viasna on patreon

Віцебскія праваабаронцы ўпершыню за паўгода атрымалі ліст ад Жамчужнага

2018 2018-07-10T10:57:35+0300 2018-07-10T10:57:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhemchuzhnyj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны

Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны

Упершыню за апошнія шэсць месяцаў віцебскія праваабаронцы атрымалі ліст ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага, паведамляе "Віцебская вясна". Ён піша, што за апошнія паўгода накіраваў у Віцебск тры лісты, але ў адказ нічога не атрымаў. Гэтая акалічнасць здзіўляе віцебскага праваабаронцу Леаніда Свеціка.

“Сёлета я накіраваў Жамчужнаму пяць лістоў і адну віншавальную паштоўку. Пры гэтым ад яго не атрымаў аніводнага паведамлення. Мы з Міхаілам перапісваемся рэгулярна цягам ужо трох гадоў. І гэты факт наводзіць мяне на думку, што з боку ПК-9 назіраецца сістэматычнае парушэнне грамадзянскіх правоў палітвязня Жамчужнага”, – мяркуе  Леанід Свецік.  

Міхаіл Жамчужны паведаміў таксама ў лісце, што да 19 чэрвеня ён знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу, бо напрыканцы траўня яго пакаралі 10 суткамі знаходжання ў штрафным ізалятары – “нібыта за спазненне на дзве хвіліны пры выкананні каманды “Адбой”.

Насамрэч, сапраўднай прычынай пакарання стала просьба палітвязня да адміністрацыі даць яму магчымасць азнаёміцца з адказамі на скаргі па ягонай крымінальнай справе.

Аддзел уласнай бяспекі МУС па Віцебскай вобласці павінен быў расследаваць пададзеныя ў скарзе факты вымагання ў палітвязня хабару старэйшым оперупаўнаважаным Кастрычніцкага РАУС Віцебску Жукавым. Гэтыя дакумэнты, як мяркуе Міхаіл Жамчужны, далі б яму права на перагляд справы, беспярэчную рэабілітацыю і апраўданне.   

“Дакументы я атрымаў у той жа дзень, таму што патрабаваў іх у прысутнасці пракурора. Але за гэта атрымаў 10 сутак ШІЗА”, – піша Жамчужны.  

У сваім кароткім лісце палітвязень расказаў таксама праваабаронцам, як сябе адчувае і чым займаецца. “Здароўе ў парадку, настрой цудоўны. Абскарджваю рэжым утрымання ў пракуратуру Магілёўскай вобласці”, –  паведаміў Міхаіл Ігаравіч.

Традыцыйна падзякаваў усім, хто падтрымлівае яго лістамі ды ў сродках масавай інфармацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства