viasna on patreon

Панядзелак – “судны дзень” для палітвязня Міхаіла Жамчужнага

2018 2018-03-02T15:38:57+0300 2018-03-02T15:49:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhamchuzny_sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны ў судзе.

Міхаіл Жамчужны ў судзе.

На панядзелак, 5 сакавіка, прызначаны два судовыя працэсы па скаргах Міхаіла Жамчужнага на вынесеныя ў адносінах да яго спагнанні адміністрацыяй калоніі №9 у Горках, куды палітвязень пераведзены адбываць пакаранне ў ліпені 2017 года.

У 10 гадзін раніцы ў Магілёўскім абласным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне суда Горацкага раёна ад 23 студзеня, які адмовіў у задавальненні скаргі на вынесеныя Міхаілу Жамчужнаму тры спагнанні ў жніўні 2017 года: 9 жніўня – семь сутак ШІЗА, 16 жніўня – 10 сутак ШІЗА, 28 жніўня – семь сутак ШІЗА. 

На гэты ж дзень у Горацкім раённым судзе на 14.30 запланаваны судовы працэс па скарзе Жамчужнага на вынесеныя спагнанні ў верасні-кастрычніку 2017 года: 4 верасня – адзін месяц ПКТ, 5 кастрычніка – 10 сутак ШІЗА, 16 кастрычніка – 10 сутак ШІЗА, 26 кастрычніка – пяць сутак ШІЗА.

На дадзены момант сувязь праз ліставанне з Міхаілам Жамчужным адсутнічае. Гэта, найбольш верагодна, звязана з чарговым утрыманнем палітвязня ў ШІЗА. Папярэдняе спагнанне ў выглядзе 10 сутак ШІЗА (ужо 19-е па ліку ў Горацкай калоніі) павінна было скончыцца 18 лютага, і цяперашняя адсутнасць карэспандэнцыі ад Міхаіла найхутчэй азначае, што ён зноў змешчаны ў ШІЗА, а не ў ПКТ, бо адтуль перапіска дазволеная.

Праваабаронцы моцна занепакоеныя лёсам Міхаіла Жамчужнага і прадпрымаюць магчымыя спосабы станоўчага ўплыву на сітуацыю, у якой ён апынуўся. Вядома, што пасля звароту ў Рэспубліканскую і Магілёўскую абласную назіральныя камісіі адносна надзвычайнага становішча, у якім апынуўся палітвязень, дадзеныя Камісіі запланавалі наведванне Міхаіла Жамчужнага ў Горацкай калоніі. Візіт павінен адбыцца ў першай палове сакавіка.

Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля яго пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства