ГНК наведаюць Міхаіла Жамчужнага ў калоніі
Рэспубліканская і Магілёўская абласная назіральныя камісіі наведаюць палітзняволенага Міхаіла Жамчужнага 13 сакавіка.
Пра гэта стала вядома з ліста, які атрымала праваабаронца Таццяна Рэвяка з Абласной грамадскай назіральнай камісіі пры галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму ў сувязі з яе зваротам адносна надзвычайнай сітуацыі, якая склалася вакол палітвязня Міхаіла Жамчужнага.
У лісце за подпісам старшыні Грамадскай назіральнай камісіі (ГНК) Таццяны Казлоўскай сказана, што “два прадстаўнікі грамадскай назіральнай камісіі, як плануецца, сумесна з сябрамі Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі 13.03.2018 г. наведаюць ПК-9 у г. Горкі з мэтай праверкі ўмоваў жыцця і побыту асуджаных. Падчас гэтага наведвання плануецца таксама сустрэча з асуджаным Жамчужным М.І.”
Кіраўніца абласной камісіі паведаміла, што па сутнасці скаргі праваабаронца атрымае адказ “пасля наведвання прадстаўнікамі грамадскіх назіральных камісій ПК-9 у г. Горкі і размовы з асуджаным Жамчужным М.І.”.
Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля яго пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.