viasna on patreon

Праваабаронцы: Зараз наша задача – маніторыць выкананне заўвагаў Камітэта супраць катаванняў

2018 2018-06-01T15:38:26+0300 2018-06-01T18:14:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/katavanni-daklad-2018.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кааліцыя праваабарончых арганізацый, якая напрыканцы красавіка прадставіла альтэрнатыўны даклад у Камітэт супраць катаванняў ААН, пракаментавала заключныя заўвагі Камітэта па выніку 63 сэсіі.

Дакумент складаецца з 63 пунктаў, у якія ўваходзяць два пазітыўныя аспекты і 55 заўваг па невыкананні ці недастатковым выкананні Беларуссю Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.

Праваабронцы лічаць, што сябры Камітэта супраць катаванняў былі дастаткова зацікаўленымі альтэрнатыўным дакладам і меркаваннем праваабарончай супольнасці Беларусі, заўважна падрыхтаванымі ў пытаннях па сітуацыі з катаваннямі ў краіне.

Пазіцыя ж дзяржавы падчас сэсіі была сысці ад адказаў на нязручныя пытанні, а таксама склалася ўражанне, што ў склад дэлегацыі ўваходзілі прадстаўнікі дзяржструктур, якія не былі самастойныя ў сваіх меркаваннях, а прадстаўлялі толькі тое, што ім было наказана.

Па выніках 63 сэсіі Камітэта праваабарончая кааліцыя адзначыла наступныя найбольш важныя заўвагі дамоўнага органа:

  • Камітэт яшчэ раз паўтарыў пра неабходнасць уключыць катаванне як асобны від злачынства ў заканадаўства з тым, каб гэта вызначэнне пакрывала ўсё элементы катавання, якія ўтрымліваюцца ў артыкуле 1 Канвенцыі.

“Добра, што Камітэт не адзначыў пазітыўны бок увядзення заўвагі ў Крымінальны кодэкс датычна вызначэння катавання, якое наша дзяржава, пачынаючы з 2015 года, імкнецца выдаць за рэальную крыміналізацыю катаванняў”, - адзначыла старшыня РГА “Прававая ініцыятыва” Вікторыя Фёдарава.

  • Камітэт адзначыў, што грамадскія назіральныя камісіі не з'яўляюцца незалежнымі, не маюць права на канфідэнцыяльную камунікацыю са зняволенымі і шэрагу іншых правоў, якія дазвалялі бы ажыццяўляць рэальны кантроль за правамі асуджаных.

"Тыя ГНК, якія дзейнічаюць зараз - гэта не кантроль за становішчам зняволеных і іншых катэгорый грамадзянаў, пазбаўленых волі. І на гэта таксама звярталася ўвага дзяржавы: ГНК не можа разглядацца як універсальны механізм, таму што ён закрывае толькі адзін сегмент - зняволеныя грамадзяне. А становішча астатніх - зняволеных СІЗА, ІЧУ, закрытых навучальных устаноў, псіхіятрычных устаноў - з ліку грамадзянскай супольнасці наогул ніхто не кантралюе і не назірае", - заўважыў юрыст Праваабарончага цэнтру "Вясна" Павел Сапелка.

Камітэт рэкамендаваў узмацніць незалежнасць ГНК і даць ім магчымасць наведваць усе месцы несвабоды без папярэдняга дазволу або паведамлення, а таксама гарантаваць права канфідэнцыяльных зносінаў з любым чалавекам, які затрыманы або пазбаўлены волі. Такія камісіі павінны ўключаць кваліфікаваных юрыстаў і медыкаў, знаёмых з міжнароднымі стандартамі, а таксама прадстаўнікоў незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў.

  • У дачыненні да смяротнага пакарання Камітэт рэкамендаваў ў тэрміновым парадку разгледзець магчымасць увядзення мараторыя для гэтага віду пакарання, у тым ліку разгледзець пытанне падпісання другога Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах з тым, каб адмяніць смяротнае пакаранне.

  • Лячэбна-працоўныя прафілакторыі - ёсць нішто іншае, як форма пазбаўлення волі ў дачыненні да тых асобаў, якія не зрабілі крымінальнага злачынства. Камітэт супраць катаванняў падтрымаў пазіцыю праваабаронцаў і звярнуўся да дзяржавы з заклікам адмяніць усе формы «лячэння праз працу» і ўтрыманне ў ЛПП, а таксама прадставіць больш падрабязную інфармацыю, у тым ліку статыстычныя дадзеныя аб тых, хто ў цяперашні час знаходзіцца ва ўмовах такой формы заключэння, аб прычынах іх затрымання, сродках аспрэчвання такога затрымання і гарантыях, прынятых для прадухілення катаванняў і жорсткага абыходжання ў гэтых установах.

  • Камітэт шкадуе пра тое, што дзяржава-удзельніца не правяла аб'ектыўнае і эфектыўнае расследаванне шэрагу нявырашаных выпадкаў гвалтоўных знікненняў, у прыватнасці былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, былога першага сакратара беларускага парламента Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага. І настойліва заклікае правесці дбайнае, аб'ектыўнае і эфектыўнае расследаванне незалежным органам усіх выпадкаў меркаванага прымусовага знікнення і пераследваць вінаватых асобаў, а таксама забяспечыць эфектыўныя сродкі прававой абароны сем'ям ахвяраў, уключаючы справядлівую і адэкватную кампенсацыю, а таксама поўную рэабілітацыю, уключаючы любую неабходную псіхалагічную, сацыяльную або фінансавую падтрымку.

  • Таксама Камітэт выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што дзяржава-удзельніца не выканала папярэднія рэкамендацыі аб правядзенні эфектыўных расследаванняў у сувязі з пераследам адвакатаў, якія прадстаўлялі асобаў, што скардзіліся на прымяненне катаванняў пасля затрымання ў сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 года. Камітэт глыбока занепакоены і новымі сцвярджэннямі аб тым, што некалькі адвакатаў, якія абаранялі абвінавачаных ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» у сакавіку 2017 года, падвергліся абавязковай экстраардынарнай праверцы іх ліцэнзіі, і некаторыя з іх былі пазбаўленыя такіх ліцэнзіяў.
    Камітэт рэкамендуе ўмацаваць незалежнасць калегіі адвакатаў ад Міністэрства юстыцыі і забяспечыць яе самакіраванне.
  • Са шкадаваннем Камітэт адзначыў і тое, што Беларусь не ўзаемадзейнічае з Камітэтам па правах чалавека і іншымі дамоўнымі органамі, не выконвае тых рэкамендацый і меркаванняў, якія КПЧ выносіць па выніках разгляду індывідуальных зваротаў.

Праваабаронцы ж адзначылі фармальны падыход дзяржавы да працэдуры справаздачнасці.

“Складваецца ўражанне, што дзяржава паводзіць сябе як студэнт, які не вывучыў тэму, але здаў экзамен і радуецца гэтаму - падмануў экзаменатара. Але сэнс у справаздачнасці зусім іншы", - адзначыла старшыня Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская.

Аднак, збольшага праваабаронцы задаволеныя тымі заключнымі заўвагамі, якія Камітэт паставіў перад Беларуссю, бо яны закранаюць усе набалелыя пытанні, адзначыныя імі.   

“Мы прарабілі вялікую папярэднюю працу і аб’ектыўна паказалі тое, што ўлада старанна хавала. І гэта ёсць наша місія - альтэрнатыўна паказаць сітуацыю з катаваннямі ў краіне. Зараз наша задача – маніторыць выкананне рэкамендацый Камітэта дзяржавай. Уся гэтая працэдура накіравана на сістэмныя змены, да якіх імкнемся і мы”,  - падкрэсліла Раіса Міхайлоўская.

У сваю чаргу Павел Сапелка запэўніў:

“Мы будзем рабіць крокі ў адвакатаванні тых рэкамендацый, якія зрабіў Камітэт. Праваабарончы цэнтр "Вясна" будзе імкнуцца кантактаваць з дзяржаўнымі органамі адносна таго, у якім фармаце мы зможам у далейшым рэкамендацыі Камітэта прасоўваць. Аднак, бяз волі дзяржавы да нейкіх зменаў сітуацыі з катаваннямі – не абыйсціся”.

Вікторыя Фёдарава падкрэсліла:

“Дзяржава ў апошнія гады нарэшце стала адчуваць неабходнасць ўзаемадзеяння з міжнароднымі механізмамі. Але пытанне ў тым, ці будзе гэта ўзаемадзеянне такім жа фармальным, якое яно ёсць сёння, ці дзяржава ўсё ж такі стане на шлях рэальнай рэалізацыі рэкамендацый дамоўных органаў”.

Наступны – шосты перыядычны даклад Беларусь павінна прадставіць да 18 траўня 2022 года.

Нагадаем, з 23 красавіка па 18 траўня ў Жэневе (Швейцарыя) прайшла 63 сесія Камітэта ААН супраць катаванняў. На ёй афіцыйная дэлегацыя з Беларусі прадставіла свой перыядычны даклад у межах пятага цыкла.

Альтэрнатыўны даклад, падрыхтаваны пры падтрымцы Freedom House і FIDH, быў прадстаўлены беларускімі праваабаронцамі - юрыстам ПЦ "Вясна" Паўлам Сапелкам, старшынёй "Прававой ініцыятывы" Вікторыяй Фёдаравай, сябрам Беларускага Хельсінкскага камітэта Паўлам Левінавым і старшынёй Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раісай Міхайлоўскай.


Чытайце таксама: Што такое «катаванне», як працуе Камітэт супраць катаванняў і навошта ўсё гэта трэба Беларусі?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства