Міклаш Харасці заклікае СПЧ ААН працягнуць мандат спецдакладчыка па Беларусі Відэа Дакумент
25 чэрвеня Спецыяльны дакладчык ААН Міклаш Харасці прадставіў шосты даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на 38-й сесіі Савета па правах чалавека ААН.
Ён адзначыў, што з таго моманту, як Савет ААН па правах чалавека заснаваў мандат Спецдакладчыка, жыццё ў Беларусі рэгламентавалася мэтанакіраванай рэпрэсіўнай прававой базай, што пагаршалася рэпрэсіямі з прымяненнем гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, няўрадавых арганізацый, палітычных апанентаў, праваабаронцаў і супрацоўнікаў незалежных СМІ, якія рэгулярна паўтараюцца і цэнтралізавана плануюцца.
"Я б вельмі хацеў паведаміць вам аб прагрэсе, дасягнутым на працягу ўсіх гэтых гадоў або, прынамсі, у гэты заключны перыяд, але, як паказана ў дакладзе, на працягу гэтых шасці гадоў улады не зрабілі аніякіх істотных і адчувальных зменаў у агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Ні рэформы, ні нават дробныя крокі не былі ініцыяваныя ўладамі дзеля паляпшэння сітуацыі", - падкрэсліў Міклаш Харасці.
У адказ на выступ Міклаша Харасці кіраўнік сталага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэневе Юры Амбразевіч заявіў пра прынцыповае непрызнанне мандата Спецыяльнага дакладчыка ўрадам краіны:
"Мы суверэнная дзяржава, здольная досыць эфектыўна вырашаць задачы развіцця грамадства, забяспечваць функцыянаванне ўсіх яго сістэм і не маем патрэбы ў нейкім знешнім маніторынгу, дакучлівых дарадцам і тым больш у спецыяльным дакладчыку Савета ААН па правах чалавека, чый пост быў заснаваны без згоды ўрада Беларусі".
У інтэрактыўным дыялогу ўдзельнічалі прадстаўнікі краінаў Еўрасаюза, Аўстраліі і Велікабрытаніі, а таксама прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый - Фонда Дамоў правоў чалавека (HRHF), Human Rights Watch (HRW), Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), Amnesty International, якія выступаюць за падаўжэнне мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі.
Нагадаем, Міклаш Харасці (Венгрыя) быў прызначаны Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Саветам па правах чалавека ААН у 2012 годзе. Яго паўнамоцтвы скончваюцца 31 кастрычніка бягучага года. Да гэтага часу, акрамя прадстаўлення даклада на сесіі Савета па правах чалавека ААН, ён прадставіць яго і на Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Спецыяльныя дакладчыкі з'яўляюцца часткай спецыяльных працэдураў Савета па правах чалавека. Спецыяльныя працэдуры, найбуйнейшы орган незалежных экспертаў у сістэме Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека, — гэта агульная назва незалежных механізмаў выяўлення фактаў і маніторынгу Савета, якія тычацца альбо канкрэтных сітуацый у краінах, або тэматычных пытанняў ва ўсіх частках свету. Эксперты спецыяльных працэдур працуюць на добраахвотнай аснове; яны не з'яўляюцца супрацоўнікамі ААН і не атрымліваюць зарплату за сваю працу. Яны не залежаць ад якога-небудзь ўрада ці арганізацыі і выступаюць у асабістай якасці.