Светлагорскі эка-актывіст звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека Відэа
12 ліпеня светлагорскі эка-актывіст Анатоль Змітровіч звярнуўся з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека, піша Гомельская Вясна. На міжнародным узроўні ён аспрэчвае рашэнні беларускіх судоў з адмовай у правядзенні ў 70-тысячным горадзе мітынгу пратэсту, звязанага з экалагічнай праблемай горада.
У мінулым годзе Анатоль заяўляў у раённым цэнтры пратэсную акцыю, аднак атрымаў адмову. Справа ў тым, што ў горадзе дзейнічае рашэнне, па якім мітынгаваць дазволена ў адзіным месцы - на стадыёне «Папернік». У іншых месцах забаронена, а тыя, хто не паслухаецца ўладу рызыкуюць патрапіць пад санкцыі - буйны штраф або арышт да 15 сутак.
Фактычна ў горадзе на права кожнага аб свабодзе мірных сходаў і публічным выказванні думкі накладзена табу, лічыць мужчына.
«Улада пасылае нас мітынгаваць на стадыён, а калі мы пагаджаемся, аказваецца для нас і там няма месца: у гэтыя дні там нібыта праводзяцца дзіцячыя мерапрыемствы. Іншымі словамі, улада цынічна хаваецца за дзяцей, забараняючы нам, дарослым, услых абмяркоўваць экалагічную праблему горада, звязаную з кітайскім заводам беленай цэлюлозы», - заяўляе Анатоль Змітровіч.
Праваабаронца Леанід Судаленка адзначае, хоць з пачатку года ў сілу ўступілі так званыя «касметычныя» папраўкі ў базавы закон аб масавых мерапрыемствах, якія дазваляюць у некаторых выпадках не прасіць дазвол на правядзенне мірных сходаў, тым не менш сітуацыя ўсё роўна цалкам знаходзіцца пад кантролем чыноўнікаў.
«Вядома, што ў нас забараняецца праводзіць некалькі мерапрыемстваў у адным і тым жа месцы. У Светлагорску такім месцам вызначаны стадыён, на якім нешта праходзіць - калі не трэніроўкі спартсменаў, дык дзіцячыя святы, якія ўлада арганізоўвае, каб не даць сабрацца праціўнікам завода беленай цэлюлозы. Атрымліваецца замкнёнае кола: права ёсць, а рэалізаваць яго немагчыма», - падкрэслівае праваабаронца.
У скарзе ў КПЧ ААН Анатоль Змітровіч акрамя ўстанаўлення парушэнняў яго правоў на мірны сход і выказвання меркавання просіць абавязаць беларускі ўрад змяніць базавы закон і рашэнне мясцовых уладаў аб масавых мерапрыемствах такім чынам, каб кожны меў на практыцы магчымасць публічна выступаць у абарону грамадскіх інтарэсаў.
Нагадаем, гэта не першая скарга светлагорскіх эка-актывістаў у Жэневу. 4 лютага бягучага года з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека звярнулася праваабаронца Алена Масклюкова, якая аспрэчвае ў міжнароднай інстанцыі дзве леташніх забароны на пратэсныя акцыі супраць завода беленай цэлюлозы.
Тым часам светлагорскія актывісты працягваюць выступаць супраць выкідаў завода беленай цэлюлозы. Таксама працягваецца ціск з боку праваахоўных органаў на незадаволеных грамадзянаў, якія праяўляюць актыўнасць. Па словах актывістаў, рабочыя папярэджаны на ўзроўні кожнай арганізацыі аб наступствах удзелу ў экалагічнай кампаніі. Свабода слова і абарона экалагічных правоў можа каштаваць людзям працы.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96