viasna on patreon

Чачэнскі праваабаронца Аюб Ціціеў прызнаны палітвязнем

2018 2018-02-14T12:07:19+0300 2018-02-14T12:52:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/memorial_logo_.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Мемарыял» лічыць Аюба Ціціева палітвязнем.

Праваабаронца, кіраўнік грозненскага прадстаўніцтва Праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аюб Ціціеў абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 228 КК РФ (незаконнае набыццё і захоўванне наркатычных сродкаў, здзейсненае ў буйным памеры). Аюб знаходзіцца пад вартай ад 9 студзеня 2018 года, з дня, калі пры аглядзе яго аўтамабіля яму быў падкінуты пакет з 206,9 грама марыхуаны.

Мы неаднаразова пісалі пра незаконны пераслед нашага калегі. Тым не менш, мы хочам паўтарыць асноўныя прычыны, па якіх лічым Аюба не толькі цалкам невінаватым, але і палітвязнем.

Кіраўнік прадстаўніцтва ПЦ

Апошнія некалькі месяцаў Ціціеў і іншыя супрацоўнікі «Мемарыялу» ў Чачні працавалі па рэзананснай справе аб 27 затрыманых і затым зніклых (як мяркуецца, расстраляных) жыхарах рэспублікі.

Прадстаўнікі кіраўніцтва Чачэнскай рэспублікі неаднаразова вельмі негатыўна выказваліся аб праваабаронцах. Так, у канцы снежня 2017 года на сайце парламента ЧР і ў СМІ была апублікавана заява старшыні парламента ЧР Магамеда Даудава, зробленая 25 снежня 2017 года. Той адразу звязаў ўключэнне ўладамі ЗША кіраўніка ЧР Рамзана Кадырава ў «спіс Магніцкага» і блакаванне яго акаўнтаў у сацыяльных сетках з дзейнасцю праваабаронцаў і адкрыта заклікаў да іх пераследу.

Пасля арышту Аюба Ціціева і падпалу офіса «Мемарыялу» у Назрані, 17 студзеня 2018 года, у вячэрніх навінах канала ЧГТРК "Грозны" паказалі выступ Рамзана Кадырава на нарадзе з удзелам прадстаўнікоў МУС па ЧР і кіравання Федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ па ЧР.
Кадыраў назваў незалежных праваабаронцаў «ворагамі народа», якія займаюцца «стукацтвам» і дыскрэдытуюць свой народ, заявіў, што ў Чачні ім няма месца і што іх праца ў рэспубліцы не пойдзе, а іх сваякі таксама адказваюць за іх дзеі.

Пазней у інтэрв'ю карэспандэнту DailyStorm Рамзан Кадыраў заявіў, што Аюб Ціціеў нібыта курыў марыхуану, і назваў наркаманам яго сына. У дачыненні да Ціціева была разгорнута траўля на рэспубліканскім тэлебачанні: яго называлі прадстаўніком «пятай калоны», якія маюць сваякоў сярод членаў незаконных узброеных фарміраванняў, і намякалі на тое, што ён ужывае наркотыкі.

За адвакатам Аюба Пятром Заікіным на тэрыторыі Чачні дэманстратыўна сочаць.

Старшыня Рады ПЦ "Мемарыял" Аляксандр Чаркасаў адзначыў:

«Калі ўзгадаць справу Руслана Кутаева, які быў асуджаны пасля таго, як правёў круглы стол да гадавіны дэпартацыі вайнахаў, справу карэспандэнта "Каўказскага вузла" Жалаудзі Герыева, іншыя справы асуджаных фармальна за наркотыкі, можна сказаць, што гэта свайго роду традыцыя ў Чачні. Можна таксама ўспомніць словы самога [намеснік міністра МУС ЧР] Алаудзінава, які заклікаў да барацьбы з ворагамі, падкідваючы ім наркотыкі. Справа супраць Аюба Ціціева - відавочная фабрыкацыя».

Калегам Ціціева добра вядома, што ён рэзка адмоўна ставіўся да шкодных звычак у цэлым, і да ўжывання наркотыкаў у прыватнасці, - і як мусульманін, які жыве паводле традыцыі,  і як спартсмен; Ціціеў вёў здаровы лад жыцця і рэгулярна трэніраваўся. Акрамя таго, па версіі сілавікоў, Аюб нібыта перавозіў вялікую колькасць марыхуаны ў сваёй машыне ў той час, як у рэспубліцы ідзе кампанія па масавым затрыманню рэальных і ўяўных наркаспажыўцоў, якая ідзе з грубымі парушэннямі правоў чалавека. Пра гэтую кампанію Ціціеву было добра вядома. Гэтыя абставіны робяць абвінавачванне ў захоўванні наркотыкаў непраўдападобнымі.

Самі ж дзеянні паліцэйскіх дазваляюць казаць пра відавочны падкід пакета з наркотыкамі і наступную фабрыкацыю справы. Першапачатковы агляд машыны Ціціева, падчас якога і быў «выяўлены» пакет з марыхуанай, ажыццяўляўся без панятых, у разліку на тое, што ён пагодзіцца прызнаць сваю віну ў аддзеле паліцыі. Калі той адмовіўся гэта зрабіць, заявіў аб падкідзе і запатрабаваў выкананне закона, паліцыянты вывезлі яго і машыну з аддзела і правялі другі, «афіцыйны», агляд з удзелам панятых. Версію Ціціева аб тым, што быў не адзін, а два агляды, ускосна пацвярджае сведка.

Пасля таго, як у Ціціева былі ўзятыя змывы з рук, яго вывелі з кабінета да апячатвання ўзораў, а калі прывялі назад, канверты былі ўжо апячатаныя. У выніку невядома, якія менавіта ўзоры далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы.

Ціціева неаднаразова схілялі да самаагавору ў ходзе «гутарак», якія супрацоўнікі паліцыі вялі з ім цягам сямі гадзін паміж фактычным затрыманнем і допускам адваката.

Пералічанае дазваляе казаць аб грубых працэсуальных парушэннях, якія робяць недапушчальнымі ўсе доказы, здабытыя падчас гэтых незаконных дзеянняў.

Насцярожвае і тое, што літаральна за суткі пасля затрымання следства правяло вялікі аб'ём працы з хуткасцю, незвычайнай для радавых крымінальных спраў па гэтым артыкуле, у якой удзельнічалі тры следчыя. Абароне не было прадастаўлена даручэнне, на падставе якога ажыццяўлялася аператыўнае суправаджэнне крымінальнай справы. Пры вывучэнні працэсуальных дакументаў у абароны склалася ўражанне, што яны былі падрыхтаваныя загадзя. Пра магчымасць падкінуць наркотыкі ў такой сітуацыі заявіў нават памочнік пракурора Курчалоеўскага раёна ЧР І. Д. Кадыраў.

Такім чынам, абставіны пераследу дазваляюць меркаваць, што Аюб Ціціеў быў пазбаўлены волі з мэтай спынення яго негвалтоўнай публічнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў. Пры гэтым пазбаўленне свабоды было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй РФ, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, і было заснавана на фальсіфікацыі доказаў усвядомленага злачынства пры адсутнасці яго падзеі.

Праваабарончы цэнтр "Мемарыял» лічыць Аюба Ціціева палітвязнем. Мы патрабуем яго неадкладнага вызвалення і прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да фабрыкацыі яго крымінальнай справы.

Фонд дапамогі палітвязням Саюза салідарнасці палітвязням для дапамогі ўсім палітзняволеным можна папоўніць праз Яндэкс-кашалёк 410011205892134 і карты «Ашчадбанка» № 5469 3800 7023 2177.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства