Палітвязень Міхаіл Жамчужны пачаў абскарджанне вынесеных яму спагнанняў
Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што на пачатку гэтага тыдня палітвязень Міхаіл Жамчужны падаў скаргу на першае вынесенае яму ў Горацкай калоніі №9 спагнанне ў выглядзе пяці сутак утрымання ў ШІЗА. Скарга пададзена ва Упраўленне дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці. Калі УДВП яе не задаволіць, Міхаіл Жамчужны намераны працягваць абскарджанне ў судзе.
Спагнанне было вынесена яшчэ ў пачатку жніўня, калі Міхаіла Жамчужнага адміністрацыя калоніі спрабавала перавесці ў атрад, які сфарміраваны з асуджаных з "нізкім статусам". За адмову ад пераходу на палітвязня быў складзены рапарт аб непадпарадкаванні.
Па аналагічных падставах (адмовах пераходзіць у атрад №13) на канец кастрычніка ў Міхаіла Жамчужнага было ўжо восемь спагнанняў, семь з якіх – размяшчэнне ў ШІЗА на розныя тэрміны і ў памяшканні камернага тыпу на 1 месяц. На 24 кастрычніка быў прызначаны суд аб пераводзе палітвязня на турэмны рэжым зняволення, але напярэдадні судовага працэсу адміністрацыя адклікала сваё прадстаўленне.
Міхаіл Жамчужны спачатку не планаваў абскарджваць выснесеныя яму спагнанні, але зараз намераны давесці, што ягоныя дзеянні, якія трактуюцца як непадпарадкаванні і за якія выносяцца сістэматычныя спагнанні – вымушаныя, накіраваныя на абарону ягонай годнасці і гонару.
Ён збіраецца абскарджваць усе вынесеныя яму адміністрацыяй калоніі ў Горках спагнанні.