Беларускі ўрад адказаў актывістам на скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН
Два сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі і сябра партыі «Справядлівы свет» атрымалі адказы ад беларускіх уладаў на скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН, піша «Гомельская вясна».
Сябра «Справядлівага свету» Павал Катаржэўскі ў лістападзе 2016 году размясціў на сваёй старонцы «УКантакце» спасылку на артыкул на сайце беларускіх анархістаў «Маразм и показушная почесть погибшим в войне» з крытыкай дзяржаўных мерапрыемстваў памяці загінулых у Другой усясветнай вайне. За гэта суд Цэнтральнага раёну Гомля прысудзіў яму грашовы штраф.
Сябра АГП Уладзімір Няпомняшчых у лютым 2017 году ўдзельнічаў у гомельскім «маршы недармаедаў», быў арыштаваны на тры дні і аштрафаваны.
Прэс-сакратарка АГП Ганна Красуліна звярталася ў Камітэт правоў чалавека ААН са скаргай на сыстэматычны пераслед за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у Менску. Яе штрафавалі за плакат з надпісам «Мама памятае. А ты?» (кампанія ў памяць аб выкрадзеным і зніклым у 1999 годзе экс-міністры ўнутраных справаў Юрыі Захаранку) і за трыманне бел-чырвона-белага сцяга.
Што кажуць улады?
Ва ўсіх трох адказах згадваецца, што аўтары скаргаў «ня вычарпалі ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны».
У выпадку Катаржэўскага ўрад адзначыў, што нацыянальнае заканадаўства супраць экстрэмізму адпавядае Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, наконт Красулінай — што законы пра масавыя мерапрыемствы адпавядаюць гэтаму ж пакту.
Пра Няпомняшчых ва ўрадзе заявілі, што за 2017 год беларуская пракуратура вынесла 3766 наглядных пратэстаў, з якіх 3655 (97%) былі задаволеныя, а актывіст не звяртаўся ў пракуратуру са скаргамі на арышт і штраф.
Што адказвае праваабаронца?
Праваабаронца Леанід Судаленка адзначыў, што беларускае працэсуальнае заканадаўства ў дачыненні права на падачу наглядных скаргаў у Вярхоўны суд і органы пракуратуры неэфэктыўнае, скарга «знаходзіцца на разглядзе абмежаванага кола асобаў, ня цягне за сабой перагляду справаў па сутнасці, бо выкарыстоўваецца паводле асабістага рашэння судзі ці пракурора».
Так, у выпадку са статыстыкай з адказу Няпомняшчых невядома, колькі з тых наглядных пратэстаў тычыліся справаў аб удзеле ў мірных сходах і права чалавека на свабоду выказвання думак. Але з улікам таго, што адміністрацыйных правапарушэнняў у Беларусі за 2017 год было 3,9 млн, выходзіць, што наглядныя пратэсты былі ў менш як 0,1% адміністрацыйных справаў.
Што да адпаведнасці міжнародным нормам законаў пра масавыя мерапрыемствы, Судаленка адзначыў, што беларускія ўлады дагэтуль ня выканалі заключэння Вэнэцыянскай камісіі 2002 году, паводле якога мусілі змяніць гэтыя законы. Беларусь таксама не выконвае шматлікіх рашэнняў Камітэту правоў чалавека ААН, паводле якіх мусіць прывесці гэтыя законы ў адпаведнасць з уласнымі міжнароднымі абавязаньнямі.
Судаленка дадаў, што працэсуальнае заканадаўства не прадугледжвае для грамадзяніна магчымасьці наўпрост зьвярнуцца з канстытуцыйнай скаргай у Канстытуцыйны суд.
Беларусь у лідэрах паводле колькасці скаргаў у Камітэт правоў чалавека ААН
Цяпер урад камэнтуе хіба ня кожную скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН, хоць некалькі гадоў таму не камэнтаваў асобных скаргаў, проста казаў, што ўвогуле адмаўляецца весьці камунікацыі наконт скаргаў, бо заяўнікі «ня вычарпалі ўнутраных сродкаў», кажа Судаленка ў камэнтары Свабодзе. Камітэт лічыць, што «вычэрпваць» неабавязкова, дадае ён.
«Нашая краіна ці ня лідэр КПЧ па зарэгістраваных скаргах у першую чаргу праз тое, што беларусам недасяжны Эўрапейскі суд у праблемах правоў чалавека, — адзначае Судаленка. — Але нядаўна беларускі ўрад прыняў плян выкананьня правоў чалавека, вырашыў вывучаць прэтэнзіі грамадзянаў.
У мяне цяпер на камунікацыі каля 80 скаргаў, наконт усіх беларускі ўрад спрабуе аргумэнтаваць сваю прававую пазыцыю. Не сказаць, што ў іх гэта атрымліваецца, у іх сьмешная пазыцыя. Зразумела, гэта выглядае як спроба захаваць твар».
Мэта праваабаронцаў, адзначае ён, гэта выкананьне беларускімі ўладамі рашэнняў з Жэнэвы, але ўжо прынамсі такія адказы выклікаюць пэўную павагу, разважае ён. Магчыма, некалі ўрад будзе клапаціцца пра свой імідж і імідж дзяржавы на міжнародным узроўні, - дадае Судаленка.
За кожным рашэннем Камітэту, кажа ён, стаіць ня проста сцвярджэнне, што «парушаныя правы грамадзяніна А. і грамадзянкі В.», а заклікі змяніць нацыянальнае заканадаўства і практыку яго ўжывання.
Што да адказаў наконт вышэйназваных скаргаў, Судаленка кажа, што збіраецца працягваць займацца імі, але кантактаваць не з беларускім бокам, а толькі з ААН, бо тут Камітэт з'яўляецца пасярэднікам між пацярпелымі і ўрадам.
Як там іншыя скаргі
Камітэт правоў чалавека ААН разглядае скаргі беларусаў любога статусу: хоць простай студэнткі, якой міліцыянты зламалі нагу, калі збівалі пратэстоўцаў «Плошчы-2010», хоць кандыдата ў прэзыдэнты, якога пасадзілі на паўтара года за нібыта арганізацыю тых «масавых беспарадкаў». Рашэнні нярэдка прымаюцца на карысць пацярпелых.
Амаль 400 беларусаў скардзіліся ў ААН на парушэнні сваіх правоў, больш за 250 скаргаў былі прынятыя да разгляду. Але беларуская дзяржава ніяк не рэагавала на гэтыя скаргі. Старшыня камісіі правоў чалавека беларускай Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч казаў Свабодзе, што «беларускія грамадзяне маюць права звяртацца куды заўгодна», а скаргамі ў ААН ён не займаўся.
«Пакуль беларускі ўрад кажа, што рашэнні ААН адносна гэтых скаргаў носяць рэкамэндацыйны характар, што яны нават ня мусяць да іх прыслухоўвацца, — тлумачыў Свабодзе Судаленка. — Але ўсё роўна гэта пытанне іміджу нашай краіны на міжнародным узроўні».