viasna on patreon

Беларусы адстойваюць свабоду мірных сходаў на міжнародным узроўні

2018 2018-04-18T16:41:23+0300 2018-04-18T16:48:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/505-oon.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцам стала вядома, што ў Камітэце па правах чалавека ААН абскардзяць рашэнні беларускіх судоў на міжнародным узроўні яшчэ некалькі беларусаў.

Як паведамляе mspring.online, 14 красавіка прыйшло паведамленне з Камітэта па правах чалавека ААН - скаргу Алены Крэнь прынялі і зарэгістравалі пад нумарам 3173/18. Яе перанакіравалі беларускім уладам, каб тыя выказалі сваю пазіцыю.

Алену Крэнь, якая выхоўвае чацвярых дзяцей, пакаралі 16 сакавіка 2017 года штрафам у 10 базавых велічыняў за актыўны ўдзел у Маршы недармаедаў. Жанчына не пагадзілася з гэтым рашэннем і абскардзіла яго, аднак касацыйны суд пакінуў штраф у сіле.

“Суддзя і міліцыянты груба парушылі мае правы, якія гарантуюцца Канстытуцыяй – на свабоду мітынгаў, на свабоду выказвання меркавання, а таксама права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi,” - заяўляла Алена падчас суду.

Алена Крэнь сумесна з праваабаронцам Барысам Бухелем падрыхтавалі скаргу і накіравалі яе ў канцы мінулага снежня ў КПЧ.

Барыс Бухель не сумняваецца ў канчатковым поспеху, паколькі скаргі беларусаў на парушэнне свабоды мірных сходаў практычна заўсёды прызнаюцца абгрунтаванымі і задавальняюцца КПЧ.

Па інфармацыі gomelspring.org блогер з Рудабелка Андрэй Павук таксама падаў індывідуальную скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. На міжнародным узроўні мужчына працягвае адстойваць сваё права на публічнае прызнанне ў любові да сваёй жонцы.

Нагадаем, 19 лістапада 2017 гады Мінгарвыканкам забараніў блогеру ў правядзенні на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску адзіночнага пікету, на якім жыхар Рудабелка планаваў публічна прызнацца ў любові да сваёй жонцы. Суд Маскоўскага раёна Мінска, а следам і судовая калегія Мінгарсуда пакінулі яго скаргі без задавальнення.

Кіраўнік Гомельскага Цэнтра стратэгічных цяжбаў Леанід Судаленка лічыць справу блогера перспектыўнай з пункту гледжання разгляду ў Камітэце ААН па правах чалавека, так як па справе прасочваецца відавочнае парушэнне права выказвання меркавання.

Леанід Судаленка. Фота: ПЦ

«Любое абмежаванне права павінна строга адказваць патрабаванню неабходнасці і суразмернасці, яно павінна быць не толькі прадугледжанае законам, але і з'яўляцца неабходнай для дасягнення канкрэтных мэтаў, пералічаных як у Канстытуцыі, так і ў Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. У справе Андрэя Павука гэтыя патрабаванні не выкананыя», - падкрэсліў Леанід Судаленка, каментуючы гэтую сітуацыю.

У індывідуальнай скарзе ў КПЧ ААН акрамя парушэння права блогер просіць рэкамендаваць ураду Беларусі прывесці нацыянальны Закон аб масавых мерапрыемствах і рашэнні мясцовых чыноўнікаў аб масавых мерапрыемствах у Мінску ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі краіны.

Паводле словаў праваабаронцы Леаніда Судаленка, супраць беларускага ўраду ў КПЧ зарэгістравана ўжо каля 270 скаргаў, 80 з якіх былі падрыхтаваныя і зарэгістраваныя Гомельскім Цэнтрам стратэгічных цяжбаў.

Нагадаем, што валанцёры Гомельскага Цэнтра стратэгічных цяжбаў 3 красавіка Ала Раманчык і Наталля Шчукіна атрымалi паведамленне з Камітэта ААН па правах чалавека аб рэгістрацыі іх сумеснай скаргі.

КПЧ таксама ўступіў у афіцыйную перапіску з беларускай дзяржавай па факце парушэння правоў магілёўцаў Канстанціна Чарнова і Аляксандра Каранкевіча. Абодва пацярпелі падчас мірных пратэстных акцый супраць “падатку аб дармаедстве” ў сакавіку 2017 года, прычым Канстанцін Чарноў – за мітынг у Магілёве, а Аляксандр Каранкевіч – за акцыю ў Мінску.

Абскарджваюць рашэнні беларускіх судоў на міжнародным узроўні і ўдзельнікі сацыяльных пратэстаў 2017 года магілёўцы Алег Аксёнаў, Алег Мяцеліца і Станіслаў Паўлінковіч.

Таксама КПЧ зарэгістраваў індывідуальную скаргу бярозаўскай незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства