viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Як прымусіць улады выконваць рэкамендацыі КПЧ – незразумела

2018 2018-10-15T16:34:29+0300 2018-10-16T07:47:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanov-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч на 124-й сесіі Камітэта ААН па правах чалавека

Валянцін Стэфановіч на 124-й сесіі Камітэта ААН па правах чалавека

Пасля прадастаўлення альтернатыўнай справаздачы на 124-ай сесіі ў Камітэце па правах чалавека ААН юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч падзяліўся сваім уражаннем адносна пазіцыі афіцыйнай дэлегацыі і думкамі наконт склаўшайся сітуацыі.

Якая пазіцыя афіцыйных ўладаў Беларусі?

Склалася вельмі неадназначная сітуацыя. З аднаго боку, улады адсправаздачыліся за 20 гадоў у Камітэце па правах чалавека. І гэта добра. Раней афіцыйны бок гэтага не рабіў увогуле і прапускаў перыядычнасць падачы дакладаў. Тое, што за апошнія гады ўлады справаздачацца ў дагаварных органах і зараз не маюць запазычанасцяў перад імі – вітаецца намі.

Але з іншага боку, тое, што мы пачулі ў Камітэце, калі слухаўся афіцыйна даклад, з’яўляецца ў пэўным сэнсе выклікам - афіцыйныя ўлады заявілі  з высокіх трыбун, што рашэнні камітэта па індывідуальных зваротах і ўсе працэдуры Камітэта яны выконваць не будуць. І гэта выклік не толькі для самаго Камітэта, але і для беларускай праваабарончай супольнасці.

Там да таго кіраўнік дэлегацыі Юрый Амбразевіч дагаварыўся, што нацыянальнае права Беларусі прэвуалюе над міжнародным. І ўвогуле сам тон тон афіцыйнай дэлегацыі вар’іраваўся ад цынічна-грэблівага да зусім хамскіх паводзінаў некаторых сябраў дэлегацыі, якія нібыта забываліся дзе яны знаходзяцца.

Пры гэтым улады лічаць, што яны супрацоўнічаюць з КПЧ, і падаецца, што галоўная іх задача заключаецца ў справаздачнасці. Гэта і ёсць дэманстрацыя супрацоўніцтва па іх меркаванню. Ніхто зараз не можа ўлады Беларусі папракнуць у не супрацоўніцтве, якія паўсюль дасылаюць свае справаздачы: у Камітэт супраць катаванняў, Камітэт супраць расавай дыскрымінацыі і Камітэт супраць дыскрымінацыі жанчын, у наступным годзе будзе прадстаўлены даклад у Камітэт па сацыяльных, эканамічных і культурных правах.

Але Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах - гэта не пра справаздачнасць, а пра тое, што яго палажэнні мусяць выконвацца ў краіне, якая яго ратыфікавала, і забяспечвацца рэалізацыя тых нормаў, што ў ім ёсць. А гэта іншы, больш складаны бок.

Што рабіць грамадзянам, чые правы былі парушаныя дзяржавай?

Ёсць два варыянты: працягваць накіроўваць індывідуальныя звароты ці перастаць гэта рабіць.

З аднаго боку, калі ўлады не ўлічваюць меркаванні Камітэту, то нібыта губляецца сэнс такіх зваротаў. Аднак афіцыйны бок запэўніў, што яны вывучаюць індывідуальныя звароты, па якіх прымаюцца рашэнні Камітэтам.

З іншага боку, Беларусь на дадзены момант у лідарах па колькасці зарэгістраваных зваротаў у свеце. Калі працягваць накіроўваць у КПЧ індывідуальныя звароты – гэта свайго роду актуалізацыя тых праблемаў з правамі чалавека, якія сёння існуюць у Беларусі.

Што праваабаронцы думаюць наконт склаўшайся сітуацыі?

Атрымліваецца, што Беларусь фактычна адмаўляецца ад супрацоўніцтва з Камітэтам ААН, і гэта азначае што сістэма, якую праваабаронцы тут спрабавалі выкарыстоўваць і выкарыстоўваюць – неэфектыўная.

Гэта тое, што патрабуе цяпер нейкага абмеркавання і асэнсавання. Наколькі эфектыўна пісаць у Камітэт шматлікія звароты?

І што на практыцы? На практыцы - нічога. Артыкул Канстытуцыі, які гарантуе нам права звяртацца ў міжнародныя органы ў выпадку парушэння нашых правоў, нівелюецца, бо атрымліваецца, што такое права нам гарантавана, але ўлады выконваць рашэнні гэтых самых міжнародных органаў не збіраюцца.

І зараз будуць дадзеныя рэкамендацыі Камітэта па правах чалавека ААН для Беларусі, і было б ідэальна, каб улады пры падрыхтоўцы міжведамаснага плана па правах чалавека на наступны перыяд гэтыя рэкамендацыі ўлічылі. Калі рэкамендацыі ўсіх Камітэтаў, дзе Беларусь ужо прадставіла свой даклад, сабраць разам - атрымаецца праваабарончы парадак дня, бо яны адлюстроўваюць самыя актуальныя праблемы, што на сёння ёсць. 

Але ці будзе гэта так? Праваабаронцы наўрад ці на ўлады як-небудзь паўплываюць. Урад адказны за рэалізацыю правоў чалавека ў краіне, і як яго прымусіць улічваць рэкамендацыі Камітэта і нешта з імі рабіць – цяжка зразумець. Застаецца толькі спадзявацца, што яны неяк усё ж будуць улічаныя.

У дадзенай сітуацыі ідэальна было б, каб быў нейкі рух – каб рэкамендацыі нейкім чынам уладамі прымяняліся і імплементаваліся ў рэальнае жыццё. Пакуль што гэтага няма.


Нагадаем, 8-9 кастрычніка ў Жэневе адбывалася 124-й сесія Камітэта ААН па правах чалавека, на якой афіцыйны ўрад і кааліцыя праваабарончых арганізацый прадставілі свае справаздачы. Упершыню за 20 гадоў афіцыйныя ўлады накіравалі справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў Камітэт правоў чалавека ААН. Задача ж, якую перад сабой ставіла кааліцыя праваабарончых арганізацый — даць сваё альтэрнатыўнае бачанне таго, што адбываецца ў сферы правоў чалавека ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства