viasna on patreon

Права на прытулак павінна быць у кожнага. У свеце адзначаецца Дзень бежанцаў

2019 2019-06-20T13:29:05+0300 2019-06-20T18:32:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bezhenka.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У 2000 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла 20 чэрвеня Сусветным днём бежанцаў (Word Refugee Day). Падставай для гэтага паслужыла 50-я гадавіна Канвенцыі пра статус бежанцаў. Дагэтуль многія краіны і рэгіёны адзначалі ўласныя памятныя дні і нават тыдні, прысвечаныя ім. Адзін з самых вядомых — Дзень афрыканскіх бежанцаў, які таксама адзначаецца 20 чэрвеня. Афрыканскі саюз пагадзіўся з тым, каб іх Дзень бежанцаў супаў з Сусветным.

Ілюстратыўнае фота.
Ілюстратыўнае фота

Бежанцы і мігранты

Неабходна адрозніваць паміж сабой бежанцаў і мігрантаў. Бежанец — гэта той, хто вымушаны пакінуць краіну свайго паходжання ў выніку ваеннага канфлікта альбо сістэматычнага парушэння правоў. Мігрант — гэта той чалавек, які адмыслова абірае такі шлях. У адрозненні ад мігранта бежанец заўсёды патрабуе дадатковай абароны.  Ён павінен прайсці пэўныя працэдуры, каб атрымаць статус бежанца, з якім з’яўляюцца дадатковыя гарантыі, матэрыяльная і прававая дапамога. Такім чынам, паняцці “бежанец”  і “той, хто мае статус бежанца” адрозніваюцца тым, што ў другім выпадку існуе юрыдычнае замацаванне з боку дзяржавы.

Прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі Жан-Іў Бушардзі паведамляе

"Толькі ў мінулым годзе 895 асобаў звярнуліся за прадастаўленнем абароны ў Беларусі. Большасць з іх — грамадзяне Украіны, Афганістана і Сірыі. Гэта прыкладна на 150 чалавек больш з пункту гледжання новых заяўнікаў у параўнанні з 2017 годам”.

Згодна з інфармацыяй Міністэрства унутраных спраў, Беларусь у 2019 год плануе прыняць 900 чалавек. Эніра Браніцкая, каардынатарка напрамку па абароне правоў замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства Human Constanta, падкрэслівае, што людзей за статусам бежанца ў Беларусі звяртаецца ў тры-чатыры разы больш, чым прадугледжана планам МУС.

“З украінцамі іншая сітуацыя: тое, што называецца дадатковая абаронай, — дадае Эніра Браніцкая. — Гэты статус азначае, што ў дадзены момант чалавеку патрэбна дапамога, а праз год ужо можа быць не, у адрозненні ад статуса бежанца, які даецца назаўсёды. Беларусь не тое, каб прызнае канфлікт ва Украіне, не кажа, што гэта вайна. Але Беларусь прызнае нейкую праблему ў рэгіёне і таму распрацавала статус дадатковай абароны для людзей адтуль, і яго патрэбна кожны год працягваць”.

Чаму Беларусь імкнецца прымаць бежанцаў?

“Існуюць міжнародныя стандарты, і гэта абавязак дзяржавы — падтрымліваць тых, хто ў бядзе. Ёсць некалькі Канвенцый па бежанцах, і наша краіна таксама некалькі з іх падпісала. Гэта імідж краіны. Беларускі закон па бежанцах нават не дрэнны, але практыка горшая, чым закон. Лічбы базуюцца на рэальнай сітуацыі, колькі бежанцаў звяртаюцца за афіцыйным статусам. Беларусь не прывабная краіна для бежанца, і таму гэтыя лічбы нізкія. Ёсць правіла першай краіны, і гэта азначае, што бежанец просіць прытулку ў тэрытарыяльна першай бяспечнай краіне. Але многія імкнуцца ў Еўропу”, — распавядае праваабаронца Эніра Браніцкая.

Транзітныя бежанцы ў Беларусі

Некаторыя бежанцы (часцей за ўсё з Каўказскага рэгіёна) не могуць застацца ў Беларусі, якая не мае фактычнай транзітнай мяжы з Расеяй, бо ў гэтым выпадку іх бяспека застаецца пад пагрозай з-за магчымых спрошчаных экстрадыцый і выкраданняў людзей. Каля 89% бежанцаў, якія зараз знаходзяцца ў Берасці, гэта чачэнцы. Сярод іх шмат жанчын з дзецьмі. Яны бягуць у тым ліку ад хатняга гвалту, бо сістэма абароны правоў жанчын, на жаль, у Чачні не працуе. У цэлым насельніцтва бяжыць ад чачэнскага канфлікту.

Вось гісторыя аднаго з бежанцаў, які апынуўся ў Берасці:

"Мне прыйшла позва, але я не пайшоў у аддзяленне. Мяне ўсё роўна забралі, трымалі дзесяць дзён і білі доўга. Казалі, каб я падпісаў дакументы і працаваў на іх. Але калі я стану асабістай аховай, яны будуць казаць, што мне трэба рабіць. І калі трэба забіваць чалавека, прыйшлося б яго забіваць. Таму я збег сюды».

Бежанцы з Берасця спрабуюць трапіць у Польшу, каб атрымаць там статус бежанца. Часцей за ўсё польскія памежнікі ім адмаўляюць.

“Нельга зафіксаваць сярэднюю колькасць спробаў уезду, — адзначае Юлія Стасюк, каардынатарка Берасцейскага офіса Human Сonstanta. — У сярэднім, гэта 5-6, але ў нас быў зафіксаваны выпадак, калі чалавек зрабіў 64 спробы. Кагосьці могуць пусціць і першы раз. Але алгарытму, па якім пускаюць памежнікі, няма. Гэта заўсёды латэрэя”.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека гарантуе права на прытулак, што зацверджана ў 14-ым артыкуле.

 1. Кожны чалавек мае права шукаць прыстанак ад пераследу ў iншых краiнах i карыстацца гэтым прыстанкам.
2. Гэта права не можа быць выкарыстана ў выпадку пераследу, сапраўды заснаванага на здзяйсненні непалітычнага злачынства, або дзеяння, што супярэчыць мэтам i прынцыпам Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства