Міжнародныя праваабаронцы заклікаюць падоўжыць мандат Спецдакладчыка па Беларусі
Дэлегацыі ў Савеце па правах чалавека ААН павінны падтрымаць падаўжэнне мандата Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, гаворацца ў сумесным лісце Фонда Дамоў правоў чалавека (HRHF), амерыканскай арганізацыі Human Rights Watch (HRW) і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).
“На 38-й сесіі ў чэрвені Савет па правах чалавека (СПЧ) разгледзіць пытанне аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. З моманту стварэння мандата Спецыяльнага дакладчыка ў 2012 годзе не адбылося аніякага сістэматычнага паляпшэння становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Наадварот, захоўваюцца ўсе заканадаўчыя і сістэмныя абмежаванні на свабоду выказвання меркаванняў і асацыяцый, а парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў суправаджаюцца наступам на эканамічныя і сацыяльныя правы”, — адзначаецца ў лісце.
Найбольш частыя парушэнні ўключаюць у сябе рэгулярныя пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў, рэпрэсіўныя папраўкі ў законы аб СМІ, пераслед праваабаронцаў і адвакатаў. Яшчэ адным пытаннем, якое выклікае заклапочанасць, з’яўляецца смяротнае пакаранне. У вырашэнні яго беларускі ўрад “не паказаў рэальнай гатоўнасці супрацоўнічаць з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі і працягвае караць людзей смерцю ў парушэнне міжнародных стандартаў”.
Міжнародныя праваабрончыя арганізацыі падкрэсліваюць:
“Паколькі Беларусь не з'яўляецца сябрам Савета Еўропы і, нягледзячы на тое, што Беларусь адмовілася супрацоўнічаць са Спецыяльным дакладчыкам, яго мандат па-ранейшаму з'яўляецца адзіным незалежным міжнародным механізмам для эфектыўнага маніторынгу парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Таму пытанне аб падаўжэнні мандата Спецыяльнага дакладчыка па-ранейшаму мае вырашальнае значэнне”.
Нагадаем, даклад Спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харасці будзе прадстаўлены Савету 25 чэрвеня.
У ім эксперт крытыкуе Беларусь за адсутнасць прагрэсу ў многіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця, звязаных з правамі чалавека.
“З таго моманту, як Савет па правах чалавека заснаваў мандат Спецдакладчыка, жыццё ў Беларусі рэгламентавалася мэтанакіраванай рэпрэсіўнай прававой базай, што пагаршалася рэпрэсіямі з прымяненнем гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, няўрадавых арганізацый, палітычных апанентаў, праваабаронцаў і супрацоўнікаў незалежных СМІ, якія рэгулярна паўтараюцца і цэнтралізавана плануюцца”, — падсумоўвае свае высновы Харасці.
Мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Савет па правах чалавека ААН увёў у 2012 годзе ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Урад Беларусі не прызнае мандат спецдакладчыка і адмаўляецца ад узаемадзеяння з ім.