viasna on patreon

Набіл Раджаб і Аюб Ціціеў увайшлі ў шорт-ліст прэміі Вацлава Гавела

2018 2018-09-06T11:29:55+0300 2018-09-06T12:18:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vclau_havel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) вітае двух сваіх сябраў Набіла Раджаба і Аюба Ціціева ў шорт-лісце фіналістаў прэміі Вацлава Гавела ў галіне правоў чалавека. Пра гэта гаворыцца на афіцыяльным сайце праваабарончай арганізацыі.

FIDH лічыць іх папярэдні адбор як моцны сігнал Бахрэйну і расійскім уладам у звязку з адвольным пераследам і затрыманнем вядомых праваабаронцаў.

Намеснік Генеральнага сакратара FIDH Набіл Раджаб (Бахрэйн) знаходзіцца ў зняволенні з 2016 г. У чэрвені 2018 г. Высокі крымінальны апеляцыйны суд Бахрэйна пакінуў у сіле пяцігадовы турэмны тэрмін Набілу за запісы ў Twitter і рэтвіты паведамленняў аб меркаваных катаваннях у бахрэйнскай турме Джоў і забойстве грамадзянскіх асобаў у час канфлікту ў Емене войскамі кааліцыі, якую ўзначальвала Саудаўская Аравія. Пасля таго, як праваабаронца быў асуджаны ў агульнай складанасці на сем гадоў пазбаўлення волі ў выніку некалькіх судоў, якія ўяўлялі сабой здзек з правасуддзя, яго здароўе пастаянна пагаршалася. Сузаснавальнік і прэзідэнт Бахрэйнскага Цэнтра па правах чалавека (БЦПЧ), і дырэктар-заснавальнік Gulf Center for Human Rights (GCHR), намеснік генеральнага сакратара FIDH, Набіл Раджаб таксама з'яўляецца членам Кансультатыўнага камітэта Human Rights Watch па Блізкім Усходзе.

Кіраўнік грозненскага аддзялення праваабарончага цэнтра “Мемарыял”, які з’яўляецца сябрам FIDH, Аюб Ціціеў (Расія) знаходзіцца пад вартай са студзеня 2018. У цяперашні час яго судзяць па сфабрыкаваных абвінавачваннях у захоўванні наркотыкаў, за што яму пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Аюб Ціціеў не прызнае сваёй віны і настойвае на тым, што наркотыкі былі падкінутыя ў ягоную машыну чачэнскай міліцыяй. Да свайго затрымання, Аюб Ціціеў узначальваў філіял апошняй праваабарончай арганізацыі, якая базуецца ў Чачні і займаецца расследаваннем выпадкаў пазасудовых пакаранняў смерцю, катаванняў і жорсткага абыходжання з боку чачэнскіх уладаў. У 2009 годзе ён замяніў сваю папярэдніцу Наталлю Эсцеміраву, якая была выкрадзеная і забітая за яе працу ў галіне правоў чалавека.

Трэцяй кандыдаткай з'яўляецца маладая кубінская актывістка за правы чалавека Роза Марыя Пайя – лідарка ініцыятывы грамадзян Куба вырашае. Яна таксама з'яўляецца прэзідэнткай Моладзевай Сеткі Лацінскай Амерыкі за дэмакратыю.

Пераможца прэміі 2018 года павінен быць абвешчаны на адкрыцці восеньскай пленарнай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) у Страсбургу 8 кастрычніка 2018 гадоў ў 12.30.

Прэмія Вацлава Гавела ў галіне правоў чалавека уручаецца за выбітныя дзеянні грамадзянскай супольнасці ў абароне правоў чалавека ў Еўропе і за яе межамі. Прэмія заснавана ў 2013 годзе ў памяць Вацлава Гавела, былога прэзідэнта Чэхаславаччыны і Чэхіі, вядомага сваімі дзеяннямі на карысць грамадзянскай актыўнасці, прамой дэмакратыі і дысідэнцтва да камуністычнай улады.

Нагадаем, 30 верасня 2013 года Прэмія Вацлава Гавела ў галіне правоў чалавека была прысуджаная зняволенаму на той момант старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства