viasna on patreon

Палітвязень Жамчужны: Спадзяюся, чарговая ізаляцыя ў ШІЗА будзе нядоўгай

2019 2019-06-10T11:09:33+0300 2019-06-10T14:29:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhamchuzny_sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны ў судзе.

Міхаіл Жамчужны ў судзе.

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік атрымаў чарговы ліст ад палітычнага зняволенага Міхаіла Жамчужнага, паведамляе "Віцебская Вясна". У лісце з горацкай калоніі палітвязень піша, што 21 траўня ў яго завяршыўся трохмесячны тэрмін ПКТ, а наперадзе яго чакаюць 2-3 месяцы ШІЗА. Ён асцерагаецца, што з-за гэтага перапіска можа зноў ускладніцца.

Жамчужны паведамляе калегам, што працягвае звяртацца ў Горацкі раённы і Магілёўскі абласны суды, каб адмяніць усе спагнанні, вярнуць дзяржпошліны, грошы за паслугі адвакатаў і маральную шкоду. Пакуль што гэта ў яго атрымліваецца дрэнна, бо сутыкаецца з процідзеяннем судоў і адміністрацыі калоніі.

“Адмаўляючы законнасць усіх пакаранняў, накладзеных на яго адміністрацыяй калоніі, і абскарджваючы іх у судах, Міхаіл Ігаравіч прыняў, на мой погляд, адзіна слушны спосаб абароны ад неабгрунтаваных і дыскрымінацыйных прэтэнзій з боку кіраўніцтва калоніі. Калі ён і надалей будзе весьці сваю абарону падобным чынам, то ўрэшце рэшт даможацца свайго”, – лічыць праваабаронца Леанід Свецік.

Змагаецца не толькі за сябе

“Адміністрацыя адмовіла мне ў прадастаўленні ў суд копій дакументаў з маёй асабістай справы. Але яна дала права праз суд запатрабаваць гэтую службовую інфармацыю, чым я паспяхова скарыстаўся для сваёй абароны”, – дзеліцца досведам барацьбы за свае правы Жамчужны.

У той жа час зняволены праваабаронца займаецца абаронай не толькі сваіх прыватных інтарэсаў. Ён заклапочаны пераўладкаваннем усёй сістэмы адбыцця пакарання ў нашай краіне, лічачы неабходным разбурыць манаполію МУС у гэтай дзяржаўнай сферы.

“У супрацоўніцтве з заслужаным юрыстам Беларусі, доктарам юрыдычных навук прафесарам Міхаілам Пастуховым распрацавалі план перападпарадкавання Дэпартамэнта выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі, мэдчастак калоній – Міністэрству аховы здароўя, навучальных установаў (ПТВ, тэхнікумаў, ВНУ і бібліятэк) – Міністэрству адукацыі. Для гэтага сабралі подпісы і ўжо накіравалі іх для разгляду ў Палату Прадстаўнікоў, – піша Міхаіл Жамчужны.

Напрыканцы свайго кароткага ліста палітвязень дзякуе ўсім неабыякавым людзям за падтрымку ў “цяжкі пэрыяд жыцьця”, за клопат і ўвагу. “Спадзяюся, што чарговая ізаляцыя ў ШІЗА будзе нядоўгай”, – заканчвае ліст зняволены праваабаронца. 


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства