Таццяна Рэвяка просіць назіральныя камісіі наведаць Міхаіла Жамчужнага ў калоніі
Праваабаронца Таццяна Рэвяка звярнулася ў Рэспубліканскую і Магілёўскую абласную грамадскія назіральныя камісіі (ГНК) ў сувязі з надзвычайнай сітуацыяй, якая склалася вакол палітвязня Міхаіла Жамчужнага ў папраўчай калоніі №9 г. Горкі.
У сваёй заяве праваабаронца звярнула ўвагу камісій на той факт, што адміністрацыя калоніі не рэагуе на пастаянныя просьбы Міхаіла Жамчужнага забяспечыць яму бяспечныя ўмовы адбыцця пакарання, а замест гэтага бесперапынна выносіць спагнанні за адмовы следаваць у атрад, сфармаваны з асуджаных з “нізкім статусам”.
“На дадзены момант вядома пра 18 спагнанняў, вынесеных Міхаілу Жамчужнаму ў сувязі з дадзенымі адмовамі, якія тлумачацца адміністрацыяй ВК №9 як парушэнне устаноўленага парадку адбыцця пакарання: двойчы ён быў змешчаны ў ПКТ - кожны раз на тэрмін адзін месяц, 16 разоў - на розныя тэрміны змяшчаўся ў штрафны ізалятар.
Вынесеныя спагнанні асуджаны абскарджвае ва ўстаноўленным законам парадку ў суд і пракуратуру”, - падкрэслівае Таццяна Рэвяка.
Яе таксама турбуе той факт, што 24 студзеня палітзняволены быў збіты іншым асуджаным у калідоры санчасткі пры неўмяшанні і папушчальніцтве супрацоўнікаў калоніі.
Таццяна Рэвяка просіць Рэспубліканскую і Магілёўскую абласную грамадскія назіральныя камісіі наведаць папраўчую калонію №9, сустрэцца з Міхаілам Жамчужным і правесці з ім гутарку пра ўмовы яго ўтрымання, звярнуцца да начальніка ўстановы па тлумачэнні адносна абгрунтаванасці пераследу палітзняволенага і вынясення яму спагнанняў, забеспячэння яму бяспекі ў ходзе далейшага адбыцця пакарання, а таксама запытаць у адміністрацыі ўстановы звесткі і дакументы, неабходныя для правядзення грамадскага кантролю, і ў выніку падрыхтаваць заключэнне аб парушэнні правоў асуджанага.
Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля яго пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.