Працэс па справе праваабаронцы Аюба Ціціева падыходзіць да заканчэння
Пасля допыту ў агульнай складанасці амаль ста сведак абвінавачвання і абароны, 19 і 20 лістапада даваў паказанні сам Аюб Ціціеў. Як паведамляе ПЦ "Мемарыял", яго пазіцыя была вядомая з самага пачатку і не змянялася, але некаторыя важныя дэталі прагучалі на судзе ўпершыню.
Справа разглядаецца пад старшынствам суддзі Мадзіны Зайнетдзінавай. Абарону Ціціева на пасяджэнні ажыццяўляюць адвакаты Пётр Заікін, Марына Дубровіна і Ілля Новікаў. Абвінавачванне падтрымліваюць пракурор Курчалоеўскага раёна Джабраіл Ахматаў і супрацоўнік рэспубліканскай пракуратуры Мілана Байтаева.
На пасяджэнні Аюб Ціціеў падрабязна распавёў пра тое, як яго двойчы затрымлівалі 9 студзеня і двойчы падкідвалі ў машыну пакет марыхуаны, паколькі ў першы раз ніхто нават не паклапаціўся выклікаць панятых і скласці пратакол; як начальнік курчалоеўскага крымінальнага вышуку Джабраілаў пагражаў яму арыштам сына, патрабуючы прызнальных паказанняў; як той жа Джабраілаў потым двойчы настойліва выклікаў яго з кабінета, дзе бралі аналізы з рук (у выніку на змывах з далоняў Аюба Ціціева экспертыза выявіла сляды наркотыкаў, а на зрэзах пазногцяў, якія цяжэй хутка падмяніць - не).
Публіка ў зале вельмі ажывілася, калі праваабаронца пераказваў падрабязнасці няўдалай спробы апазнання яго Басхановым. Басханоў меў у Чачні дзве судзімасці па 228 артыкуле і ніводнага дня рэальнага пазбаўлення волі. 4 студзеня, калі Ціціеў прыязджаў на доўгіх выходных у офіс Мемарыялу ў Грозным, Басханоў стаяў на лесвіцы ў пад'ездзе і быццам бы чакаў яго. У той дзень нічога не адбылося, але пасля арышту Ціціева Басханова прывялі, каб той апазнаў яго як чалавека, якога ён бачыў, калі той курыў марыхуану проста на вуліцы. Апазнанню перашкодзіў стан Басханова - у Ціціева і ў адваката Заікіна склалася моцнае ўражанне, што той быў пад рэчывамі. Увайшоўшы ў кабінет, ён упёрся ілбом у сцяну, потым доўга глядзеў на Ціціева і так нічога і не змог сказаць. На Басханове былі разбітыя чаравікі, выпацканыя штаны і куртка Moncler дзесьці тысяч за 100 расійскіх рублёў.
Пасля знайшліся людзі, якія сядзелі тады ў студзені ў сернаводскім ІЧУ, па словах якіх, Басханава ў той час трымалі там жа. Наогул падобна, што яго прывезлі ў Курчалой на апазнанне, апранулі ў куртку опера, каб надаць трохі таварны выгляд, і далі праглынуць таблетку, але гэта ўсё роўна не дапамагло. На наступны дзень пасля няўдалага апазнання, следчы, які яго праводзіў, быў пераведзены ў ранг сведак, і на допыце, і на вочнай стаўцы распавядаў, што гэта па яго нядбайнасці ў пратаколе не адлюстравана, што Басханоў Ціціева на самай справе апазнаў. У былога следчага пры гэтым была гематома на палову твару.
Самае важнае, што 19 лістапада сказаў Ціціеў, і што раней не давалі сказаць нікому са сведкаў-праваабаронцаў, перарываючы іх і паказваючы, што "гэта не адносіцца да справы", - што на чачэнскі Мемарыял будзе атака і што мэтай будзе асабіста Ціціеў, было вядома яшчэ са снежня 2017. Аюб Ціціеў быў адзіным чалавекам, з кім родныя зніклых па "справе 27" згаджаліся размаўляць. Пасля жорсткай заявы "Лорда" Даўдава ўсе, хто займаўся гэтай справай, разумелі, што нешта здарыцца. 9 студзеня, у першы працоўны дзень Ціціеў збіраўся абвясціць супрацоўнікам Мемарыялу, што з прычыны небяспекі кожны з іх павінен падумаць пра сябе, і магчыма ім варта сысці. У Грозны ён не даехаў, яго затрымалі на выездзе з Курчалоя, а ў мемарыяльскі офіс потым сапраўды падкінулі цыгарэты з марыхуанай, хоць так і не адважыліся нікому персанальна іх прад'явіць. Праца Мемарыялу і расследаванне "справы 27" з арыштам Ціціева прыпыніліся.
Ціціеў працягнуў даваць свае паказанні 20 лістапада. У ходзе пасяджэння ён распавёў пра сваю праваабарончую працу ў Чачні, пра пагрозы і варожыя акцыі, якія паступалі яму, аб прынятых мерах бяспекі. Таксама былі распрацаваныя правілы паводзінаў у выпадку затрымання, але 9 студзеня, адзначыў Аюб, прытрымлівацца пратаколу было складана, таму што ўсё было жорстка.
12 студзеня Аюб напісаў заяву, у якой паведамляе, што вінаватым сябе не прызнае, а калі якім-небудзь чынам прызнае віну - гэта будзе азначаць, што яго прымусілі агаварыць сябе шляхам фізічнага ўздзеяння або шантажом. Аюб адзначыў, што для такой заявы былі ўсе падставы, але паведаміць падрабязнасці адмовіўся, таму што звязаны абяцаннем з іншым чалавекам.
Апошні год Аюб працаваў са сваякамі зніклых і як мяркуецца, забітых па «справе 27-мі». Аюб браў у людзей заявы, перадаваў іх калегам, збіраў інфармацыю, нешта змяшчалася на сайце, нешта ў архіве.
Далей Аюб адзначыў, што ён - чалавек глыбока веруючы, а наркотыкі і алкаголь забароненыя ісламам, і ён нават не мае зносінаў з тымі, хто ўжывае наркотыкі.
Затым паўстала пытанне пра рэчы Ціціева, якія зніклі пасля яго затрымання. Усяго ў заяве на імя следчага Хадукаева былі згаданыя 22 найменні, але пра нейкія рэчы ён мог забыцца. Самае важнае, на думку Аюба, - пісталет, тэлефоны, планшэт, электрашокер, фотаапарат, дыктафон, ключы. Да азнаямлення з рэчдоказамі Аюб чакаў, што ўсе канфіскаваныя ў яго прадметы будуць сярод рэчыўных доказаў, але там іх не аказалася, і 16 траўня, адразу пасля азнаямлення з рэчавымі доказамі, Аюб падаў заяву. Аднак апытання па заяве аб згубе рэчаў так і не было.
Пасля гэтага Аюб Ціціеў распавёў аб працы зводнай мабільнай групы (ЗМГ) праваабаронцаў у Чачні, створанай пасля забойства Наталлі Эстэміравай, аб падпале офіса ЗМГ, што ЗМГ перастала працаваць у Чачні пасля нападу на Ігара Каляпіна ў Грозным.
Адвакат Ілля Новікаў адзначыў, што Аюба Ціціева фактычна абвінавачваюць у тым, што ён, праявіўшы нядбайнасць і не чакаючы праверкі паліцыі, вёз з сабой забароненыя прадметы.
Праваабаронца адзначыў, што ва ўмовах пастаяннага ціску з боку мясцовых уладаў было б глупствам вазіць у аўтамабілі наркотыкі і ўзгадаў два эпізоды расправы з дапамогай падкіду наркотыкыў з крытыкамі рэжыму Русланам Кутаевым і Жалаўдзі Герыевым.
На думку Аюба, ганебнае абвінавачванне, якое яму прад'явілі, мае на мэце дыскрэдытаваць праваабарончую працу ў Чачні і прымусіць "Мемарыял" закрыць прадстаўніцтва ў рэспубліцы. Апошняга дамагчыся атрымалася - пасля арышту Аюба офіс у Грозным быў зачынены.
Абарона заявіла хадайніцтва аб змене меры стрымання для Аюба на асабістае даручальніцтва. У якасці паручыцеляў выступілі Святлана Аляксееўна Ганушкіна і Рыгор Аляксеевіч Яўлінскі.
Святлана Ганушкіна распавяла, што ведае Аюба Ціціева з 2001 года, працавала з ім у Камітэце «Грамадзянскае садзейнічанне» і «Мемарыяле». Аюб - надзейны, сумленны чалавек. Яна распавяла аб праекце дапамогі жыхарам Чачні, якія адбываюць пакаранне за межамі рэспублікі, Аюб быў супрацоўнікам гэтага праекта. Акрамя таго, адзначыла Ганушкіна, Аюб не раз выязджаў з Расіі і мог бы застацца за мяжой, але не стаў гэтага рабіць.
«Нікуды ён не сыдзе, гэта яго праца, ён прыйдзе ў суд і гэтую працу скончыць», - заявіла Святлана Ганушкіна.
Адвакат Пётр Заікін, падтрымліваючы хадайніцтва, адзначыў, што матэрыялы справы знаходзяцца ў судзе і ўсе сведкі ўжо дапытаныя, таму матывіроўка дзяржабвінавачання, што Аюб Ціціеў зможа аказаць на іх ціск, ужо неактуальная. Адвакат Ілля Новікаў дадаў, што ўсе папярэднія арышты прызначалі і працягвалі на адных і тых жа прававых падставах. Цяпер абставіны змяніліся і бок абароны чакае новае абгрунтаванне.
Дзяржабвінавачанне папрасіла час, каб падрыхтаваць пазіцыю па хадайніцтве.
Наступнае паседжанне прызначанае на 26 лістапада 2018 года.