Юваль Шані: Непрадастаўленне Беларуссю аргументаў - адмова ад супрацоўніцтва з КПЧ Відэа
У Жэневе 9 кастрычніка ў межах 124 сесіі Камітэта ААН па правах чалавека афіцыйная дэлегацыя Беларусі працягнула адказваць на пытанні сябраў Камітэта.
На пачатку сесіі пастаянны прадстаўнік Беларусі ў Жэневе Юры Амбразевіч адзначыў, што Беларусь пакуль не гатовая адмяніць смяротнае пакаранне, а гвалтоўныя знікненні не носяць маштабны характар, як гэта адбываецца ў іншых краінах.
"Мы гэтыя рэкамендацыі [па падпісанні другога факультатыўнага пратаколу] прынялі да ведама, але Беларусь пакуль да гэтага не гатовая, - сказаў Юрый Амбразевіч. - Гэта звязана з грамадскім меркаваннем ў нашай краіне па пытанні аб прымяненні смяротнага пакарання".
"Аднак мы не адхілілі гэтыя рэкамендацыі. Мы пакінулі магчымасць іх разгляду і далучэння да пратакола ў перспектыве ў разліку на тое, што грамадская думка будзе змяняцца", - дапоўніў ён.
Што тычыцца гвалтоўных знікненняў, то дакладчык паведаміў, што ў беларускім заканаўстве няма вызначэння такога паняцця, а выпадкі знікнення людзей без вестак расследуюцца належным чынам.
"Нават калі звярнуцца да вельмі палітычнага дакладу Працоўнай групы па гвалтоўных знікненнях, то вы ўбачыце, што Беларусь, на шчасце, займае адно з апошніх месцаў. Статыстыка па іншых краінах, я не ведаю, наколькі яна адэкватная, вядзецца сотнямі і тысячамі", - сказаў Юры Амбразевіч.
Ён падкрэсліў, што ўзаемадзеянне з Працоўнай групай праводзілася і вядзецца, аднак задавольваць запыт на наведванне Беларусь не збіраецца:
“Мы адпраўляем ім інфармацыю, і больш, чым мы адправілі, мы прадставіць не зможам. Сэнс і мандат Працоўнай групы на паездку ў Беларусь - не зусім нам зразумелыя".
Што тычыцца правоў сэксуальных меншасцяў, то Юры Амбразевіч указаў, што дадзеная сацыяльная група нібыта карыстаецца тымі правамі, што і ўсе грамадзяне краіны:
“Мы не выпячваем правы канкрэтных сацыяльных групаў, не выдзеляем іх у якую-небудзь асобную сацыяльную групу, якая патрабуе падвышанай увагі з боку грамадства і дзяржавы.
На дадзены момант, хачу падкрэсліць, што тэма ЛГБТ не з’яўляецца папулярнай ці актыўна абмяркоўваемай у нашым грамадстве. І не з’яўляецца прадметам жывога абмеркавання ў дзяржаве”.
Сябры Камітэта па правах чалавека ААН вітаюць тыя крокі, якія робіць Беларусь на шляху паляпшэння палажэння з правамі чалавека ў Беларусі. Аднак шмат іх пытанняў застаецца без адказу.
Так, былы спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб пазасудовых пакараннях, пакараннях без належнага судовага разбіральніцтва або адвольных пакараннях смерцю Крыстаф Хейнс звяртаў увагу на тое, што афіцыйны бок Беларусі не хоча супрацоўнічаць і ўжо неаднаразова ігнараваў рэкамендацыі Камітэта.
Двойчы Крыстаф Хейнс запытваўся пра Аляксея Міхаленю – асуджанага да смяротнага пакарання, індывідуальны зварот якога быў зарэгістраваны Камітэтам з прыняццем тэрміновых мераў. Адказы на гэтыя пытанні так і не былі агучаныя.
“Учора я запытваўся, ці быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд? Сёння я атрымаў адказ. Хацеў бы падкрэсліць, што нашыя прамежкавыя тэрміновыя меры былі прынятыя 1 лютага 2018 года, а таксама была вербальная нота ад 19 ліпеня 2018 – мы задавалі пытанне, ці быў ён пакараны або не? І зараз мы маем інфармацыю, што яго пакаралі ў таямніцы. І гэта ёсць прыклад нашага супрацоўніцтва”, - падкрэсліў Крыстаф Хейнс.
Сябра Камітэта ўказаў і на тое, што Міжнародны пакт і Факультатыўны пратакол не патрабуюць адначаснай адмены смяротнага пакарання, а патрабуе хаця б выканання мінімальных гарантыяў, напрыклад, наяўнасць абаронцы, магчымасць накіроўваць касацыйныя скаргі, прымяненне гэтай меры пакарання за самыя цяжкія злачынствы.
“Грамадскасць канешне грае сваю ролю, аднак, паступовы адказ ад выканання смяротных прысудаў безумоўна з’яўляецца важным”, - заключыў Крыстаф Хейнс.
Акрамя гэтага ён узгадаў пра пераслед палітыкаў і праваабаронцаў, у прыватнасці пра высылку праваабаронцы Алены Танкачовай:
“Інфармацыя, якую мы маем, указвае на тое, што было прынятае судовае рашэнне, но мы не зусім разумеем, як чынам яна парушыла грамадскі парадак. Мяркуючы па ўсім, афіцыйная прычына заключалася ў абвінавачванні яе ў перавышэнні хуткасці”.
Старшыня Камітэта па правах чалавека ААН Юваль Шані засяродзіўся на пытаннях свабоды сходаў і свабоды асацыяцыяў.
Аднак найперш ён падкрэсліў, што Камітэту складана зразумець, што маецца на ўвазе пад супрацоўніцтвам:
“На наш погляд, калі дзяржава-удзельніца апавяшчае нас пра тое, што калі мы не прымаем яе пазіцыю пра прымальнасць па разгляду, то яна будзе адмаўляцца ад працягу працэдураў і аддаліцца ад рашэнняў, што яна не будзе прадстаўляць нам юрыдычных аргументаў па зместу індывідуальных паведамленняў. Мы разглядаем гэта як адмову ад супрацоўніцтва, гэта наша пазіцыя”, - канстатаваў Юваль Шані.
Ён узгадаў, што ёсць прыклады таго, як апошнія два гады дзяржава наўпрост не адказвала на прапановы прадставіць інфармацыю ў Камітэт.
Што тычыцца свабоды сходаў, то Камітэт выказаў занепакоенасць у дачыненні да рэжыма выдачы дазволаў на правядзенне мірных сходаў і прапарцыйнасці мераў абмежавання як па часе, так і па месцы правядзення такіх мерапрыемстваў.
Юваль Шані ўзгадаў крымінальную справу Дзмітрыя Паліенка, як прыклад спантаннага мірнага сходу, і прасіў афіцыйную дэлегацыю пракаментаваць абставіны яго затрымання і ўмовах утрымання.
Ён таксама ўказаў на прэвентыўныя затрыманні падчас сакавіцкіх падзеяў 2017 года, масавыя арышты, якія мелі месца, і гвалтоўныя дзеянні з боку супрацоўнікаў міліцыі пры разгоне мірнага сходу, а таксама, што з 177 пратэстоўцаў, што былі асуджаныя, далёка не ўсе мелі доступ да абароны. Усё гэта ставіць пытанне перад Камітэтам аб справядлівым судовым разбіральніцтве.
Юваль Шані закрануў і пытанне свабоды асацыяцыяў, у прыватнасці нерэгістрацыю ПЦ “Вясна”, арганізацыі “Лампада” і "Пакт".
“Я быў бы ўдзячны за далейшыя тлумачэнні, чаму “Вясна” не змагла зарэгістравацца?
Таксама ёсць арганізацыя пад назвай “Пакт”. Даволі парадаксальна, таму што гэтая арганізацыя займаецца рэалізацыяй заключэнняў Камітэта, аднак яна не змагла зарэгістравацца ў 2014 годзе. І тут пэўны заганны цыкл фарміруецца: мы як правіла абапіраемся на грамадзянскую супольнасць, якое мы разглядаем як рухавік, які садзейнічае рэалізацыі правоў чалавека. Калі грамадзянская супольнасць не мае магчымасці законна весці працу па прасоўванні правоў чалавека, такім чынам, вы не ствараеце ўмоваў грамадзянскай прасторы, ў якой фарміруюцца ўмовы, што задавальняюць іх працу”, - сказаў старшыня КПЧ ААН.
Аднак у другім раўндзе адказаў на пытанні Юры Амбразевіч даволі ясна даў зразумець сябрам Камітэта, што падрабязную інфармацыю па зададзеных пытаннях яны наўрад ці атрымаюць.
"Мы ўдзячныя за высокую цікавасць і глыбокія веды ў беларускай рэальнасці, якія дэманструюць паважаныя сябры Камітэта, але хочам падкрэсліць некалькі момантаў, якія напэўна вам, паважаныя спадары-сябры Камітэта, не спадабаюцца.
Мы зыходзім з таго ў нашай сённяшней працы, што індывідуальныя выпадкі, якія вы неаднаразова згадвалі і прыводзілі прозвішчы, не з'яўляюцца прадметам нацыянальнага дакладу, які мы прадставілі. І адпаведна, мы таксама зыходзім з таго, што індывідуальныя выпадкі не з'яўляюцца прадметам разгляду сесій Камітэта сёння.
Мы вельмі просім не выкарыстоўваць у вашых выказваннях «канстатуючыя фармулёўкі», якія сцвярджаюць аб наяўнасці у Рэспублікі Беларусь: палітычных зняволеных, фактах прымусовага псіхіятрычнага лячэння, фактах прэвентыўных адвольных затрыманняў, фактах прымусовай працы, выкарыстання непрапарцыйных сілаў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. Гэта ўсё адносныя асобасныя ацэначныя фармулёўкі. Просім паважаць нашы падыходы ў гэтым пытанні", - сказаў кіраўнік беларускай дэлегацыі.
Іншыя прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі ў сваіх адказах збольшага спасылаліся на статыстыку і нібыта дасканальнасць заканадаўчай сістэмы Беларусі.
Нагадаем, у першай палове 8га кастрычніка вусныя тэзісы сваёй Альтэрнатыўнай справаздачы да сябраў КПЧ данеслі прадстаўнікі кааліцыі праваабарончых арганізацый Беларусі.