На 63 сесіі Камітэта супраць катаванняў ААН праваабаронцы прадставяць альтэрнатыўную справаздачу Відэа
Рэспубліка Беларусь прадставіць чарговую справаздачу па выкананні дзяржавай Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання на 63 сесіі Камітэта супраць катаванняў ААН 27 красавіка. Ад часу ратыфікацыі Рэспублікай Беларусь Канвенцыі супраць катаванняў гэта пятае прадстаўленне даклада на аўтарытэтнай міжнароднай пляцоўцы.
Традыцыйна, напярэдадні справаздачы дзяржавы, прадстаўнікі няўрадавых праваабарончых арганізацый прадстаўляюць Камітэту альтэрнатыўную справаздачу. Слуханні пройдуць на брыфінгу ў Жэневе 26 красавіка.
Альтэрнатыўная справаздача была падрыхтаваная ініцыятывай "Праваабаронцы супраць катаванняў" у супрацоўніцтве з РГА «Прававая ініцыятыва», публічнай установай «Беларускі дакументацыйны цэнтр», РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, Офісам па правах людзей з інваліднасцю, Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, пры падтрымцы міжнародных арганізацый Freedom House і FIDH.
У слуханнях прымуць удзел эксперты і праваабаронцы Павел Левінаў (БХК), Раіса Міхайлоўская (БДЦ), Павел Сапелка (ПЦ “Вясна”) і Вікторыя Фёдарава (Прававая ініцыятыва).
Сябра рады Праваабарочага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч напярэдадні прадстаўлення альтэрнатыўнай справаздачы адзначае адсутнасць эфектыўных механізмаў супрацьдзеянню катаванняў у нашай краіне:
“Сярод іх, - адзначае праваабаронца – самае важнае, гэта адсутнасць у Крымінальным кодэксе дакладнай крыміналізацыі ўсіх відаў дзеянняў, якія трапляюць пад вызначэнне катаванняў, недастаткова эфектыўнае супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і органамі, а таксама крайняя залежнасць суддзяў і адвакатуры ад выканаўчай улады. Бо свабода ад катаванняў з’яўляецца абсалютным правам і не падлягае аніякім абмежаванням”.
На думку юрыста Паўла Сапелкі, важным і першачарговым крокам, які павінна зрабіць дзяржава, гэта прызнанне кампетэнцыі Камітэта ААН супраць катаванняў у частцы разгляду заяў аб парушэнні абавязацельстваў, згодна з артыкуламі 21 і 22 Канвенцыі супраць катаванняў.
“Акрамя таго, замацаваць прагрэс у адносінах з ААН можа запрашэнне ў Беларусь спецдакладчыка па катаваннях і прызнанне мандата спецдакладчыка па Беларусі, якія афіцыйна да гэтага часу не былі ў краіне” – зазначае Сапелка.
У панядзелак, 30 красавіка, афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі адкажуць на пытанні Камітэта супраць катаванняў ААН па сутнасці.