viasna on patreon

Прысуд па Курапатах будзе абскарджаны ў Камітэт ААН па правах чалавека

2018 2018-09-04T11:04:14+0300 2018-09-04T11:24:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kastusiov_mingarsud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

31 жніўня ў Мінскім гарадзкім судзе была разгледжаная скарга старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, паведамляе сайт "Партыі БНФ". 

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Палітык патрабаваў ад суду вышэйшай інстанцыі скасавання рашэння суда Партызанскага раёну Мінску ад чацвёртага ліпеня, які пакараў Рыгора Кастусёва штрафам на 735 рублёў па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях.

Падставай для адміністрацыйнага спагнання стаўся ўдзел Рыгора Кастусёва ў пікетаванні забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу “Поедим, поедим”, што пачаў функцыянаваць паблізу ад месца масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавісцкіх рэпрэсіяў у Курапатах.

Рашэннем суддзі Мінскага гарадскога суда Максіма Лапко рашэнне суда Партызанскага раёну Мінску ад чацвёртага ліпеня ў дачыненні да Рыгора Кастусёва было пакінутае без зменаў, скарга палітыка была не задаволеная.

Адмоўнае рашэнне па скарзе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пракаментаваў наступным чынам:

"Мы не мелі ілюзіяў адносна таго, што гарадскі суд асмеліцца адмяніць рашэнне раённага суду – і тая і другая інстанцыя ў аднолькавай ступені залежныя ад выканаўчай улады. Але я лічу важным праходжанне ўсіх нацыянальных узроўняў абскарджвання для таго, каб справа аб маім незаконным арышце была вынесеная на міжнародны разгляд у Камітэце ААН па правах чалавека. Мы з юрыстам магілёўскага аддзялення Праваабарончага цэнтру “Вясна” Барысам Бухелем ужо падрыхтавалі праект скаргі, якая будзе бліжэйшым часам скіраваная ў Камітэт ААН па правах чалавека па факце парушэння свабоды сходаў, што гарантаваная Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Натуральна, афіцыйны Минск ігнаруе шматлікія рашэнні Камітэту ААН па правах чалавека, датычныя парушэнняў правоў і свабодаў грамадзянаў, якія здзяйсняюцца ўладамі Беларусі.

Аднак менавіта цяпер і менавіта па справах, датычных свабоды сходаў, падобныя скаргі маюць вялікае значэнне з той прычыны, што на восьмага кастрычніка ў Камітэце ААН па правах чалавека прызначаны разгляд справаздачы Беларусі аб выкананні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Наш урад упершыню за 20 гадоў накіраваў сваю справаздачу ў гэты орган – і, як чакаецца, наш МЗС рыхтуецца распавесці ў Жэневе пра “нечуваны прагрэс у галіне правоў чалавека”.

Рыхтуючы скаргу па факце маяго незаконнага арышту і адміністрацыйнага пакарання за ўдзел у мірным негвалтоўным сходзе, я намагаюся перашкодзіць нашым уладам стварыць перад ААН прыгожую карцінку “паляпшэння становішча з правамі чалавека”. Мы бачым, што ў гэтым годзе рэпрэсіі ўзмацніліся, і хочам прыцягнуць увагу міжнароднай грамадскасці да гэтай праблемы".

Нагадаем, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў брутальна затрыманы трэцяга ліпеня падчас паездкі на міжнародную канфэрэнцыю ў польскім Сэйме. Паплечнікі па партыі ведалі, што ён з дому выехаў, але ў Варшаве не з'явіўся. Тэлефон палітыка быў адключаны. На наступны дзень палітык быў пакараны шрафам за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў падчас абароны Курапатаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства