viasna on patreon

Пасля 29 сутак у ШІЗА палітвязень Міхаіл Жамчужны на месяц накіраваны ў ПКТ

2017 2017-09-14T12:33:53+0300 2017-09-14T13:05:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhamchuzhny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, пасля пераводу ў калонію ў Горках палітвязень Міхаіл Жамчужны ўжо чатыры разы быў змешчаны ў штрафны ізалятар – на 5, 10 (пазней тэрмін быў скарочаны да 7 сутак), 10 і 7 сутак.  Такім чынам, агулам з пачатку жніўня ён правёў у ШІЗА 29 сутак. Пасля выхаду з ізалятара Міхаілу Жамчужнаму было вынесена чарговае спагнанне – адзін месяц змяшчэння ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Міхаіл Жамчужны па-ранейшаму падвяргаецца правакацыям, звязанымі з устанаўленнем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін, якія дазваляюць з папушчальніцтва адміністрацый папраўчых устаноў ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання да асобных асуджаных.

Спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”, расцэньваючы гэта як непадпарадкаванне. Пры гэтым у тлумачальных, якія палітвязень дае падчас атрымання спагнанняў, ён указвае на сапраўдныя прычыны непадпарадкавання.

У ШІЗА Міхаіл Жамчужны ўтрымліваўся асобна і, каб пазбегнуць правакацый, патрабаваў, каб да яго нікога не падсаджвалі. Адміністрацыя дадзеныя патрабаванні задавальняла. У ПКТ Міхаіл Жамчужны таксама ўтрымліваецца адзін.

Пасля адбыцця ўсіх тэрмінаў у ШІЗА Міхаілу Жамчужнаму было перададзена каля 20 лістоў, якія прыйшлі палітвязню. Аднак лісты былі без канвертаў, і Міхаіл Жамчужны не можа нікому накіраваць адказы, паколькі не мае адваротных адрасоў сваіх адрасатаў. Ён просіць усіх, з кім трымае перапіску, даслаць яму лісты з указаннем адваротных адрасоў у зместе ліста, паколькі канверты могуць быць неперададзеныя зноў. У адрасе замест атраду неабходна ўказваць ПКТ.

Не выключана, што пасля адбыцця Міхаілам Жамчужным тэрміну ў ПКТ, будзе распачата працэдура пераводу яго на турэмныя ўмовы ўтрымання. Тэрмін змяшчэння ў ПКТ заканчваецца 4 кастрычніка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства