Павел Сапелка: Праваабаронцам ёсць што сказаць і што прапанаваць уладам
Семінар па тэме "Узаемадзеянне з механізмамі ААН па абароне правоў чалавека. Роля нацыянальнага механізму па падрыхтоўцы дакладаў і ажыццяўленню наступнай дзейнасці" правядзе Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Пра гэта 6 верасня паведамляе БЕЛТА.
Па словах начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Анатоля Глаза, мерапрыемства ініцыявала Міністэрства замежных спраў Беларусі ў адпаведнасці з ажыццяўленнем Нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека.
Эксперт Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка выказвае шкадаванне, што прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці не былі запрошаныя на гэты семінар.
“Гэта добрая навіна - прадстаўнікі дзяржорганаў будуць гаварыць аб правах чалавека. На жаль, аўтарытэтныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, наколько я ведаю, не запрошаныя ўдзельнічаць у гэтым семінары. У гэтым, уласна, і складаецца палітыка беларускіх уладаў у галіне правоў чалавека - ёсць правы чалавека для дзяржорганаў і для грамадзян. І разуменне правоў чалавека ў гэтых двух суб'ектаў часам дыяметральна супрацьлеглае; разуменне чыноўнікаў заснавана на няведанні базавых прынцыпаў і нежаданні пранікнуцца ідэямі і філасофіяй правоў чалавека. Толькі калі прадстаўнікі дзяржавы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці на роўных будуць абмяркоўваць прававыя праблемы, якіх у нас нямала, становішча істотна палепшыцца: праваабаронцам ёсць што сказаць і што прапанаваць уладам, мы неаднаразова пасылалі пра гэта сігналы і прапаноўвалі абмяркоўваць праблемы і ўстараняць парушэнні правоў чалавека да таго, як у рамках нейкай працэдуры ААН гэтая сітуацыя набудзе сусветную вядомасць і будзе асуджаная, негатыўна паўплываўшы на імідж Беларусі - нашай агульнай з чыноўнікамі дзяржавы," - адзначае Павел Сапелка.
Практычны семінар па правах чалавека для беларускіх дзяржаўных органаў пройдзе 11-14 верасня ў Мінску.