Андрэй Саннікаў: "Працэдура абскарджвання – гэта справа прынцыпу"
Экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень Андрэй Саннікаў распавёў сайту palitviazni.info пра тое, ці разлічвае ён на “пагашэнне судзімасці” і “кампенсацыю” ад беларускіх уладаў.
“Гэтая ўлада не вечная. Калі-небудзь будзе дадзена прававая ацэнка таму, што адбывалася 19 снежня 2010 году, і вінаватыя будуць пакараныя”, – кажа палітык.
У 2010 годзе Андрэй Саннікаў балатаваўся ў прэзідэнты, але ў выніку патрапіў за краты. Палітык быў асуджаны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Яго прыгаварылі да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, жонку Саннікава – Ірыну Халіп – да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.
У красавіку 2012 года экс-кандыдат у прэзідэнты быў вызвалены пасля таго, як напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Праз некалькі месяцаў пасля гэтага Андрэй Саннікаў з’ехаў за мяжу і атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, дзе знаходзіцца да гэтага часу.
Не так даўно Камітэт ААН па правах чалавека абвясціў, што ўлады Беларусі парушылі правы экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Гаворка ідзе пра арышт апазіцыйнага кандыдата 19 снежня 2010 года. У Камітэце ААН лічаць, што Саннікаў “стаў ахвярай незаконнага пазбаўлення волі”. У прыватнасці, былі парушаныя яго правы на прыватнае жыццё, свабоду выказвання меркавання і мірныя сходы.
Камітэт ААН заклікаў, каб беларускія ўлады правялі дбайнае бесстаронняе расследаванне абвінавачванняў у катаваннях і заклікалі вінаватых да крымінальнай адказнасці. Таксама прапануецца пагасіць судзімасць Саннікава і выдаць яму кампенсацыю.
“Пры гэтай уладзе не будзе ні сапраўднага расследвання па справе аб снежаньскіх падзеях 2010 году, ні кампенсацыі. Але ж гэтая ўлада не вечная. Калі-небудзь будзе дадзена прававая ацэнка таму, што адбывалася 19 снежня 2010 году, і вінаватыя будуць пакараныя,” - упэўнены Андрэй Саннікаў
Са слоў экс-кандыдата ў прэзідэнты, скарга была пададзена ў Камітэт па правах чалавека ААН яшчэ ў 2012 годзе, і яе разгляд быў доўгім.
“Як бачым, разгляд справы зацягнуўся аж на 6 гадоў, – адзначае палітык. – Я вёў перапіску з Камітэтам ААН, у 2015 годзе мне паведамілі, што рашэнне гатова. Але агучылі яго толькі зараз. Магчыма, з’явіліся нейкія тэхнічныя праблемы, бо ў ААН разглядаецца вялікая колькасць скаргаў з усяго свету. Хаця неафіцыйна мне казалі, што беларускія ўлады спрабавалі перашкодзіць прыняццю рашэння. Але працэдура абскарджвання – гэта справа прынцыпу. Мяне пазбавілі ўсіх правоў у Беларусі, і я не мог сабе дазволіць заставацца ў такім стане. А ў Канстытуцыі запісана, што міжнароднае права мае прыярытэт перад любымі законамі Рэспублікі Беларусь. І вось зараз Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што я быў асуджаны незаконна. Дарэчы, гэты прэцэдэнт не толькі для мяне, але і для ўсіх тых, хто пацярпеў падчас снежаньскіх падзей 2010 года”.
Нагадаем, у красавіку 2018 года стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што Андрэй Саннікаў стаў ахвярай незаконнага пазбаўлення волі, былі парушаныя яго правы на прыватнае жыццё, свабоду выказвання думак і на мірныя сходы, а падчас турэмнага зняволення ён падврягаўся катаванням ды іншым відам жорсткага абыходжання.