Міклаш Харасці прыехаў у Мінск па запрашэнні АБСЕ Відэа
Міжнародны эксперт возьме ўдзел у 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якая будзе праходзіць 5 – 9 ліпеня ў Мінску.
Па прыездзе ў Мінск Міклаш Харасці выказаў шкадаванне наконт таго, што гэты візіт у Беларусь ён ажыццяўляе не ў якасці спецдакладчыка ААН, тым не менш, ён паведаміў, што сваю пазіцыю адносна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі зможа агучыць на афіцыйнай пляцоўцы: у якасці запрошанага эксперта спадар Харасці выступіць на паралельным мерапрыемстве падчас 26-й сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якое адбудзецца 6 ліпеня.
У каментары з нагоды візіту ў Беларусь, які Міклаш Харасці даў Праваабарончаму цэнтру "Вясна", ён выказаў спадзяванне, што ўдзел у такім афіцыйным мерапрыемстве як сесія ПА АБСЕ стане першым крокам на шляху да прызнання афіцыйным Мінскам мандата краінавага спецдакладчыка ААН.
Нагадаем, з 2012 года Міклаш Харасці з’яўляецца Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Савета па правах чалавека ААН. Аднак беларускія ўлады ад самага пачатку не прызнаюць гэты мандат і адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам. Наведаць Беларусь у гэтай якасці спадар Харасці не меў магчымасці, паколькі на гэта неабходна афіцыйнае запрашэнне ўладаў. Пры падрыхтоўцы ўсіх сваіх справаздачаў спецдакладчык выкарыстоўвае інфармацыю ад беларускіх праваабаронцаў, экспертаў, журналістаў, з якімі сустракаецца за межамі краіны, чэрпае неабходныя звесткі з афіцыйных дакументаў, а таксама з перапіскі грамадзянаў Беларусі з іншымі праваабарончымі механізмамі ААН. Апошнюю справаздачу па Беларусі спецдакладчык прадставіў Савету па правах чалавека ААН 14 чэрвеня гэтага года, а 23 чэрвеня Савет прыняў рэзалюцыю па Беларусі і падоўжыў мандат спецдакладчыка яшчэ на адзін год. Праваабарончая супольнасць вітала працяг міжнароднага кантроля за сітуацыяй у Беларусі.