КПЧ ААН заклікае Мінск прыцягнуць вінаватых па справе Саннікава да крымінальнай адказнасці
Улады Беларусі парушылі правы былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саннікава. Такое рашэнне прыняў Камітэт ААН, куды Саннікаў падаў скаргу яшчэ ў 2012 годзе.
ААН паведамляе, што сябры Камітэту прызналі, што Андрэй Саннікаў стаў ахвярай незаконнага пазбаўлення волі, былі парушаныя яго правы на прыватнае жыццё, свабоду выказвання думак і на мірныя сходы. Падчас турэмнага зняволення ён падврягаўся катаванням ды іншым відам жорсткага абыходжання.
У заяве камітэту адзначаецца, што права на мірныя сходы з'яўляецца адным з асноўных правоў чалавека і важнай умовай існавання дэмакратычнага грамадства: гэта права прадугледжвае магчымасць арганізоўваць мірныя сходы ў грамадскіх месцах, нават без папярэджання, і ўдзельнічаць у іх.
Сябры Камітэту заклікалі Мінск правесці дбайнае бесстаронняе раследаванне абвінавачванняў у катаваннях і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасці. Яны таксама заявілі пра неабходнасць пагасіць судзімасць Саннікава і даць яму кампэнсацыю. Беларусь павінна таксама прыняць захады дзеля папярэджання падобных парушэнняў. Экспэрты са шкадаваннем адзначылі што, нягледзячы на абавязак краінаў супрацоўнічаць з Камітэтам, Беларусь не ўзяла ніякага ўдзелу ў разглядзе справы Саннікава.
Андрэй Саннікаў быў арыштаваны ў 2010 годзе, калі ўлады жорстка разагналі дэманстрацыі пратэстаў у сувязі з выбарамі прэзыдэнта. Ён быў кандыдатам ад апазыцыі і атрымаў пяць гадоў турмы праз абвінавачанне ў арганізацыі «масавых беспарадкаў». Пасля ён быў памілаваны прэзыдэнтам, аднак ня мае права балатавацца ў будучыні, паколькі ягоная судзімасць не была пагашаная.