Актывіст Мікалай Чарнавус-малодшы шукае абароны ў КПЧ ААН
Восьмага лістапада актывіст з Баранавічаў, юрысконсульт Мікалай Чарнавус-малодшы пасля безвыніковай барацьбы за свае правы ў беларускіх судах падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Скарга тычыцца парушэння яго права свабодна выказваць сваё меркаванне. Так, 6 лютага 2017 года Мікалай Чарнавус-малодшы разам з іншымі грамадзянамі прыйшоў да будынка Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах у Баранавічах, каб перадаць подпісы жыхароў горада за адмену Дэкрэта №3 і сабраць дадатковыя подпісы.
Праз некаторы час ён даведаўся, што на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч.2 арт.23.34 КаАП РБ. А далей, 20 сакавіка, суддзя баранавіцкага суда Аксана Копач прызнала Чарнавуса вінаватым у правапарушэнні і аштрафавала яго на 25 базавых велічыняў (575 рублёў). Мікалай Чарнавус абскардзіў штраф у Брэсцкі абласны суд, аднак рашэнне раённага суда засталося нязменным. Цяпер актывіст вырашыў звярнуцца ў міжнародны орган для абароны сваіх правоў.
Праваабаронцы ПЦ "Вясна" з Баранавічаў Сяргей Гоўша і Аляксандр Вайцешык, якія дапамагалі Чарнавусу з падачай скаргі ў КПЧ, адзначаюць, што пераслед за збор подпісаў груба парушае права грамадзян на мірныя сходы, замацаванае ў арт. 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Нагадаем, што скаргу, якая тычыцца таго ж інцыдэнту, у траўні ў Камітэт па правах чалавека ААН падаў бацька Чарнавуса-малодшага - Мікалай Чарнавус.