя былі вызваленыя напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года”, — сказаў Спецыяльны дакладчык.
Варта дадаць, што нацыянальныя і міжнародныя праваабаронцы выступаюць за падаўжэнне мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі і неабходнасць гэтага даводзілі падчас сустрэчаў з прадстаўніцтвамі розных краінаў-сябраў Савета па правах чалавека ў Жэневе, якія правялі з 30 траўня па 1 чэрвеня.
Нагадаем, Міклаш Харасці (Венгрыя) быў прызначаны Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Саветам па правах чалавека ААН у 2012 годзе.
Спецыяльныя дакладчыкі з'яўляюцца часткай спецыяльных працэдураў Савета па правах чалавека. Спецыяльныя працэдуры, найбуйнейшы орган незалежных экспертаў у сістэме Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека, — гэта агульная назва незалежных механізмаў выяўлення фактаў і маніторынгу Савета, якія тычацца альбо канкрэтных сітуацый у краінах, або тэматычных пытанняў ва ўсіх частках свету. Эксперты спецыяльных працэдур працуюць на добраахвотнай аснове; яны не з'яўляюцца супрацоўнікамі ААН і не атрымліваюць зарплату за сваю працу. Яны не залежаць ад якога-небудзь ўрада ці арганізацыі і выступаюць у асабістай якасці.