Савет па правах чалавека Расіі і прадстаўнікі грамадскасці выступілі ў абарону Аюба Ціціева
Савет па правах чалавека пры прэзідэнце РФ на сваім пасяджэнні 11 траўня зноў узняў пытанне пра крымінальны пераслед кіраўніка ПЦ "Мемарыял" у Чачні Аюба Ціціева, паведамляе «Новая газета».
З дакладам пра справу Аюба Ціціева выступіў праваабаронца Ігар Каляпін, які распавёў пра не ўнікальную тактыку Следчага камітэта Расіі ў цэлым і чачэнскага СУСКа у прыватнасці, якая выяўляецца ў сабатажы расследавання злачынстваў, учыненых супрацоўнікамі паліцыі. Тактыка такая: па заяве супрацоўнікаў паліцыі ўзбуджаецца крымінальная справа - усё абвінавачанне супраць Аюба Ціціева пабудавана на двух рапартах супрацоўнікаў Курчалоеўскага РАУС, якія нібыта выявілі наркотыкі ў яго машыне. А па заяве Аюба Ціціева, які сцвярджае, што яму гэтыя самыя супрацоўнікі падкінулі наркотыкі, праводзіцца бясконцая праверка, па якой следчы роўным лікам нічога не робіць. Проста чакае, калі крымінальная справа паступіць у суд, суд вынесе прысуд, і прысуд стане падставай для канчатковага спынення праверкі па заяве аб злачынстве, учыненым супрацоўнікамі паліцыі.
Ігар Каляпін, прааналізаваўшы матэрыялы праверкі, праведзенай следчым чачэнскага СУСКа па заяве Ціціева, канстатаваў: следчыя маглі лёгка разбурыць версію супрацоўнікаў паліцыі, аператыўна запатрабаваць запісы з камераў вонкавага назірання Курчалоеўскага РАУС і аддзела УФСБ Чачні па Курчалоеўскаму раёну. На гэтых відэазапісах зафіксавана, як Аюба Ціціева спынілі трое супрацоўнікаў групы неадкладнага рэагавання Курчалоеўскага РАУС. Як адзін з іх падклаў ў машыну праваабаронцы наркотыкі. Як Аюба Ціціева даставілі ў Курчалоеўскі РАУС, дзе спрабавалі дамагчыся ад яго прызнальных паказанняў. Калі ён не паддаўся ціску, яго зноў адвезлі на месца затрымання, выклікалі панятых і канфіскавалі наркотыкі ў другі раз - цяпер ужо «па законе».
Заяву ў чачэнскі СУСК адвакат Ціціева Пётр Заікін падаў 12 студзеня. І - адначасова з заявай - хадайніцтва аб тэрміновай канфіскацыі відэазапісаў з камераў вонкавага назірання, устаноўленых у Курчалоеўскім РАУС. Следчы цягнуў з задавальненнем хадайніцтва адваката больш за месяц. Замест таго каб асабіста выехаць у Курчалой, следчы паслаў запыт. А калі атрымаў адказ (па версіі начальніка Курчалоеўскага РАУС, відэакамеры ў той дзень зламаліся), нават не стаў правяраць - ці так яно на самой справе.
Калі б следчы заклапаціўся такой праверкай, ён бы са здзіўленнем даведаўся, што ў дзень затрымання Аюба Ціціева ў Курчалой не працавалі наогул усе камеры. На будынку пракуратуры, на аддзяленні «Рассельгасбанка», на аддзяленні Ашчадбанка, на будынку Аддзела працы і сацыяльнага развіцця, на будынку АТ «Чачэнэнэрга», на аддзяленні Пенсійнага фонду. Абсалютна ўсе камеры па маршруце руху Аюба Ціціева - ад месца затрымання машыны да Курчалоеўскага РАУС - не зафіксавалі у той дзень нічога, так як ва ўсіх здарылася "тэхнічная няспраўнасць". І толькі адна камера працавала ў Курчалой - на будынку раённага аддзела УФСБ Чачні. Аднак кіраўніцтва УФСБ ЧР у адказе на запыт Упаўнаважанага па правах чалавека ў РФ Таццяны Маскальковай напісала, што іх відэакамера фіксуе супрацьлеглы ад АМУС РФ па Курчалоеўскаму раёну кірунак. Але справа ў тым, што будынкі аддзелаў МУС і ФСБ на Курчалой размешчаныя так, што ў «процілеглым кірунку» камера можа фіксаваць толькі сцяну з чырвонай цэглы.
«Ёсць такое паняцце, як "аператыўнае суправаджэнне" следства. А ёсць - палітычнае суправаджэнне. І яго па справе Аюба Ціціева ажыццяўляе асабіста кіраўнік Чачні Кадыраў, - сказаў на пасяджэнні СПЧ Ігар Каляпін. - Але праблема тут нават не ў Чачне і не ў Кадыраве. Праблема ў тым, што мы маем справу з пазіцыяй Следчага камітэта, якую калі не абараняе, то дакладна пакрывае пракуратура. Чаму ў грамадзяніна, які звярнуўся з заявай пра злачынства, што было здзейснена супраць яго паліцэйскімі, правоў менш, чым у паліцэйскіх, якія напісалі падробленыя рапарты? Чаму ў адным выпадку Следчы камітэт бяздзейнічае, а ў іншым - тут жа ўзбуджае крымінальную справу? Ды таму, што такая ўстаноўка. Ня толькі ў Чачні - па ўсёй краіне. Таму не важна, ці з'яўляецца Ціціеў ворагам Кадырава. Важна іншае: кіраўнік СКР Аляксандр Бастрыкін і генеральны пракурор Юрый Чайка публічна абяцалі (у тым ліку Савету па правах чалавека), што гэтая справа будзе расследаваная аб'ектыўна. І ўжо пара задаць ім ключавыя пытанні».
Па выніках пасяджэння Савет выпусціў прэс-рэліз, з якога вынікае, што Савет мае намер:
1) устанавіць дзяжурства членаў СПЧ па паездках у Чачню на судовы працэс па справе Аюба Ціціева;
2) падрыхтаваць экспертнае заключэнне аб татальнай практыцы пагарды правамі заяўнікоў з боку следчых СКР і наглядальных супрацоўнікаў пракуратуры;
3) звярнуцца да А. Бастрыкіна і Ю. Чайкі з просьбай даць аператыўны каментар па фактах парушэння закона, якiя дапушчаны іх супрацоўнікамі ў ходзе праверкі заявы Аюба Ціціева.
Між тым, 12 траўня Аюб Ціціеў быў узнагароджаны прэміяй Маскоўскай Хэльсінкскай групы «За мужнасць у абароне правоў чалавека». А 15 траўня прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну быў накіраваны ліст з просьбай узяць справу пад кантроль і пакласці канец ганенню ПЦ "Мемарыял", падпісаны вядомымі дзеячамі мастацтва і навукі, журналістамі, прадстаўнікамі духавенства. Усяго пад тэкстам падпісалася 60 чалавек, сярод якіх Людміла Аляксеева, Чулпан Хаматава, Лія Ахеджакава, Павел Лунгін, Леанід Парфёнаў, Людміла Уліцкая і іншыя.
Акрамя гэтага, дачка забітай у Чачні праваабаронцы Наталлі Эстэміравай Лана запусціла петыцыю па зборы подпісаў за вызваленне Аюба Ціціева.
Нагадаем, праваабаронца Аюб Ціціеў быў затрыманы 9 студзеня гэтага года. У яго машыне пад пярэднім сядзеннем быў знойдзены скрутак з 200г марыхуаны. Пасля затрымання яго даставілі ў Курчалоеўскі АМУС, дзе праваабаронца паказаў, што канфіскацыя пакета з машыны прайшла без панятых. Тады паліцэйскія адправіліся разам з ім назад на трасу, дзе яго машыну зноў спынілі і агледзелі ўжо з панятымі. У ПЦ "Мемарыял" ўпэўненыя, што крымінальная справа стала вынікам, у прыватнасці, расследавання лёсу 27 зніклых у 2017 годзе жыхароў Чачні. У арганізацыі нагадваюць, што кіраўніцтва рэспублікі не раз заяўляла: праваабаронцам у Чачні не месца.
Інкрымінаваны чачэнскімі сілавікамі 60-гадоваму Ціціеву артыкул - практыкуемы спосаб барацьбы з непажаданымі ў Чачні журналістамі, грамадскімі дзеячамі і праваабаронцамі.
Праваабаронцы Беларусі 7 лютага звярнуліся да прэзідэнта РФ з пратэстам супраць арышту Аюба Ціціева, а Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" прызнаў яго палітвязнем.